Рэха «Magnificat» у Гродне: хрысціянскае дакументальнае кіно мае асаблівую глыбіню |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
27.06.2012 17:09 |
На працягу двух дзён адзін з кінатэатраў Гродна быў перапоўнены — адбываўся паказ дакументальнага хрысціянскага кіно. Гэта быў першы шырокі паказ стужак-лаўрэатаў Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat». Па словах Юрыя Гарулёва, старшыні Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм, «такіх міжнародных культурных падзей, якія збіраюць стужкі на духоўныя тэмы, паказваюць, як чалавек прыходзіць да веры, у свеце не так і шмат». Дакументальныя фільмы, як трапна заўважаецца на Каталіцкім партале Гродзенскай дыяцэзіі, могуць дапамагчы адарвацца ад штодзённасці і зазірнуць у суседнія, а можа, і вельмі далёкія чалавечыя лёсы і гісторыі. Пасля прагляду ўжо трошкі больш ведаеш, чым жывуць людзі за белым мурам гродзенскай турмы і навошта туды ходзіць кс. Казімір Жыліс. Стужка «Дзяўчаты, дзяўчаты» адкрывае, што маленькія дзяўчынкі трапляюць у прытулак пры манастыры найчасцей з праблемных сем’яў. За свой кароценькі век яны ўжо паспелі ўбачыць гора. Імі ў манастыры апякуюцца манахіні, спрабуючы ахінуць іх хрысціянскай любоўю і клопатам. І што цікава: рэжысёр спытаў дзяўчат, кім яны мараць стаць. Большасць дзяўчынак рознага ўзросту выказалася за тое, каб у прафесіі абавязкова служыць людзям. У верасні шэраг стужак-лаўрэатаў хрысціянскага дакументальнага кіно папоўніцца, бо чакаецца новы фестываль — «Magnificat-2012». |