Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Magnificat-2012»: адна з задач кінематографа — евангелізаваць |
Беларусь |
13.09.2012 17:13 |
У Глыбокім завяршыўся VІII Мiжнародны каталіцкі фестываль
хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2012». Сёлета ў конкурсе
прыняла ўдзел рэкордная колькасць кінастужак з Беларусі — 13. Дэбютантамі фестывалю сталі Азербайджан і Бельгія. З меркаваннем Юрыя Гарулёва пагаджаецца і старшыня журы пісьменніца Крыстына Лялько: «Сапраўднай адметнасцю сёлетняга фестывалю сталі фільмы з моцным хрысціянскім і духоўным складнікам, з акцэнтам на экуменізм; стужкі пра ахвярных пастыраў, сапраўдных пакутнікаў за веру; фільмы, якія ўздымалі сур’ёзныя праблемы, над якімі мог паразважаць глядач. Варта зазначыць, што фестываль атрымаўся па-сапраўднаму арганічным — у ім прынялі ўдзел шмат цікавых і паважаных людзей, хрысціянскіх творцаў, якія даказалі, што хрысціянская дакументалістыка жыве і развіваецца». «Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, падчас відэазвароту да ўдзельнікаў І Кангрэса каталіцкіх СМІ ў Беларусі нагадваў, што „новыя тэхналогіі павінны быць прыладай у працэсе евангелізацыі“. Сёлетні фестываль пацвердзіў: адным з такіх сродкаў якраз і з’яўляецца кінематограф. Хацелася б пажадаць, каб гэтая прылада станавілася ўсё больш і больш дасканалай», — дадала старшыня журы. Гран-пры фестывалю «Magnificat -2012», па рашэнню журы, атрымаў дакументальны фільм «Драўляны народ» («Беларусьфільм»). Аўтар сцэнарыя — Віктар Аслюк. Фільм распавядае пра адзінага жыхара вёскі ў Белавежскай пушчы Мікалая. Мужчына «ўваскрасіў» сваіх аднавяскоўцаў, зрабіўшы сотні драўляных фігурак і ўвасобіўшы ў іх чалавечае жыццё. «Яго маленькія персанажы працуюць, бяруць шлюб, нараджаюць дзяцей, разыходзяцца, п’юць ды паміраюць. У гэтым маленькім грамадстве нават бомба атамная ёсць, яна і пагражае існаванню мініяцюрнага чалавецтва. А Мікалай так і жыве сабе: працуе ў полі падобна продкам ды размаўляе са сваімі маленькімі чалавечкамі», — так коратка быў акрэслены сюжэт фільма. Прыз за лепшы дакументальны фільм прысудзілі стужцы «І без аднаго дрэва лес застаецца лесам» («KATARAMAN», Польшча). Аўтар сцэнарыя і рэжысёр — Дагмара Джазга. «Лепшай тэлевізійнай праграмай» была названа праца «Эпітафія могілкам» («Коллекция Иннокентия Иванова», Расія) рэжысёраў Інакенція Іванова і Марыяны Біруковай. Лепшым анімацыйным фільмам прызналі фільм «Птах» рэжысёра Аляксандра Ленкіна («Беларусьфільм»). Аўтары сцэнарыя — Аляксандр Ленкін і Сяргей Кацьер. Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў дакументальны фільм рэжысёра Вольгі Дашук «Кінааматар. Восеньскі сон» («Беларусьфільм»). Ілья Лапато |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.