Не прамініце адкрыццё фестывалю «Magnifіcat» |
Беларусь |
02.09.2011 17:13 |
6 верасня 2011 г. у Мінску адбудзецца адкрыццё VII Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat». Цырымоніі ўрачыстага адкрыцця будзе папярэднічаць святая Імша ў архікатэдральным касцёле (пл. Свабоды, 9), якая распачнецца ў 11.00. Наступныя дні, 7–10 верасня, фестываль будзе праходзіць у Глыбокім, Удзеле, Мосары, Івесі. Фестываль «Magnificat» у сёмы раз збярэ сваіх удзельнікаў на прагляд прац майстроў кіно і тэлебачання з розных краін свету. «З кожным годам, — сцвярджае Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, — пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў і тэматыка, што пацвярджае яго актуальнасць». У сваім звароце да ўдзельнікаў фестывалю арцыпастыр адзначае, што «Касцёл з надзеяй і адначасова з трывогай успрымае сучасныя тэндэнцыі развіцця мастацтва, у тым ліку кінематаграфіі і тэлебачання». «Ён стараецца выкарыстоўваць іх як інструмент евангелізацыі, абароны хрысціянскіх каштоўнасцей і іх распаўсюджвання. У той жа час сучасныя кіна- і тэлепраграмы, на жаль, вельмі часта носяць зусім іншы характар. Як шмат там насілля, уседазволенасці і прапаганды амаральнага жыцця! Усё гэта сведчыць аб тым, што сучаснае кіно і тэлебачанне з’яўляюцца новымі арэапагамі, з якіх трэба абвяшчаць Евангелле», — адзначаецца ў звароце іерарха. Сапраўдным спаборніцтвам творцаў назваў фестываль біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін: «Гэта сапраўднае спаборніцтва творцаў, якія вачыма, сэрцам і хрысціянскаю душою глядзяць на створаны Богам свет і прагнуць паказаць яго гледачам. Гэта рэдкая нагода, каб на працягу некалькіх дзён і ў адным месцы ўбачыць столькі цікавых фільмаў». Праграму фестывалю глядзіце на сайце www.signis.by. |