Хрысціянскі фестываль у Гомелі аб’яднаў католікаў, праваслаўных і пратэстантаў |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
31.07.2012 12:01 |
28–29 ліпеня на манастырскім падворку ў вёсцы Церуха Гомельскага раёна прайшоў міжканфесійны хрысціянскі фестываль «Хрыстус сярод нас». Ва ўнікальным мерапрыемстве пад адкрытым небам ўдзельнічалі каля 150 вернікаў з праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх Цэркваў, у тым ліку святары, манахі і сёстры законныя. На падворку быў арганізаваны палатачны лагер і палявая кухня. Быццам нябесным благаслаўленнем сталі нечаканыя пырскі дажджу, што сярод гарачага сонечнага дня акрапілі ўдзельнікаў фестывалю проста перад яго адкрыццём. Вернікі гулялі разам у міні-футбол, валейбол, настольны тэніс, дзеці каталіся на надзіманых горках. Увечары гледачы ўбачылі галоўную, музычную частку фестывалю, зладзілі феерверк і запусцілі нябесныя ліхтарыкі. Са сцэны гучалі вершы і песні на рускай, беларускай, украінскай і англійскай мовах, прычым не толькі духоўныя, але і агульна любімыя свецкія кампазіцыі. Ганаровымі гасцямі фестывалю сталі народны хор «Сож» і мінскі гурт «Tesaurus». Ужо познім вечарам, пасля заканчэння афіцыйнай часткі, удзельнікі фестывалю сабраліся вакол вогнішча, пускаючы гітару па крузе. Не абыйшлося і без міжканфесійных дыскусій. Назаўтра свята працягнулася. «У нас, на жаль, захоўваюцца некаторыя рознагалоссі, але самае галоўнае, каб гэтыя рознагалоссі не станавіліся асабістымі. Хай сярод нас будзе Хрыстус!» — падсумаваў сустрэчу галоўны арганізатар фестывалю, праваслаўны іераманах Мікалай Тарасенка. Павел Міцкевіч |