У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца выстава ў гонар Мітрапаліта Антонія Суражскага |
Беларуская Праваслаўная Царква |
19.05.2016 11:07 |
26–28 мая ў межах фестываля «Памежжа» ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адбудзецца адкрыццё выставы «Мітрапаліт Антоній Суражскі. Жыццё для мяне — Хрыстус». У межах выставы, якая пачнецца 26 мая а 17-й гадзіне, пройдзе прэзентацыя беларускага перакладу кнігі Мітрапаліта Антонія Суражскага «Як навучыцца малітве» (27 мая а 19-й гадзіне), а таксама прэзентацыя кнігі А. Філоненкі «Мітрапаліт Антоній Суражскі. Жыццё для мяне — Хрыстус» (28 мая а 11-й гадзіне).
Упершыню выстава «Жыццё для мяне — Хрыстус», прысвечаная дзейнасці Мітрапаліта Антонія Суражскага, была прадстаўлена на Міжнародным культурным фестывалі «Rimini Meeting» (Рыміні, Італія) у жніўні 2015 года. Антоній Суражскі — манах з асяродку расійскіх эмігрантаў, які больш за паўстагоддзя служыў епіскапам у Лондане. Для Заходняй Еўропы ён быў яскравым сведкам глыбіні і прыгажосці праваслаўнага хрысціянства, а ў Савецкім Саюзе — свабодным голасам Царквы. Асноўная задума выставы заключаецца ў тым, каб паказаць шлях Мітрапаліта Антонія як гісторыю паваротных сустрэч у яго жыцці, прапануючы гледачу зірнуць праз гэтую прызму на лёс кожнага чалавека. Над выставай працавала група валанцёраў з Беларусі, Італіі, Расіі і Украіны. У мерапрыемствах прымуць удзел прадстаўнікі «Fondazione Meeting per l'amicizia fra i popoli» (Рыміні, Італія), Нацыянальнага ўніверсітэта імя В.Н. Каразіна і Студыі графічнага дызайну «PanicDesign» (Харкаў, Украіна), Украінскага гуманітарнага выдавецтва «Дух і Літера» (Кіеў, Украіна). Выстава пройдзе па адрасе: г. Мінск, Кастрычніцкая пл., 1 (Палац Рэспублікі), тэлефон/факс: 326 27 12. (MV) |