Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свіслач: аднаўленне законных шлюбаў сясцёр Францішканскага ордэна свецкіх |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
06.12.2010 16:55 |
5 снежня 2010 г., у Другую Нядзелю Адвэнту, у капліцы Міласэрнасці Божай у Свіслачы (філіял квасоўскай парафіі) адбылася вельмі радасная падзея: у 20-ю гадавіну свае законныя шлюбы аднаўлялі тры сястры Францішканскага ордэна свецкіх (Трэці закон св. Францішка): с. Ядзвіга Стэцкевіч, с. Станіслава Санько і с. Зофія Паўлоўская. Пасля прачытання ўрыўка з Евангелля а. Андрэй Шалкевіч OFMConv, Нацыянальны асістэнт Францішканскага ордэна свецкіх і Францішканскай моладзі ў Беларусі, прадставіў кандыдатак, якія адказам «прысутнічаю», пацвердзілі гатоўнасць аднавіць законныя шлюбы. У гаміліі святар падкрэсліў, што свецкія францішкане абавязаны часта чытаць слова Божае, пераходзячы ад жыцця да Евангелля і ад Евангелля да жыцця. Гэты сказ можа быць фундаментальным правілам для кожнага хрысціяніна: частае чытанне Божага слова павінна прыводзіць да ўвядзення біблейскіх ісцін у сваё жыццё; а разуменне жыцця, пошук сапраўднай вартасці «жыццёвых спраў» мы шукаем у Евангеліі. Гэта і ёсць таямніца і ключ да святасці і шчасця. Пасля гаміліі распачаўся акт аднаўлення шлюбаў. Духоўны асістэнт а. Андрэй Шалкевіч OFMConv спытаў у кандыдатак: «Аб чым хочаце прасіць Бога і Касцёл?». Сёстры сказалі, што жадаюць аднавіць законныя шлюбы, якія будуць рэалізоўваць у законнай супольнасці Францішканскага ордэна свецкіх. Святар заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы ў інтэнцыі трываласці сясцёр у пакліканні. Пасля, укленчыўшы, сёстры разам з Сястрой Марыяй Этоль, настаяцельніцай Нацыянальнага кіраўніцтва Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі, прамовілі формулу законных шлюбаў, у якой прысягнулі прытрымлівацца паслухмянасці, чыстасці і ўбоства. Пасля аднаўлення шлюбаў а. Шалкевіч асвяціў францішканскія паясы, статут і Біблію. Гэтыя памяткі сёстрам ўрачыста перадала с. Марыя Этоль. Нагадаем, што ў 1990 г. у занявіцкай капліцы а. Караль прыняў у Францішканскі ордэн свецкіх Ядзвігу Стэцкевіч, Францішку Капчэўскую, Ванду Капчэўскую, Алену Любчынскую і Станіславу Санько. У паўсядзённым жыцці выкарыстоўваюцца таксама іншыя назвы Францішканскага ордэна свецкіх, напрыклад: свецкія францішкане, Свецкі ордэн францішканскі, Трэці ордэн, Ордэн свецкіх, Трэці францішканскі ордэн свецкіх. Павел Леванец |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.