Пасхальны Трыдуум у гродзенскай катэдры 28 сакавіка біскуп Аляксандр Кашкевіч распачаў, як і ва ўсім Каталіцкім Касцёле, святой Імшой Вячэры Пана, што цэлебравалася на ўспамін устанаўлення двух сакрамэнтаў: Эўхарыстыі і Святарства.
Езус, даючы пачатак сакрамэнту Эўхарыстыі, даў апосталам і іх наступнікам уладу над сваім Найсвяцейшым Целам і благаславіў іх да ажыццяўлення Найсвяцейшай ахвяры на святой Імшы. Тым самым Хрыстус паказаў, што не існуе Эўхарыстыі без святарства, гэтаксама як і святарства без Эўхарыстыі.
На пачатку святой Імшы пастыр гродзенскага касцёла зазначыў, што ў гэты дзень мы аддаем пашану святарству Хрыста. Іерарх нагадаў, што святары з’яўляюцца слугамі Эўхарыстыі, а адпраўляючы святую Імшу, яны прыносяць Бога на алтар ў постаці «жывога хлеба, які дае жыццё». Біскуп Кашкевіч заахвоціў усіх прысутных да гарачай малітвы ў інтэнцыі святароў, каб яны заўсёды былі годнымі берагчы Найсвяцейшае Хрыстовае Цела, «удзяляць» яго ў сакрамэнце Камуніі і адначасова аберагаючы Яго.
Літургію слова да прысутных прамовіў кс. Раман Катлімоўскі, які, вяртаючыся да ўрыўку з Евангелля, зазначыў: «Хрыстус сабраў нас на горным Сіёне ў Гродне. Так, як калісьці Ён абмыў апосталам ногі, таксама і тым, хто дазволіў, Езус «абмыў ногіі» і праз канфесіянал, які з’яўляецца "басейнам" Божай Міласэрнасці». Святар разважаў над тым, што Хрыстус, якога ведалі апосталы, абмые ногі кожнаму чалавеку, які дазволіць Яму змыць з сябе бруд гэтага свету.
Далей кс. Катлімоўскі разважаў над сакрамэнтам Эўхарыстыі і святарства. «Праз святарскае жыццё трэба паказваць іншым Езуса. Калі мы, святары, будзем указваць іншым на Езуса, ад нас будзе зыходзіць радасць духу, аптымізм і слова, здольнае пранікаць у чалавечыя сэрцы і змяняць жыццё людзей».
Ішла таксама гаворка аб запрашэнні Хрыста ў жыццё кожнага святара. «Неабходна, каб Хрыстус узмацняў нас сваім духам, каб у нас не «дрыжала» рука падчас кансэкрацыі і ў працэсе раздавання вернікам святой Камуніі, бо гэта — Яго святыя рукі».
Звяртаючыся да сем’яў, святар заахвоціў іх «ствараць» Хрыстовыя святыні ў сваіх сем’ях, бо «Касцёл пачынаецца ад кожнай сям’і і менавіта там Хрыстус кліча да святарства і закону».
Святар заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі святароў, каб ніколі ў свеце не было недахопу захавальнікаў Божых таямніцаў, а таксама каб тыя, каго Бог паклікаў, «былі радаснымі сведкамі Хрыста».
Карыстаючыся нагодай, святар падзякаваў вернікам за тое, што на вуліцах і ў іншых публічных месцах у сваім паўсядзённым жыцці яны, сустракаючы духоўных асобаў, вызнаюць сваю веру праз хрысціянскае прывітанне. Кс. Юрый Марціновіч
|