Медыкі Гродна здзейснілі пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
11.12.2012 11:17 |
7 снежня 2012 г. медыкі Гродна са сваім новым душпастырам кс. Мікалаем Ціхановічам здзейснілі аднадзённую пілігрымку ў санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай — заступніцы Гродзенскай дыяцэзіі — у Вільні (Літва). Асноўнай мэтай падарожжа было ўмацаванне веры.
74 медыкі прыбылі да Панны Марыі ў цудатворным абразе, каб скласці да ног Маці Божай свае праблемы, слабасці, а таксама падзякі.
У капліцы Маці Божай Міласэрнасці пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў кс. Мікалай Ціхановіч. У гэтым святым месцы — Вострай Браме, браме, якая вядзе да Бога, — гродзенскія медыкі маліліся ў інтэнцыі душпастырства службы здароўя у Гродне, у інтэнцыі свайго душпастыра, які 6 снежня святкаваў імяніны, біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, у сваіх уласных інтэнцыях, а таксама аб рэкалекцыях, якія адбудуцца 14–16 снежня.
Пілігрымка завяршылася экскурсіяй па Вільні. Медыкі наведалі найпрыгажэйшыя касцёлы Літвы і памаліліся ў капліцы Езуса Міласэрнага.
Караліна Бутоліна
|
Фотарэпартаж |