1 мая Душпастырскі цэнтр пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх асвяціў новы крыж у алтары капліцы, а таксама ўзначаліў маёвае набажэнства.
Звяртаючыся да жыхароў Дома епіскапату і сабраных вернікаў, Мітрапаліт узгадаў, што распачынаецца май — месяц Марыі, які ў Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Маці Божай. Па словах арцыпастыра, «fiat», якое сказала Марыя, з’яўляецца «ключом да разумення таямніцы адкуплення»
Як адзначыў іерарх, для таго, каб свет, у якім мы жывём, быў прыгожым і спакойным, трэба «распачаць змяняць яго ад самога сябе — а тады, калі чалавек скажа Богу „так“, свет стане лепшым».
Нагадваючы пра Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскую), Мітрапаліт падкрэсліў, што неабходна браць прыклад з Маці Божай, каб ісці ў свет і каб у гэтым свеце не згубіцца.
Напрыканцы арцыпастыр заахвоціў усіх вернікаў бачыць у Панне Марыі «правадніцу, якая дапамагае нам у цяжкасцях», і пажадаў, каб яе «fiat» заўсёды было «праграмай нашага жыцця». Кс. Юрый Марціновіч
|