У Мінску адбыўся ўікэнд для ўдзельнікаў руху «Сужэнскія сустрэчы» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
26.02.2013 15:04 |
З сакрамэнтальнага сужэнства ўзнікае сям’я. Пасля заключэння гэтага сакрамэнту задача мужа і жонкі — клапаціцца аб захаванні сужэнскай еднасці і любові, у чым яны прысягалі адно аднаму перад алтаром. З мэтай дапамагчы сужонкам дасягаць паўнаты хрысцiянскага жыцця i дасканаласцi кахання ў Каталіцкім Касцёле быў створаны рух «Сужэнскiя сустрэчы», які актыўна дзейнічае і ў Беларусі. 22–24 лютага ў Мінску праходзіў чарговы ўікэнд, на які сабраліся пары, каб паглыбіць i аднавіць сваю сужэнскую еднасць i любоў. Некаторыя з удзельнікаў падзяліліся сваімі ўражаннямі ад перажытых дзён. Міхаіл і Ірына, 21 год сужэнскага жыцця Мы паглядзелі на наша сужэнства з боку і ўбачылі, што на працягу ўсяго жыцця аддавалі больш сілаў знешняму дабрабыту, чым унутранаму камфорту. Мы бачылі адно ў адным блізкіх людзей, якія навучыліся вырашаць побытавыя пытанні, але не заўважалі, што кожны з нас — гэта асоба, якой неабходна любоў, увага і разуменне. Калі мы задаволім гэтую неабходнасць, мы можам стаць больш шчаслівымі. Арганізатары рэкалекцый дапамаглі нам зразумець, што ўсе сямейныя пытанні можна вырашаць без спрэчак і зняваг. Дзякуючы гэтым сустрэчам мы ўзгадалі пачуцці, якія нас аб’ядноўвалі — любоў і пяшчота. У нас з’явілася жаданне працаваць над сабой, удасканальвацца і пастарацца пранесці свае пачуцці праз усё жыццё. Вельмі хутка праляцелі выхадныя. Адчувалася, што мы трапілі ў вялікую, добрую сям’ю, дзе цябе прымаюць з цеплынёй і любоўю. Рэкамендуем усім сямейным парам!
На гэтым уікэндзе я зведаў пачуццё радасці і натхнення, усвядоміў і ўзгадаў важныя прынцыпы сужэнскіх адносінаў. Зразумеў, якімі важнымі з’яўляюцца для мяне нашыя адносіны, як важна іх развіваць і як многа ад гэтага атрымліваю я сам (Аляксей). Гэта наш першы ўікэнд. На душы ў мяне радасна ад таго, што можа быць па-іншаму — так проста і блізка, так глыбока і спакойна. І ўсё гэта дзякуючы даверу. За гэты час, праведзены тут з маім мужам, я мела магчымасць паглядзець на нашае сужэнскае жыццё з іншага боку. Тут мы атрымалі тое, чаго нам не хапала ў паўсядзённым жыцці (Вікторыя). Аляксей і Наталля Перадусім дзякуй Богу за гэтыя рэкалекцыі. Калі шчыра, то не хацеў спачатку на іх ехаць. Было столькі спакусаў, каб адмовіцца. Аднак на другі дзень зразумеў, што Бог дае нешта нязвыклае, нешта цудоўнае, і... сумна было, што ўсё скончылася. Асаблівая падзяка айцам капуцынам Андрэям і сястры Тэрэзе! (Аляксей) (VGr) |