Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дадаць сям’і трываласці. Рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» прайшлі ў Баранавічах
Беларусь - Пінская дыяцэзія
12.03.2013 14:42

З 8 па 10 сакавіка 2013 г. у Баранавічах у доме Святой Тройцы прайшлі чарговыя рэкалекцыі руху «Сужэнскія сустрэчы». На ўікэнд прыехалі 7 сужэнстваў з розных куткоў Беларусі: з Мінска, Пінска, Івянца, Іўя, Баранавіч. Праводзілі рэкалекцыі айцец Конрад Патыка SVD і аніматары Аляксандр і Святлана Квяткоўскія з Баранавіч, Валерый і Наталля Мазуркевічы са Сталовіч, Міхаіл і Таццяна Сегені з Івацэвіч.

Аніматары закранулі найбольш складаныя праблемы сям’і — неразуменне пачуццяў, сямейныя крызісы, адносіны з дзецьмі, сувязь з Богам і інш. Няпроста ў штодзённым жыцці заўважаць свае слабасці і недахопы любові да мужа ці жонкі, прызнаць свае памылкі, папрасіць прабачэння. Дыялог у сямейнай пары закранаў найбольш вострыя пытанні, сужэнцы не баяліся прызнацца ў сваіх слабасцях адно аднаму, стаць перад Езусам у праўдзе пра сябе, даверыць Пану Богу свае слабасці і папрасіць прабачэння. Гэтыя рэкалекцыі мелі і экуменічны напрамак: сярод удзельнікаў была праваслаўная пара і сужэнства, у якім адзін з сужонкаў католік, а другі праваслаўны. Стаж у сужэнстве большасці ўдзельнікаў быў даволі сталы — па-за сярэбраным юбілеем, але ўдзельнічалі і маладыя пары (да года сумеснага жыцця).

Радасць напаўняла ўдзельнікаў, многія адчувалі такую еднасць у супольнасці, як у сям’і, шкадавалі, што гэтая сустрэча заканчваецца. Рэкалекцыі прынеслі багаты плён, пра што сведчаць самі сужонкі:

«Мы ўсё жыццё спрабавалі наладзіць дыялог, але не атрымлівалася. Цяпер мы ўпэўнены, што з Божай і вашай дапамогай у нас усё атрымаецца, шчасце і любоў зноў паселяцца ў нашым доме. Будзем апавядаць пра вас знаёмым, каб і ім падарыць магчымасць змяніць сваё жыццё».

«Мы нанава перагарталі сваё 30-гадовае сужэнскае жыццё і зразумелі, што прыйшоў час рабіць працу над памылкамі. Просім нашага Нябеснага Настаўніка дапамагчы нам у гэтым. Хочацца быць прыкладам добрай сям’і для сваіх дзяцей і ўнукаў. Дзякуючы „Сужэнскім сустрэчам” мы зірнулі адно на аднаго па-новаму».

«Ехаць не хацеў, а цяпер задаволены, што жонцы ўдалося мяне пераканаць усё ж паехаць. Бачу плён гэтых сустрэч. Яны дадаюць сям’і трываласці. Дамоў вяртаюся з пачуццём супакою, лёгкасці, узмоцненасці і здабыцця чагосьці вельмі важнага і каштоўнага».

«Святло ў канцы тунэля… Нацешыліся магчымасцю пабыць удваіх. Так атрымалася, што ў нас не было нічога „мядовага”, а тут мы гэта перажылі. І яшчэ я адкрыла, што ў праваслаўных і католікаў шмат агульнага і мы — адно цэлае».

Яшчэ шмат сем’яў жывуць без дыялога і ўзаемапаразумення, перажываюць цяжкасці і канфлікты, многія сужэнствы не вытрымліваюць гэтага і распадаюцца. Але надзея ёсць, у Касцёла шмат магчымасцяў, каб дапамагчы такім сем’ям. І адным з варыянтаў з’яўляецца ўдзел у рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзе дыялог і любоў паміж мужам і жонкай раўняюць жыццёвую дарогу сужэнства, па якой крочыць разам у еднасці з Богам значна лягчэй, чым прадзірацца праз церні канфліктаў і сварак.

Святлана і Аляксандр Квяткоўскія


 



 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме