Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мітрапаліта з’явіцца прэс-сакратар? Іерарх адказаў на пытанні журналістаў
Беларусь - Пінская дыяцэзія
03.03.2013 13:38

Узаемаадносіны са свецкімі СМІ, супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой і ахова хрысціянскай архітэктурнай спадчыны — гэтыя і іншыя аспекты былі закранутыя на прэс-канферэнцыі, якая прайшла на завяршэнне практычнага семінара «Хрысціянства ў свецкіх СМІ».

На пытанні журналістаў адказваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Мітрапаліт прызнаў актуальнасць пытання пра асобнага прэс-сакратара для сябе ў Беларусі (падчас працы ў Маскве функцыі прэс-сакратара іерарха выконваў журналіст Віктар Хруль):

«Гэта пытанне актуальнае: я не ведаю, вырашыцца яно заўтра ці не, але ў пэўным сэнсе такі «прэс-сакратар» ужо ёсць — гэта партал Сatholic.by, які ўласна і з’яўляецца маім прэс-сакратаром», — зазначыў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч станоўча ацаніў супрацоўніцтва Касцёла з Праваслаўнай Царквой у Беларусі. Паводле іерарха, адносіны ў гэтай сферы развіваюцца дынамічна.

«Нашы сумесныя намаганні дазволілі атрымаць ад Міністэрства аховы здароўя дазвол на кансультацыйныя кабінеты ў некаторых абартыўных клініках Беларусі. І нашы сумесныя дзеянні — гэта яшчэ адзін крок для дасягнення той бачнай еднасці паміж дзвюма хрысціянскімі інстытутамі».

Каментуючы пытанне пра стан каталіцкіх святыняў, іерарх зазначыў:

«Стан каталіцкіх храмаў непакоіць нас у многіх беларускіх гарадах. Ёсць шмат касцёлаў на Магілёўшчыне і ў іншых рэгіёнах, якія патрабуюць аднаўлення. Але нават калі якіясьці храмы аднаўляць, то хто на гэта дасць сродкі? Другое важнае пытанне, хто будзе гэтыя святыні наведваць? У некаторых парафіях колькасць вернікаў невялікая, а тыя, хто дапамагае з фінансаваннем святыняў, цікавяцца найперш колькасцю вернікаў, ці шмат чалавек прыйдзе ў такі касцёл».

У заканчэнне прэс-канферэнцыі іерарх адзначыў, што сёння перад Касцёлам стаіць вельмі важнае пытанне пра супрацоўніцтва са свецкімі СМІ.

«Трэба ўдасканальваць і развіваць гэтую працу. Але варта памятаць, што гэта не павінна быць аднабаковая ініцыятыва. Рух павінен ісці ў абодвух напрамках».

Ілья Лапато OCDS

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме