Семінар для свецкіх журналістаў. Вынікі |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
03.03.2013 15:42 |
Прадстаўнікі свецкіх СМІ правялі час з карысцю. Шматлікія пытанні, а таксама абмеркаванні ў кулуарах сведчылі пра тое, што з тэматыкай семінара арганізатары не памыліліся.
Яе думку падзяляе і Ала Бунеева, літаратурны рэдактар баранавіцкай газеты «Наш край». Журналістка піша на тэматыку праваслаўя.
Семінар распачынаўся з прывітальнага слова ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Антоні Дзям'янкі і даклада Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Варта зазначыць, што прысутнасць амаль на ўсіх пунктах праграмы іерархаў дадавала семінару адмысловы статус: калі ў журналіста было якое пытанне, то кожны мог падысці да біскупаў у перапынках паміж дакладамі. На дакладах і адмысловай працы ў працоўных групах першы дзень семінара мог і скончыцца. Аднак пытанняў назбіралася столькі, што арганізатары вырашылі дадаць у праграму яшчэ адзін пункт. Першы дзень практычнага семінара завяршала такім чынам «дыскусійная трыбуна». Тыя, хто не паспеў задаць свае пытанні ў запланаванай частцы семінара, мог скарыстацца гэтым правам ужо вечарам падчас дыскусіі. У прыватнасці журналіст інтэрнэт-партала «Westki.info» Кастусь Шыталь цікавіўся магчымасцямі, з дапамогай якіх свецкія журналісты могуць паспрыяць дыялогу паміж Касцёлам і чытачамі ва ўмовах дзялення прэсы на «дзяржаўную» і т.зв. «незалежную». Было зазначана, што Касцёл павінен больш выказвацца ў пытаннях маральнасці, біяэтыкі, праблемаў сям’і, а голас Касцёла павінен быць больш чутны ў сацыяльных праблемах. Рэлігійны карэспандэнт агенцтва «РИА Новости» Віктар Хруль узгадваючы сваю працу прэс-сакратаром у мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча (з 1997 па 2007 гг.), распавёў пра тое, што як журналіст, ён не баяўся аспрэчваць рашэнні іерарха. Аднак пазней Віктар Хруль перагледзеў свае погляды. «Калі нейкае рашэнне іерарха для мяне было незразумелым, я ўсведамляў, што трэба даверыцца мудрасці біскупа. Ён больш за мяне ведае, ён за гэта нясе адказнасць і ён хоча дабра для Касцёла». Са свайго боку спікеры семінара адзначылі, што Касцёл у Беларусі больш, чым іншыя інстытуты, уносіць свой уклад ў падтрымку мовы і культуры.
Другі дзень семінара «Хрысціянства ў свецкіх СМІ» адкрываў даклад генеральнага прадзюсара тэлеканала «Аб’яднанае тэлебачанне» з Санкт-Пецярбурга Міхаіла Фацеева. Сваё паведамленне дакладчык будаваў на тлумачэнні пэўных нюансаў у працы свецкіх журналістаў, якія рыхтуюць матэрыялы для тэлебачання. У прыватнасці Міхаіл Фацееў звярнуў увагу на само паняцце «падзеі»: што можа служыць інфармацыйнай нагодай для сюжэта? «Падзея» можа ўтрымліваць у сабе адзін з наступных пунктаў: быць выключнай, быць нечаканай, закранаць грамадскую значнасць, у ёй павінна быць навізна і т.зв. «візуальнасць» — тое, што можна паказаць гледачу і што было б для яго цікава. Такім чынам, акрамя тэмы (пра што сюжэт), павінна таксама прысутнічаць нагода — што прымусіла вам зняць гэты сюжэт? Спікер нагадаў, што любы сюжэт павінен распавядаць пэўную гісторыю: мець факты і герояў (антыгерояў). Пры падрыхтоўцы сюжэта журналіст не павінен забывацца на драматургію і канфлікт у сюжэце: павінна прысутнічаць экспазіцыя, завязка, развіццё, кульмінацыя і развязка.
Адным з галоўных пунктаў семінара стала выніковая прэс-канферэнцыя з адказным за СМІ пры ККББ Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам. Заключнай часткай семінара стала нядзельная святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп.
Ці быў праведзены семінар карысным для свецкіх журналістаў? Ці дасягнулі журналісты тых мэтаў, якія ставілі перад паездкай у Баранавічы? Ці патрэбныя такія формы дыялога ў далейшым? Як правільна пісаць пра хрысціянства? Сваімі меркаваннямі дзеляцца некаторыя ўдзельнікі семінара: — На семінар я вырашыў паехаць сам. За 23 гады выхаду нашай газеты мы ніколі не грэбавалі тэмай рэлігіі. Я ехаў сюды, каб знайсці аднадумцаў і субяседнікаў, зразумець для сябе перспектывы супрацоўніцтва свайго СМІ з Царквой. Асабіста мне ў першую чаргу цікава было ўдзельнічаць не толькі як кіраўніку газеты, але і як пішучаму журналісту. Мяне турбуе сітуацыя з тым, як агрэсіўна рэагуе асяроддзе на некаторыя тэмы, звязаныя з хрысціянствам. І семінар свае мэты апраўдаў.
— Семінар мне спадабаўся. Для мяне было цікава параўнаць беларускі і расійскі кантэкст. Магчыма, можна было б для больш кваліфікаванай падрыхтоўкі журналістаў увесці адмысловую спецыяльнасць па рэлігійнай тэматыцы, але сёння такога яшчэ няма — прынамсі на маскоўскім журфаку. Сістэмная падрыхтоўка журналістаў, здольных пісаць прафесійна і кампетэнтна на рэлігійныя і духоўныя тэмы, на жаль, не вядзецца... Хоць у факультэта ёсць амаль свая асобная святыня. Маскоўскі ўніверсітэт, дзе я працую, гэта адзін з нямногіх універсітэтаў, у якога ёсць свая дамавая святыня. Асвечаная яна ў гонар св. мучаніцы Таццяны, якая лічыцца апякункай усяго маскоўскага студэнцтва. Значная частка вернікаў гэтай святыні — гэта студэнты і выкладчыкі ўніверсітэт...
— Калі я даведалася пра семінар, вельмі ўзрадавалася. Чаму? Бо абмінаць духоўнае жыццё ў нашай паўсядзённасці не выпадае. Будзь ты свецкі журналіст ці нясвецкі — гэта не два паралельныя светы. Мы жывём адно ў адным, суіснуем і ўзаемадзейнічаем разам. І гэта ўзаемадзеянне павінна быць таксама і на ўзроўні СМІ. Семінар быў вельмі карысным для мяне, як свецкага журналіста. На жаль, і свецкі журналіст, і духоўныя асобы сёння працуюць навобмацак. Мы адзін аднаго шукаем навобмацак. Мы, журналісты, не ведаем, як падступіцца да рэлігійнай тэмы. З самых лепшых памкненняў часам мы можам падаць у матэрыяле некарэктныя звесткі А хацелася б рабіць усё пісьменна. Мне падаецца, што гэты семінар — адзін з крокаў-практычных дапаможнікаў свецкім журналістам, якія пішуць пра хрысціянства. У той жа час духоўным асобам таксама цікава паслухаць, чаго хочуць свецкія журналісты. Гэты абмен узаемнымі пажаданнямі будзе карысны для ўсіх. Семінар першы, але спадзяюся, ён будзе мець сваё развіццё і стане сталай традыцыяй. Ілья Лапато OCDS, (JM) |
Фотарэпартаж |