Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч пра стратэгію Касцёла адносна супрацоўніцтва са свецкімі СМІ
Беларусь - Пінская дыяцэзія
02.03.2013 13:27

«Сучасныя медыя дасягнулі такой ступені свайго развіцця, што для многіх людзей сталі галоўным інструментам інфармацыі і фармацыі, правадніком і натхненнем у сямейным, індывідуальным і грамадскім жыцці. Дзякуючы ім людзі сустракаюцца паміж сабой, прымаюць удзел у розных здарэннях, фармуюць свае погляды і каштоўнасці», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім дакладзе на семінары «Хрысціянства ў свецкіх СМІ».

Ніжэй прыводзім асноўныя моманты з выступлення Мітрапаліта.


Cучасныя СМІ — інструмент інфармавання і фармавання чалавека

Сучасныя медыя дасягнулі такой ступені свайго развіцця, што для многіх людзей сталі галоўным інструментам інфармацыі і фармацыі, правадніком і натхненнем у сямейным, індывідуальным і грамадскім жыцці.

Дасведчанне знешняга свету вельмі часта з’яўляецца дасведчаннем, здабытым са СМІ. Іх моц такая вялікая і ўплывовая, што для многіх людзей рэчаіснасцю становіцца тое, што такім прызнаюць медыя. І наадварот, усё тое, чаму яны не прысвячаюць увагі, здаецца пазбаўленым значэння.

Медыя могуць будзіць сумленне чалавека, бараніць яго правы, кіраваць чалавечую свядомасць да дабра, свабоды, справядлівасці і міру. У залежнасці ад таго, як людзі карыстаюцца медыя, яны могуць фармаваць у сабе стаўленне салідарнасці і спагады з іншымі або замкнуцца ў сваім эгаістычным, пазбаўленым знешніх адносін свеце. Сучасныя медыя, асабліва інтэрнэт, маюць вельмі моцны, які можна параўнаць да наркатычнага, уплыў на чалавека і грамадства. Такім чынам, шырокае выкарыстанне СМІ прывяло да фарміравання інфармацыйнага грамадства з усімі яго наступствамі, таксама і ў галіне этыкі і веры.


СМІ — гэта таксама месца, якое неабходна евангелізаваць

СМІ адыгрываюць усё большае значэнне, асабліва для абвяшчэння Евангелля і фармацыі здаровага стылю жыцця чалавека. Аднак, яны яшчэ далёка не да канца выкарыстаны ў гэтай сферы.

Сучасныя медыя з’яўляюцца не толькі сродкамі інфармацыі, але адначасова і месцам, якое неабходна евангелізаваць. Менавіта супрацоўнікі медыя павінны паступаць так, каб хрысціянскія прынцыпы фармавалі практыку гэтай прафесіі.


Якія праблемы існуюць ва ўзаемаадносінах паміж свецкімі СМІ і рэлігіяй?

Адказ відавочны. Адкрыем любую публікацыю на рэлігійную тэматыку і ўбачым традыцыйны набор тэмаў: рэлігійныя святы, скандалы, узаемаадносіны паміж веруючымі і няверуючымі і г.д.

Са складанай спробы разумення і ўзаемнага пазнавання свецкага грамадства і рэлігійных арганізацый і паходзіць тая напружанасць, якая характарызуе адносіны рэлігіі і свецкіх СМІ.

Рэлігійныя арганізацыі наогул нялёгкі партнёр для свецкіх СМІ. На постсавецкай прасторы гэтая сітуацыя ўскладняецца яшчэ спадчынай недалёкага атэістычнага мінулага.


Што і як можна пісаць аб рэлігіі?

Тут вельмі важнай з’яўляецца пазіцыя рэлігійных арганізацый і іх гатоўнасць да дыялога са СМІ. Гэта вельмі важна, бо няведанне нараджае чуткі і міфы.


Якой павінна быць стратэгія Касцёла адносна супрацоўніцтва са свецкімі СМІ?

У сувязі з пашырэннем узаемадзеяння рэлігіі са свецкімі СМІ неабходна паразважаць над пытаннем: «Якой павінна быць стратэгія Касцёла адносна супрацоўніцтва са свецкімі СМІ? Шырокая прысутнасць у іх ці абмежаванне гетта толькі касцёльных СМІ?»

Адказваючы на гэтыя пытанні, неабходна звярнуць увагу на некалькі важных і канкрэтных заданняў, якія стаяць перад Касцёлам адносна выкарыстоўвання свецкіх СМІ:

а) вучыць людзей мудраму і крытычнаму карыстанню мас-медыя;
в) весці дыялог са свецкімі медыя з мэтай фармавання грамадскай думкі па той ці іншай рэлігійнай, маральнай або грамадскай праблеме;
с) дапамагаць свецкім медыя адчуваць маральную адказнасць за перадаваны змест і шанаванне імі этычнага кодэксу, а таксама за пераказ праўды.


Ці служыць развіццё тэхнікі развіццю самога чалавека?

Шукаючы адказ на гэтае пытанне, неабходна прыняць, што, агульна кажучы, працуючыя там асобы — гэта справядлівыя, жадаючыя паступаць адпаведна людзі. Імкнучыся дапамагчы ім прымаць нялёгкія рашэнні, Касцёл прапануе прынцыпы маральнага парадку ў медыя і запрашае да дыялога.

Найперш Касцёл паказвае, як СМІ служаць чалавеку, і далей звяртае ўвагу на тое, якім чынам СМІ парушаюць дабро чалавека.

Што адносна пазітыўнага ўплыву медыя на чалавека ў сферы рэлігіі, то яны з’яўляюцца крыніцай ведаў і інфармацыі, а таксама служаць інструментам евангелізацыі і катэхізацыі.

У той жа час адносіны паміж рэлігіяй і СМІ могуць парушаць дабро чалавека.

Пагроза з боку СМІ:

— ігнараванне або спіхванне на бок рэлігійных праблем і рэлігійнага досведу;
— адносіны да рэлігіі без належнага яе разумення;
— распаўсюджванне штучных сенсацый, газетных «качак» і рэлігійных міфаў коштам традыцыйнай веры;
— ацэнка рэлігіі і рэлігійнага досведу паводле свецкіх крытэрыяў прыдатнасці і падтрымліванне поглядаў, якія адпавядаюць свецкім задавальненням;
— спробы замкнуць трансцэндэнтнасць у межах рацыяналізму і скептыцызму.

Пагроза з боку рэлігіі:

— a priori прыняцце негатыўнага і асуджаючага стаўлення адносна СМІ;
— эмацыянальнае і нават маніпулятыўнае прадстаўленне рэлігійнага зместу;
— выкарыстоўванне медыя як інструментаў кантролю і панавання;
— непатрэбнае затойванне інфармацыі і іншыя злачынствы супраць праўды;
— утойванне евангельскага наказу навяртання;
— падтрымліванне фундаменталізму, фанатызму і рэлігійнага эксклюзівізму.

Каб СМІ былі сапраўды інструментам будавання і ўмацоўвання чалавечага грамадства, павінен быць дыялог і падпарадкаванне праўдзе ўсіх, хто прымае ўдзел у працэсе сацыяльнай камунікацыі.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме