Хрысціянства ў свецкіх СМІ: у якія пасткі трапляе журналіст? |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
02.03.2013 18:16 |
Журналісты — адны з тых, хто фарміруе ў грамадстве вобраз хрысціянства, ды і ўвогуле фарміруе чалавека, яго погляды і каштоўнасці. Хто ж з’яўляецца журналістам? Той, хто ў СМІ кажа людзям праўду пра важнае. Аднак практыка паказвае, што не да кожнай інфармацыі ў мас-медыя можна ставіцца з даверам. І калі прычына гэтага крыецца не ў палітыцы выдання, якое кіруецца пэўнай ідэалогіяй і мэтамі, то што гэта? Спікеры семінара «Хрысціянства ў свецкіх СМІ», які праходзіць 2–3 сакавіка ў Баранавічах, канцэнтруюць увагу менавіта на прычынах недасканаласці, некарэктнасці і павярхоўнасці інфармацыйных матэрыялаў на рэлігійную — сапраўды няпростую! — тэматыку. Рэлігійны карэспандэнт інфармагенцтва «РИА Новости» і выкладчык МДУ Віктар Хруль нагадаў, што журналістыка — гэта тое, што звязана з праўдай, «гэта сфера нашай агульнай адказнасці». Медыя і рэлігія, як падкрэсліў Віктар Хруль, аб’ектыўна з’яўляюцца канкурэнтамі за ўплыў на масавую свядомасць. Тым не менш, хрысціянства і СМІ — «гэта нераўназначныя гульцы». СМІ — па сваёй прыродзе другасныя. Таму, як падкрэсліў дакладчык, вырашаць, што выгадна, а што невыгадна, што цікава, а што нецікава, з боку журналістаў гэта безадказна. Бо людзі маюць права атрымліваць інфармацыю і пры гэтым адэкватна пададзеную. «Людзі, якія рэдка наведваюць святыню, толькі ў СМІ могуць атрымаць інфармацыю пра хрысціянства і Касцёл», — дадаў Віктар Хруль. Тыя, хто працуе ў СМІ, па словах выступоўцы, «асуджаныя» на плюралізм, дыялог і кансэнсус. Прычым дасягненне апошняга павінна здзяйсняцца «дзеля агульнага дабра». Віктар Хруль звярнуў увагу і на складанасці, з якімі сустракаецца журналіст, калі чуе касцёльную тэрміналогію. На яго думку, Касцёл павінен сам клапаціцца пра тое, каб журналіст атрымліваў інфармацыю рэлігійнага характару на зразумелай мове. Кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандр Амяльчэня ў сваю чаргу прааналізаваў медыйныя прадукты пра Каталіцкі Касцёл у Беларусі. Святар прывёў добрыя прыклады, але больш засяродзіўся на няўдалых, бо задача ўсё ж такі заключалася ў тым, каб высветліць і выправіць памылкі і недарэчнасці, якія з’яўляюцца з-за недахопу ведаў журналіста або неўдакладнення інфармацыі. «Гаворыцца пра ўсё, але ні слова пра галоўнае», — заўважыў кс. Амяльчэня, патлумачыўшы гэта тым, што тэма рэлігіі, патрабуючая адпаведных ведаў, у рэдакцыях непапулярная, і часта яна даручаецца пачынаючым журналістам. Пры гэтым святар адзначыў, што «ў самых ліберальных заходніх СМІ працуюць цэлыя аддзелы», якія асвятляюць рэлігійную тэматыку. Так, у Італіі існуе Інстытут ватыканістаў, якія акрамя журналісцкай маюць таксама тэалагічную адукацыю. Арыентаванне ў тэме дазваляе ім не рабіць сур’ёзных памылак, нават калі іх выказванні адносна Касцёла не самыя станоўчыя. Кіраўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё таксама звярнуў увагу на такую небяспеку, як карыстанне журналістамі матэрыяламі інфармацыйных агенцтваў. Так, напрыклад, штогод штампуюцца і тыражуюцца некарэктныя матэрыялы пра каталіцкія святы. Пры гэтым кс. Амяльчэня нагадаў прысутным журналістам, што святы — гэта не адзіная тэма, якая можа зацікавіць як іх, так і грамадства: «У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адбываецца мноства падзей, абавязковых для асвятлення ў СМІ». Выкладчыца журналістыкі ў МДУ Марыя Анікіна, якая выступіла з дакладам «Праваслаўе ў свецкіх СМІ», прывяла падобныя памылкі, якія сустракаюцца ў расійскіх СМІ пры асвятленні рэлігійнай тэматыкі. Сярод іх некарэктнае ўжыванне тэрміналогіі, няведанне сутнасці абрадаў і святаў, абагульненне, акцэнт на арганізацыйныя моманты, а не на сутнасць падзеі. Што датычыць тэмаў, пры дапамозе якіх накрэсліваецца ў СМІ малюнак Праваслаўнай Царквы ў Расіі, то гэта святы або скандалы. На думку Марыі Анікінай, за працэс медыятызацыі (працэс дасканалення сродкаў збору, захавання і распаўсюджвання інфармацыі — Рэд.) рэлігійнага жыцця ў адказе ўсе яго ўдзельнікі — журналісты, прадстаўнікі Царквы і сама аўдыторыя. Падсумоўваючы, трэба прызнаць, што супрацоўніцтва СМІ з Касцёлам яшчэ на самым пачатку. І тут не дастаткова толькі стратэгіі з боку Касцёла, пра што казаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваім дакладзе, тут патрэбна яшчэ жаданне працаўнікоў мас-медыя быць адкрытымі на гэтую стратэгію, мэта якой — агульнае дабро. Валянціна Грамыка |