18 жніўня ўдзельнікі ХХ Юбілейнай пілігрымкі Беласток — Вільня дасягнулі Гродна. Пілігрымы з усёй Польшчы, якіх больш за 250 чалавек, вырушылі ў віленскі санктуарый Маці Божай Міласэрнасці 16 жніўня з беластоцкай архікатэдры пасля Імшы, якую цэлебраваў Мітрапаліт Беластоцкі арцыбіскуп Эдвард Азароўскі.
19 жніўня ў Гродне да пілігрымаў далучыліся 70 вернікаў з усёй Беларусі. У гэты дзень ранішнюю святую Імшу для падарожнікаў у касцёле Адшукання Святога Крыжа (пабернардынскі) узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Звяртаючыся да вернікаў, іерарх нагадаў, што пілігрымка з’яўляецца асаблівай нагодай, каб дасведчыць у дарозе прысутнасць і дзейнасць Бога. Біскуп пажадаў, каб Маці Міласэрнасці суправаджала пілігрымаў і была для іх заступніцай. Напрыканцы літургіі іерарх удзяліў падарожнікам пастырскае благаслаўленне ў шлях.
Асаблівасцю гэтай пілігрымкі з’яўляецца тое, што ў ёй удзельнічаюць прадстаўнікі розных веравызнанняў, якія ахвяруюць свой шлях у інтэнцыі еднасці, молячыся аб тым, каб, паводле слоў Хрыста, «усе былі адно».
Сёлетняя пілігрымка праходзіць пад дэвізам «Касцёл — наш дом». Гэтай тэме будуць прысвечаны разважанні, якія адбудуцца падчас падарожжа, і гаміліі падчас штодзённай Эўхарыстыі. Пад гэтым жа дэвізам Касцёл у Польшчы ў гэтым годзе праводзіць душпастырскую праграму, вызначаную біскупамі.
«Мы хочам падчас нашай вандроўкі дасведчыць пілігрымуючы Касцёл. Усе мы пілігрымуем у дом Айца, але жадаем і фізічна перажыць гэта, каб прамяніць свае сэрцы і жыццё. Таксама мы будзем маліцца аб цвярозасці, аб міры ў свеце і найперш аб еднасці хрысціян, паколькі наша пілігрымка з’яўляецца экуменічнай», — адзначыў кіраўнік пілігрымкі кс. Войцех Даброўскі з Беластока.
Святар падкрэсліў, што сярод удзельнікаў дадзенага падарожжа людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
«Для мяне гэта рэкалекцыі ў дарозе. У пілігрымкі хаджу з 12 гадоў, канешне, не кожны год, але ў гэтай вандроўцы ў Вільню быў ужо больш за 10 разоў. Гэтая пілігрымка асаблівая, бо ў дарозе праз Беларусь і Літву сустракаюцца многія нашы землякі. Для іх гэта адна з нямногіх магчымасцяў кантакту з радзімай, з суайчыннікамі. Часта яны вітаюць нас і прымаюць са слязьмі ў вачах, — кажа пілігрым Марцін з Беластока. — Мы сустракаемся з вялікай добразычлівасцю людзей розных вызнанняў, як на беластоцкай зямлі, так і далей — на Гродзеншчыне і ў Літве. Часамі бачыш у іх свае беды, але яны гатовыя пачаставаць апошняй скарынкай хлеба. Часта яны просяць нас аб малітве».
Пілігрымы прыбудуць у Вострую Браму 24 жніўня. У наступны дзень пасля святой Імшы ў віленскай катэдры яны вернуцца дадому. Падарожнікі, якія вырушылі з Беластока, за 9 дзён пераадолеюць каля 300 кіламетраў, ідучы праз Польшчу, Беларусь і Літву. Два этапы пілігрымкі праходзяць праз Польшчу, чатыры дні вандроўнікі ідуць праз Беларусь і тры дні — праз Літву.
Маршрут праз Беларусь:
19 жніўня: Гродна — Азёры, 27 км 20 жніўня: Азёры — Новы двор, 34 км 21 жніўня: Новы Двор — Радунь, 44 км 22 жніўня: Радунь — Бутрыманцы, 35 км.
Па традыцыі падарожнікі наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія сустракаюцца ім на шляху.
Кс. Юрый Марціновіч
|