Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці: дзеля сустрэчы з Хрыстом можна перанесці роспач у пустыні чакання
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
10.12.2012 15:03

9 снежня ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў святую Імшу з удзелам моладзі.

Як адзначыў пробашч парафіі, вітаючы прадстаўніка Святога Айца, вернікам мінскага касцёла заўсёды прыемна слухаць слова, якое скіроўвае да іх арцыбіскуп Гуджэроцці. Святар выказаў надзею, што і сёння словы Апостальскага Нунцыя будуць поўнымі прыгажосці і Божай любові.

У гаміліі арцыбіскуп прапанаваў удзельнікам Імшы разгледзець аспекты сённяшніх літургічных чытанняў, якія на першы погляд могуць здавацца цяжкімі. У іх распавядаецца пра Яна Хрысціцеля, які затрымаўся ў пустыні, каб сваім жыццём указаць на іншага, важнейшага, чым ён, — на Езуса Хрыста. Па словах Апостальскага Нунцыя, мы часта паводзім сябе зусім наадварот — спрабуем пераканаць іншых і саміх сябе, што мы вельмі важныя і больш вартыя, чым астатнія.

Арцыбіскуп Гуджэроцці звярнуў увагу на цытату: «Гэта голас таго, хто кліча ў пустыні». І Касцёл, як дадаў іерарх, вельмі часта крычаць у пустыні, але людзі не звяртаюць на гэта ўвагі і працягваюць ісці сваёй дарогай, што адбываецца тады, калі ў іх сэрцы пустыня. Па словах Апостальскага Нунцыя, Касцёл крычыць да гэтых людзей, каб данесці ім Добрую Навіну — Евангелле, аднак у адказ чуе: пакіньце нас у супакоі.

Голас у пустыні, працягваў арцыбіскуп, заклікае «падрыхтаваць дарогу Пану, раўняць сцежкі Яму». Апостальскі Нунцый растлумачыў прысутным гэты вобраз, які адносіцца да антычнай традыцыі. У той час, калі кароль выбіраўся ў падарожжа, а дарога не была добрай, перад ім высылаўся пасланнік караля з працаўнікамі, каб падрыхтаваць валадару дарогу. Рыхтаваць дарогу Каралю, які прыходзіць, заклікае ў Святым Пісанні і Ян Хрысціцель.

Па словах прадстаўніка Святога Айца, Хрыстус — Кароль, які не мае ні войска, ні багацця, але Ён — сапраўдны Кароль. Калі мы «праводзім гэты час, чакаючы Яго, то мы зразумелі, што такое Адвэнт».

Кожны з нас, дадаў арцыбіскуп, ведае, якія перашкоды да прыйсця Хрыста трэба прыбраць з уласнага жыцця. Але важна тое, што кожны павінен пачаць прыбіраць гэтую дарогу.

Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што Хрыстус прыходзіць, каб прынесці людзям надзею, — «хлеб і соль жыцця, бо чалавек без надзеі мёртвы». Іерарх узгадаў пра гісторыю ізраільскага народа, які ў той час знаходзіўся ў выгнанні. Сорак гадоў яўрэі вандравалі па пустыні, каб прыйсці ў Абяцаную Зямлю. Але праз некаторы час іншы народ выгнаў іх з гэтай зямлі. Гэты вопыт ізраільскага народа добра тлумачаць словы псальма: «як маглі мы спяваць нашыя песні ў чужой зямлі?» Пазней жа ў псальме з’яўляюцца яшчэ больш моцныя словы: «Бабілон, ты пракляты, бо выгнаў нас з гэтай зямлі. Шчаслівыя, хто возьме тваіх дзяцей і разаб’е іх аб скалу». Гэта, дадаў арцыбіскуп, сапраўды жудасны вобраз, бо гісторыя Ізраэля на самой справе была трагічнай.

Але нарэшце, адзначыў Апостальскі Нунцый, Бог дае магчымасць народу Ізраэля вярнуцца ў Абяцаную Зямлю. Ерузалем паказаны ў Пісанні ў вобразе маці, якая чакае дзяцей, што вяртаюцца ў славе. У гэтым, па словах прадстаўніка Папы, сэнс Адвэнту: нас чакае святы горад, а мы пакуль што знаходзімся ў пустыні, — аднак ёсць хтосьці, хто кажа нам, што мы свабодныя і ідзём да нябеснага Ерузалема — да дома, які ў нас забралі.

Напрыканцы такога падарожжа, дадаў арцыбіскуп, мы спаткаем Караля — Хрыста ў вобразе дзіцяці, які прытуліць нас да сябе, сказаўшы: «Цяпер твае цярпенні скончыліся, вярнулася радасць — радасць назаўсёды, і гэтая радасць — твой Бог». У гэтым, падкрэсліў Нунцый, — Добрая Навіна, і «ў Касцёла ў руках няма нічога іншага, акрамя гэтай Добрай Навіны», дзеля якой «можна перанесці роспач у пустыні чакання».

Падчас святой Імшы да алтара былі прынесены свечка — як сімвал Божай прысутнасці, вада — сімвал чысціні, а таксама хлеб і віно — сімвал нашай жыццёвай ахвяры, каб яна была прыемнай Богу дзеля збаўлення душаў.

Напрыканцы літургіі, звяртаючыся да маладых вернікаў, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці заахвоціў іх «заражаць хваробай веры» іншых маладых людзей. Апостальскі Нунцый выказаў думку, што «патрэба ў выхаванні моладзі — адзін з першых абавязкаў Касцёла», а таксама дадаў, што ахвотна паслухае пытанні і перажыванні моладзі беларускай зямлі на канферэнцыі пасля Імшы. Прадстаўнік Святога Айца ўдзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме