Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Дзень малітваў аб пакліканнях: чым мы хацелі б рызыкнуць, каб рэалізаваць жыццё ў поўнай меры
Слова Папы
15.12.2012 22:41

«Пакліканне — гэта знак надзеі, заснаванай на веры», — так называецца Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які будзе адзначацца 21 красавіка 2013 г. Пасланне было апублікавана 15 снежня.

«Калі вучань Езуса прымае Божы заклік прысвяціць сябе святарству або манаскаму жыццю, тады праяўляецца адзін з найбольш сталых плёнаў хрысціянскай супольнасці, які дапамагае глядзець з большым даверам і надзеяй на будучыню Касцёла і на яе адданасць справе евангелізацыі», — гаворыцца ў дакуменце, які цытуе руская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Як падкрэслівае Пантыфік, «святарскае і манаскае пакліканне нараджаецца з асабістай сустрэчы з Хрыстом, са шчырага і даверлівага дыялогу з Ім, каб увайсці ў Яго волю». Папа дадае, як важна ўзрастаць у жыццёвым вопыце веры, якая «ўспрымаецца як глыбокія адносіны з Езусам».

Святы Айцец нагадвае, якую вялікую ролю ў нараджэнні паклікання ў чалавека могуць адыгрываць касцёльныя супольнасці і асабліва святары. Важнымі з’яўляюцца таксама асабістая духоўная медытацыя, малітоўнае жыццё і супольная малітва вернікаў, памяць пра малітву святых і Боскую Літургію. Пастаянная і глыбокая малітва, па словах Папы, «садзейнічае росту веры хрысціянскай супольнасці, упэўненасці, што Бог ніколі не пакіне свой народ, Ён заўсёды падтрымлівае людзей асаблівым пакліканнем да святарства і жыцця, прысвечанага Богу, знакам надзеі для свету».

Як адзначаецца ў пасланні, «Божая любоў часам праходзіць такімі шляхамі, якія нельга ўявіць, але заўсёды дасягае тых, хто дазваляе сябе знайсці». Гэтая любоў, «якая праяўляецца поўнасцю ў Езусе Хрысце, кідае выклік нашаму існаванню, просіць адказу ў тым, што кожны хацеў бы зрабіць са сваім жыццём, чым хацеў бы рызыкнуць, каб рэалізаваць яго ў поўнай меры».

Папа дадае таксама, што «заўсёды ёсць руплівыя святары, якія ўмеюць быць побач з моладдзю ў якасці „спадарожнікаў“, каб дапамагчы ёй распазнаць на звілістым і няясным жыццёвым шляху Хрыста, які ёсць Дарога, Праўда і Жыццё».

На заканчэнне паслання Святы Айцец заахвочвае маладых людзей «сярод многіх павярхоўных і эфемерных прапановаў старацца захоўваць у сабе любоў да ідэалаў, высокія мэты, радыкальны выбар, каб служыць іншым людзям, ідучы за Хрыстом».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме