Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мая падпольная падрыхтоўка да святарства: гісторыя фармацыі біскупа Антонія Дзям’янкі
Інтэрв'ю
26.04.2013 09:45

Прэзбітэрскае пасвячэнне біскуп Дзям'янка атрымаў у 1980 годзе. У той атэістычны час юнаку не дазволілі паступіць у семінарыю, таму святарскую фармацыю будучы біскуп праходзіў падпольна. «Улады вашых рэспублік не даюць дазвол на навучанне ў семінарыі».

У межах тыдня малітваў аб пакліканнях да святарскага і законнага служэння ў інтэрв’ю для Catholic.by біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзгадвае пра сваю фармацыю.

«Улады вашых рэспублік не даюць дазвол на навучанне ў семінарыі»

«Першая думка прысвяціць сябе служэнню ў святарстве прыйшла да мяне класе ў восьмым, але тады яна была невыразная.

У пачатку дзясятага класа я пачаў задумвацца аб гэтым ужо сур’ёзна. Калі ж да заканчэння школы заставалася чатыры-пяць месяцаў, я канчаткова вырашыў, што прысвячу сваё жыццё Божай службе.

Аб сваім намеры паведаміў пробашчу, ён у сваю чаргу звярнуўся да рэктара духоўнай семінарыі ў Рызе, каб даведацца, якія дакументы для гэтага неабходныя. Атрымаўшы атэстат сталасці, я сабраў неабходныя дакументы, і з пробашчам мы павезлі іх у Рыгу. Тыдні праз два прыйшоў адказ: у семінарыі няма месцаў…

Мы вырашылі з’ездзіць туды самі, каб высветліць прычыну адмовы. На месцы я ўбачыў наступную сітуацыю: хлопцы (15-20 юнакоў з Украіны і каля дзесяці юнакоў з Беларусі) стаялі ў чарзе, каб атрымаць інфармацыю аб тым, ці залічаны яны ў семінарыю. Высветлілася, што апрача аднаго юнака з Беларусі і аднаго з Украіны, нікога больш не прынялі. Большасць з паступаючых мела ўжо па дзве-тры спробы, некаторыя — па пяць, але былі і тыя, хто дзесяць (!) гадоў спрабаваў паступіць і кожны раз атрымліваў адмову.

Тады інспектар семінарыі нам растлумачыў: уся прычына ў тым, што ўлады вашых рэспублік не даюць для кандыдатаў дазволу. А навучанне без афіцыйнага дазволу магло пагражаць закрыццём семінарыі. Рэальная прычына была ў гэтым».

«Мая падпольная падрыхтоўка да святарства…»

«Калі мы вярнуліся дадому, кс. Люцыян тады сказаў, што ёсць яшчэ адна магчымасць «навучання», якой некаторыя юнакі ўжо скарысталіся. Ксёндз завёз мяне да ксяндза прэлата Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічы (Ляхавіцкі раён), тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.
Ксёндз прэлат у свой час выкладаў у духоўнай семінарыі ў Пінску, быў яе віцэ-рэктарам. Святарскае пасвячэнне ў 1931 годзе яму ўдзяліў біскуп Зыгмунт Лазінскі.

Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі меў доктарскую ступень у маральнай тэалогіі. У свой час ён скончыў Папскі Латэранскі ўніверсітэт. Некаторы час выконваў абавязкі капелана ў Пінску, а таксама выкладчыка семінарыі. Як ён сам казаў, ён належаў да камісіі, якая залічыла ў семінарыю такіх святароў, як кс. Станіслаў Лазар і кс. Гжэгаж Каласоўскі.

Ксёндз меў вельмі незвычайны святарскі шлях. Ён быў рэктарам касцёла ў Навагрудку, прэфектам у навагрудскай гімназіі, капеланам у сясцёр назарэтанак у Навагрудку, будаўніком касцёла ў Брэсце... У пасляваенныя гады на яго плечы лягла адказнасць за апеку над Касцёлам Пінскай дыяцэзіі ў межах БССР. Потым быў арыштаваны і змешчаны ў стэплагер №4 у Казахстане, дзе на працягу шасці гадоў быў вымушаны цяжка працаваць.

Затым было вяртанне ў Пінскую дыяцэзію ў тую самую парафію, дзе кс. Вацлаў каардынаваў душпастырскую дзейнасць святароў, якія засталіся на гэтай тэрыторыі — іх было 12. Абшары былі вялікімі. Бачачы, што новых пакліканняў няма, гэтаксама як і адсутнічала афіцыйная магчымасць атрымаць сакрамэнт святарства, ён распрацаваў свой спосаб падрыхтоўкі клерыкаў да святарства.
На той момант кс. Вацлаў Пянткоўскі не хацеў спяшацца даваць згоду на маю фармацыю: ён ужо падрыхтаваў аднаго юнака, але магчымасці, каб удзяліць яму афіцыйнае святарскае пасвячэнне, так і не з’яўлялася.

Тады мой пробашч папрасіў прэлата са мной хаця б пагутарыць. Мяне запрасілі ў сакрыстыю. Ксёндз Пянткоўскі задаў мне некалькі пытанняў, пасля чаго сказаў, што згодны распачынаць маю падрыхтоўку. Ужо праз тры дні я павінен быў прыехаць на вучобу. Гэта было дзесьці 10 жніўня 1977 года.

І праз колькі дзён сапраўды распачалася мая падпольная падрыхтоўка да святарства. Ксёндз Вацлаў вызначыў месца для майго пражывання — гэта быў драўляны дом насупраць касцёла. У ім жылі бесхабітовая сястра і яшчэ адзін клерык, які, як і я, падпольна рыхтаваўся да сакрамэнту святарства.

Распарадак дня: «Пад’ём у 5.30…»

Ужо ў першы дзень прэлат вызначыў для мяне распарадак дня. Пад’ём у 5.30, прыбіранне. 6.00 — разважанне перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у касцёле (ён быў за 150 метраў ад нашага дома). Потым — падрыхтоўка да святой Імшы, спеў Экзэквій (Нешпары ці Ютрань за памерлых — Аўт.). У 7.15 пачыналася Імша. У 8.00 — сняданак на плябаніі ў ксяндза, затым быў кароценькі перапынак. І ўжо ў 9.00 я прыходзіў да прэлата ў пакой для заняткаў.

Калі ў 1947 годзе ксяндза арыштавалі, то яго плябанію таксама забралі. Спачатку яна выкарыстоўвалася як пошта, а пасля дом перадалі для пражывання адной з сем'яў. Таму ў ксяндза ў гэтым доме быў толькі адзін пакой.

Мелася таксама сталовая і пакой, дзе праводзіліся лекцыі — з 9.00 да 12.00. Пасля быў перапынак. У 13.00 — наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнта, малітва «Анёл Панскі». Затым абед. Пасля абеду ў мяне было або дзве гадзіны працы, або індывідуальная падрыхтоўка.

Ад 17.00 да 19.00 — ізноў сустрэча са святаром. У 19.00 — Ружанец, пасля якога я ішоў на вячэру. Пасля было духоўнае чытанне і разважанні — з гісторыі святых, гісторыі Касцёла, на эстэтычныя тэмы. Потым індывідуальная падрыхтоўка да сну. Спаць я ішоў у 22.00. Так праходзілі мае дні».

 «Каб пазбегнуць канфліктаў з уладамі, я працаваў качагарам»

«Пасля двух месяцаў такой фармацыі, каб пазбегнуць канфліктаў са свецкімі ўладамі, мне трэба было абавязкова ўладкоўвацца на працу. Праз сваіх знаёмых у Ляхавічах прэлат знайшоў для мяне такую працу — качагарам.

Праца была суткі праз тры. Адзін дзень ты дзяжурыш — паліць у катле, абаграваць двухпавярховы будынак дзіцячага садку, а потым і мэблевага магазіна. А тры дні пасля былі вольнымі. У выхадныя, калі садок або магазін не працавалі, з’яўляцца на працу было неабавязкова.
Праца была няцяжкая, бо аб’екты былі не асабліва сур’ёзнымі. Другі наш клерык працаваў у кацельнай у бальніцы, дзе патрабавалася большая мабілізацыя. У нядзелі я заўсёды служыў на святой Імшы.

Вучоба ўбірала ў сябе шэраг сур’ёзных дысцыплін: выкладаліся як філасафічныя, так і тэалагічныя дысцыпліны. Інфармацыю і план вучобы кс. Вацлаў звяраў з духоўным кіраўніцтвам. Улічваючы выкладчыцкае і семінарысцкае мінулае майго фарматара, увесь распарадак быў складзены на асабістым вопыце кс. Вацлава.

Таксама да 1980 года (пакуль не паўстала «Салідарнасць» у Польшчы) да нас у Мядзведзічы прыязджалі выкладчыкі з-за мяжы — прафесары пераказвалі нам веды, прывозілі неабходныя падручнікі.

Спачатку прафесар задаваў шматлікія раздзелы для самастойнага вывучэння. А на наступны раз, задаючы пытанні, высвятляў, наколькі добра я засвоіў тэму. Часта тлумачыў сам, а пры неабходнасці — нават і не адзін раз.

Звычайна святары прыязджалі да нашага ксяндза па душпастырскіх справах, а таксама на імяніны. У гэтыя рэдкія моманты мы павінны былі здаваць іспыты: прыязджалі святары і наш ксёндз прадстаўляў кандыдата, агучваў, якую дысцыпліну той вывучаў, затым задаваў пытанні прысутным — ці хочуць яны пацікавіцца ведамі кандыдата. Вось такім чынам праходзіла наша падрыхтоўка».

«Увесь год я не мог нікому расказаць пра сваё пасвячэнне…»

«З часам такіх юнакоў, якія, як і я, атрымлівалі адпаведную святарскую фармацыю ў прэлата, было ўжо некалькі. Вядома, гэта не заставалася па-за ўвагай уладаў. Пачаўся прэсінг на нашага фарматара. Выклікі ў сельсавет, у раён, адміністрацыйныя пакаранні...

Ксяндзу Вацлаву на той час было 78 гадоў. Пасля чарговай паездкі ў раён ён ён звярнуўся да мяне і сказаў, што далей такую вялікую групу ён ужо не можа весці. Сказаў, што у мяне падрыхтоўка ўжо на высокім узроўні, таму, калі ў мяне ёсць жаданне, хутка будзем рыхтавацца да святарскага пасвячэння: «Ты ўжо не можаш у мяне быць. Я даручаю цябе іншаму святару, каб ужо ён вёў цябе, як маладога святара, далей».
Магчымасці выехаць за мяжу да біскупа, які ўдзяліў бы мне святарскае пасвячэнне, у нас не было. Таму мы зрабілі інакш.

Мы знайшлі біскупа ў Літве — кс. Вацлава Стацкявічуса — які ўжо 23 гады знаходзіўся на высылцы пад хатнім арыштам. У канцы жніўня 1980 года ён удзяліў мне сакрамэнт дыяканату, а 28 кастрычніка таго ж года – сакрамэнт святарства. Ён таксама ўзяў ад мяне абяцанне, што на працягу года ніхто за выключэннем трох асобаў (вікарыя, пробашча маёй парафіі і яшчэ адной асобы, імя якой знаходзілася ў таямніцы) не павінен ведаць пра маё пасвячэнне. Біскуп баяўся таксама і за сябе: за ўдзяленне сакрамэнтаў без дазволу ўладаў яго б адразу б кінулі за краты...»

«Святары дзяліліся душпастырскім вопытам у экстрэмальных умовах»

«Пасля святарскага пасвячэння я прыехаў у Дзераўную, дзе выконваў абавязкі сакрыстыяніна і арганіста, дапамагаў ксяндзу Люцыяну Хмялёўцу ў катэхізацыі. Таемна ж на працягу года я цэлебраваў святую Імшу і пры неабходнасці хрысціў хворых дзяцей.

 

 

Падчас майго побыту ў Дзераўной старэйшы святар цалкам прыняў апеку нада мной. Гэта была сапраўдная духоўная фармацыя.

У свой час кс. Люцыян Хмялёвец скончыў Віленскую духоўную семінарыю, а таксама тэалагічны факультэт ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя са ступенню ліцэнцыяту. Ксёндз Люцыян увёў мяне ў душпастырства, а таксама перадаў Віленскую традыцыю душпастырства, бо ён быў віленскім святаром. Такім чынам, прабываючы ў гэтых двух святароў — кс. Люцыяна і кс. Вацлава — я меў шчасце пазнаёміцца з Пінскай і Віленскай традыцыямі Касцёла, якія мне ахвотна былі перададзены святарамі.

Калі прайшоў год, то біскуп ўжо не меў нічога супраць, каб я афіцыйна легалізаваўся як святар. Паколькі гэтыя рашэнні прымаліся мясцовым кіраўніцтвам, было вырашана звярнуцца за дапамогай да святара з Навагрудка, які меў якімсьці чынам уплыў на гэтую сітуацыю.

У далейшым было таксама вырашана, каб я ў якасці вікарыя дапамагаў яму ў спаўненні святарскіх абавязкаў: на той час ксёндз з Навагрудка быў адзіным святаром на Навагрудскі, Карэліцкі, Дзятлаўскі раёны і частку Лідскага.

Мая фармацыя да святарства і першае дзесяцігоддзе святарства праходзілі ў той час, калі на парафіях працавалі святары, якія цярпелі пераслед за веру (некаторыя прайшлі ГУЛАГ). Гэта былі сапраўдныя сведкі веры.

У іх можна было навучыцца не толькі шматлікім практычным справам, але таксама і тэалагічным ведам. На працягу года я дастаткова часта сустракаўся з кс. Юрыем Росікам з Паланэчкі. Гэта быў не толькі добры душпастыр, які выдатна працаваў з моладдзю, але і добры тэолаг.

Таксама сустрэчы з кс. Станіславам Лазарам, кс. Антоніем Гжэбоўскім, кс. Гжэгашам Каласоўскім. Добрыя кантакты ў нас былі і з гродзенскімі святарамі — кс. Апалінарыем Зубялевічам, кс. Станіславам Кучынскім, кс. Алаізам Тамковічам, кс. Барташэвічам, кс. Арановічам, кс. Вэберам, кс. Банткоўскім і інш.

Такія сустрэчы ўзбагачалі, таму што святары вучылі душпастырству ў экстрэмальных умовах, калі Касцёл не меў біскупаў, не існавала рэгулярнай сеткі парафій, адсутнічалі тыпаграфіі».

Частка ІІ. Інтэрв’ю.

— Як людзі з Вашага асяроддзя рэагавалі на імкненне юнакоў прысвяціць сваё жыццё Богу?

— З дзяцінства я хадзіў у касцёл. У большасці выпадкаў я меў стасункі з веруючымі людзьмі, таму ў маім пакліканні яны мяне падтрымлівалі. Нават калі я ўладкоўваўся ў Ляхавічы на працу, людзі свецкія знайшлі для мяне менавіта такую працу, дзе я мог бы максімальна выкарыстаць час для духоўнай падрыхтоўкі да святарства.

Вядома, былі і тыя, для каго гэта не мела вялікага значэння, хто ставіўся крытычна. Улада была атэістычнай, і рэпрэсійны апарат усё роўна даваў аб сабе ведаць.

— Праходзячы фармацыю, ці часта ўдавалася з’ездзіць у адведкі да родных?

— Фармацыйную пляцоўку я пакідаў толькі на тры дні: аднойчы кс. Вацлаў дазволіў мне на адзін дзень з’ездзіць адведаць хворага тату ў Вільні, другі раз — хворага тату дома, і трэці раз — пахаванне таты, тады ксёндз дазволіў мне адлучыцца на тры дні. Астатні час мне нельга было адлучацца.

— Як Ваша сям’я рэагавала на вашае жаданне стаць святаром. Верагодна, ім было няпроста без Вашай фізічнай падтрымкі, асабліва падчас хваробы таты?

— Калі я выбраў святарскае служэнне і пайшоў гэтай дарогай, тата мяне вельмі падтрымліваў. Усе члены маёй сям’і падтрымлівалі мяне. Мае сёстры маліліся ў гэтай інтэнцыі, таксама як і бацькі. У сям’і нас было пяцёра. Я быў другім дзіцём. Мая старэйшая сястра пазней таксама прысвяціла жыццё Богу. Сястра падпольна ўступіла ў закон бэнэдыктынак у Вільнюсе.

— Узгадваючы сваю фармацыю, Вы распавялі, што акрамя Вас у кс. Вацлава таемна да святарства рыхтаваліся і іншыя юнакі...

— Так. А колькі клерыкаў рыхтавалася да сакрамэнту святарства на чале з кс. Вацлавам і ў 1960-х, і ў 1970-х — мне цяжка сказаць. Але і пасля мяне ён працягваў фармацыю іншых клерыкаў.

— Магчыма, Вы ведаеце, як склаўся іх лёс?

— Па-рознаму. Адныя сталі святарамі. Напрыклад, часткова тут праходзіў фармацыю сённяшні біскуп Казімір Велікаселец. Цалкам фармацыю ў кс. Вацлава праходзіў кс. Вінцэнт Лісоўскі, дэкан Лідскі. Таксама кс. Генрых Акалатовіч, кс. Валянцін Новак. Частковую фармацыю тут пачынаў а. Станіслаў Садоўскі (пасля ён скончыў семінарыю). Але былі і тыя, хто пасля пачатку фармацыі ў пакліканні не вытрымлівалі. Іх лёс пайшоў іншай дарогай.

— У войска Вас прызвалі ў 22 гады. На той час Вы ўжо былі святаром. Чаму вас не прызывалі раней?

— Святарскую фармацыю я праходзіў тры з паловай гады. І сапраўды, на момант, калі мяне прызвалі ў войска, я быў 22-гадовым юнаком. А не прызывалі мяне па стане здароўя. У дзяцінстве я часта хварэў. Аднойчы трапіў пад кіпень — пашкоджанымі былі дзве трэція часткі цела. Прайшло паўтары гады, перш чым я адышоў з гэтага стану — праца сэрца была практычна знішчана. Потым (мне было 12 гадоў) я цяжка захварэў на рэўматызм. Доўга ляжаў. А затым другі раз (мне было 15 гадоў) я захварэў на рэўматычны палеантрыт. Пасля пайшлі складанасці на сэрца, сардэчная недастатковасць. Больш за тры месяцы я праляжаў у адным шпіталі, затым у іншым. Якраз хворае сэрца паўплывала на тое, што мне выдалі белы вайсковы білет.

Але пасля здарыўся той канфлікт, пасля чаго ў мяне забралі белы білет і адправілі служыць у Запаляр’е. Як сёння памятаю, вызвалі ваенкома і сказалі: прайсці па ўсёй камісіі і падпісаць… Так і зрабілі. Толькі адзін псіхіятр са мной размаўляў, усе астатнія напісалі, што годны.

— Часам кажуць, што клерыкі перажываюць у сваім пакліканні пэўныя сумненні і крызісы. Як у гэтым плане было ў Вас: ці здараліся крызісы і як Вы стараліся іх пераадолець?

— Крызісы бывалі. Часам здавалася, што якаясьці дысцыпліна вельмі цяжка ідзе. Трэба было прачытаць матэрыял не раз і не два, а ўсе пяць. Адны падавалі матэрыял на лацінскай мове, іншыя — на грэчаскай. Але гэта было нічым у параўнанні з нагонкай ад уладаў. Пасля смерці таты на працы ад мяне запатрабавалі даведку: «Мы не ведаем, ці ты сапраўды быў на пахаванні, ты павінен прывезці даведку аб смерці таты». Гэта цяпер я магу сесці ў аўтамабіль і паехаць, а тады для таго, каб пераадолець 200 кіламетраў,  трэба было два-тры дні. Дзесьці едзеш аўтаспынам, дзесьці — аўтобусам ці цягніком. А бывала, і пехатою ішоў у той сельсавет 10 кіламетраў. Прыйдзеш, а ў сельсавеце пытаюцца: і навошта даведка? Гэтыя паездкі вельмі прыгняталі.

Улады высмейвалі мяне, казалі: вось бачыш, замест таго, каб рыхтавацца да святарства афіцыйна, ты тут цяжка працуеш, не можаш хадзіць у сутане… Яны хацелі адабраць гэтую надзею, што я ніколі не буду святаром. Рознымі спосабамі яны гэта рабілі, зазвычай стараліся пераканаць, што прыкладуць усе намаганні, каб ніколі не дапусціць. Яны ведалі, што я хачу стаць святаром, бо бачылі той запыт, які я ў свой час падаваў у Рыжскую семінарыю...

— Якую параду Вы далі б юнакам, якія маюць сумненні ў сваім пакліканні да святарства?

— Пакліканне да святарства — гэта дар і ласка Божая. Гэта вялікае шчасце для чалавека, калі яго выбірае Бог. Для таго, каб даведацца, пакліканы ці не пакліканы ты да святарскага служэння, якраз і патрэбны гэтыя гады семінарысцкага жыцця.

У Касцёле выбіраюцца лепшыя святары-выхаваўцы, каб спадарожнічаць маладому чалавеку ў яго сталенні і падрыхтоўцы да святарскага служэння. Касцёл складае і прапаноўвае найлепшыя вучэбныя планы, патрэбныя для фармацыі: інтэлектуальнай, духоўнай, пастаральнай і чалавечай.

Што датычыць паклікання да святарства, то тут малады чалавек вырашае сам. Ніхто не зможа вырашыць за яго: ні рэктар, ні фарматар, ні духоўны айцец. Яны толькі спадарожнічаюць яму ў фармацыі, падказваюць і дапамагаюць яму адкрыцца на пакліканне. Але і сам юнак на працягу фармацыі павінен адказаць на пэўныя пытанні і сам выявіць сваё рашэнне.

Чаму здараюцца крызісы? Мы можам многае пра гэта гаварыць — або моцная спакуса, або слабая вера. Але ўзгадаем Езуса, які выбраў і фармаваў 12 апосталаў. Чаму не ўсе з іх вытрымалі? Пан Езус — гэта Сын Божы.

Чаму такое бывае сёння? Безумоўна, гэта сумна, бо святары сёння патрэбныя. Іх не стае. Але мы бачым, колькі абавязкаў яны на сабе нясуць. Святар не толькі вядзе да Хрыста іншых, але таксама і сам ідзе да Хрыста. І яму таксама патрэбны час на цішыню, час на малітву і час на далейшае духоўнае кіраўніцтва ў святарстве. Таму вельмі важнай з’яўляецца наша малітоўная падтрымка святароў — як будучых, так і дзейсных.

Гутарыў І. Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме