Зварот рэктара гродзенскай семінарыі кс. прэлата Юзафа Станеўскага на нядзелю Добрага Пастыра |
Я — добры пастыр і ведаю сваіх, а Мае ведаюць Мяне (Ян 10, 14). Паважаныя святары, сёстры законныя! Трываючы ў атмасферы змёртвыхпаўстання Хрыста, у чацвёртую велікодную нядзелю Касцёл ставіць перад нашымі вачыма постаць Хрыста — добрага пастыра. Вобраз добрага пастыра, узяты з Евангелля паводле святога Яна (Ян 10, 7–18), з'яўляецца адным з найстарэйшых вобразаў Хрыста, прадстаўленых у мастацтве першых хрысціян у катакомбах Рыма. Езус паказаны як добры пастыр. Ён трымае ягня на сваіх плячах, а пры Ім збіраюцца і іншыя авечкі, якія побач са сваім Пастырам адчуваць сябе ў бяспецы. Пра гэтую бяспеку ў сённяшнім Евангеллі Езус сказаў: «Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх. Яны ідуць за Мной, і ніхто не вырве іх з рук Маіх» (пар. Ян 10, 27–28). У гэтую нядзелю, якую называюць нядзеляй Добрага Пастыра, Касцёл традыцыйна моліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Пакліканне — слова, якое ўтойвае ў сабе таямніцу любові. Любові Сына Божага, Езуса Хрыста, да свайго Айца і да ўсіх людзей. Жадаючы ўзнаўляць сваю адданасць Айцу Нябеснаму і ахвяроўваць сябе за людзей у Найсвяцейшай Ахвяры, Хрыстус кліча некаторых людзей са свайго народа, каб далі Яму свае рукі, вусны і сэрцы, каб да канца часоў Ён мог аддаваць сваё Цела і сваю Кроў дзеля нашага збаўлення. Таму пакліканне не з’яўляецца выдумкай чалавека, а жаданнем самога Хрыста, які кажа: «Ідзі за Мной» (Мц 9, 9). Дарагія маладыя сябры, міністранты і выпускнікі сярэдняй школы, браты! Імкненне да дасканаласці, а значыць да блізкасці з Панам Езусам, не з’яўляецца чымсьці, што можна распаліць у сабе самастойна. Гэта ласка, якую Ён дае тым, каму хоча. Але мы можам прасіць Хрыста, каб быў як мага больш шчодры ў яе даванні, каб усё больш і больш маладых сэрцаў распальваў жаданнем наследаваць Яго. Перш за ўсё, трэба шчыра маліцца, каб кожны з нас, гледзячы на нашага Настаўніка і Пана, які кліча іншых да блізкасці з сабою, мог глыбока паглядзець у сваё сэрца і ўзрушана спытаць: «А можа, і я, Пане? Можа, і мяне клічаш?» Мы павінны горача маліцца, каб кожны з нас, пачуўшы ў сваім сэрцы сцвярджальны адказ, меў дастаткова мужнасці і любові і, нягледзячы на зразумелае пачуццё сваёй нягоднасці і страх, быў у стане адказаць «так», як малады Самуэль: «Вось я, Пане, бо Ты клікаў мяне. Кажы, Твой слуга слухае» (пар. 1 Кар 3, 1–10). Умілаваныя! Трэба таксама маліцца аб тым, каб мы, калі такі Божы заклік пачуе ў сваім сэрцы хтосьці з нашых блізкіх, хацелі і ведалі, як абараніць яго ад перашкод, і самі не заглушылі яго нашым супраціўленнем, трывогай і адсутнасцю разумення. Бэнэдыкт XVI у пасланні на пяцідзясяты Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця кажа: «Каб прыняць запрашэнне Езуса, мы павінны адмовіцца ад рашэння будаваць свой шлях уласнымі сіламі. Пайсці за Езусам азначае падпарадкаваць сваю волю Яго волі, сапраўды даць Яму першынство, паставіць Яго на першае месца сярод усяго, з чаго складаецца нашае жыццё: сям'я, праца, асабістыя інтарэсы і я сам. Ісці за Ім азначае аддаць сваё жыццё Яму, знаходзіцца ў інтымнай блізкасці з Ім, праз Яго ўвайсці ў еднасць з Айцом у Духу Святым і такім чынам у еднасць з нашымі братамі і сёстрамі». Кожнае пакліканне, а асабліва святарскае, з’яўляецца сакрамэнтальным знакам таго, што Бог любіць людзей. Таму добра, што ў часы, калі святарства і пакліканне часта называюць «страчаным жыццём», усё больш і больш людзей разумее, што свет патрабуе святароў, каб мець магчымасць адчуваць любоў Бога. Калі сёння свет моўчкі адыходзіць ад Бога, кожны святар з'яўляецца знакам, які ўказвае на Бога. З'яўленне святара, дзе б ні было, абуджае ў людзей думку: Бог сапраўды існуе! Чым больш чалавек хоча забыцца пра Бога ці выключыць Яго са свайго жыцця, тым больш асоба святара з’яўляецца нібы дэвізам: Хто ж як Бог? Чуючы пра войны і гвалт, нянавісць і жаданне помсты, якія пануюць у свеце, святар паўтарае: Бог ёсць любоў! Тых, хто сумняваецца, або знаходзіцца ў роспачы, святар аддае Божай Міласэрнасці, паўтараючы: Езу, давяраю Табе! Такім чынам, кожны адказ пакліканага чалавека з’яўляецца знакам прысутнасці Хрыста ў Касцёле і грамадстве. Дарагія браты ў пакліканні Хрыста! У Год веры, у нядзелю Добрага Пастыра і тыдзень малітваў аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, які распачынаецца, вернемся да дня нашага пасвячэння, каб па-новаму распаліць той Божы дар, які атрымалі праз ўскладанне рук. Полымя гэтай харызмы было прынята дзякуючы веры, і толькі дзякуючы ёй можна яго падтрымліваць. У лісце да святароў благаслаўлёны Ян Павел II пісаў: «Мы павінны часта ў духу вяртацца ў святліцу, дзе асабліва мы, святары, можам адчуваць сябе ў пэўным сэнсе „ў сябе“» (пасланне да святароў на Вялікі чацвер, 2000). Таму давайце вернемся «да сябе», у святліцу, дзе Хрыстус, добры пастыр, у сакрамэнце святарства распаліў у нас агонь любові і ўліў у далікатную плынь нашага жыцця вечную ласку. Дар святарства пасля яго прыняцця ніколі не знікае, але будзе трываць вечна. Мы становімся старэйшымі, змяняецца месца паслугі, але місія застаецца ранейшай: распальваць, падтрымліваць і распаўсюджваць полымя хрысціянскай любові сярод вернікаў, асабліва сярод міністрантаў і моладзі. Касцёлу ў Беларусі патрэбныя сведкі веры. Давайце ж будзем сведкамі жывой веры! Будзем паважаць і любіць нашую паслугу! Давайце будзем падчас кожнай святой Імшы, як нас заахвочвае папа Францішак, браць «на свае плечы давераны нам народ і несці яго імёны, запісаныя ў сэрцы», а асабліва тыя імёны, якія Хрыстус, добры пастыр, адзначыў харызмай святарскага і манаскага паклікання. Браты і сёстры! На чале з біскупам Аляксандрам, пастырам нашай дыяцэзіі, памолімся разам, каб Пан даў ласку паклікання многім сярод нас, а пакліканых умацаваў сваёю ласкай. Малады дружа, не бойся святарскага паклікання. Даверся Богу! У інтэнцыі распазнання твайго паклікання нашая семінарыйная супольнасць няспынна просіць Добрага Пастыра, укрытага ў найсвяцейшым сакрамэнце алтара, падчас набажэнстваў і ў штодзённым пакорным даверы, што Хрыстус, праходзячы побач, скіруе да цябе сваё слова: «Адвагі! Не бойся! Ідзі за мной». З дарам малітвы ад імя супольнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне рэктар кс. Юзаф Станеўскі |
Адноўлена 19.04.2013 16:14 |