Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальскі Нунцый да навучэнцаў гродзенскай семінарыі: святары — людзі, якія не баяцца любіць
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.12.2012 17:26

21 снежня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся перад Божым Нараджэннем з навучэнцамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. На святочную сустрэчу і дзяленне аплаткай прыбылі таксама бацькі семінарыстаў.

У межах сустрэчы прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў літургію з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, выкладчыкаў і ўсіх супрацоўнікаў семінарыі, навучэнцаў і іх родных. У гаміліі Апостальскі Нунцый звярнуў увагу на тое, што святары — гэта людзі, якія не баяцца любіць, і семінарыйная фармацыя павінна дапамагчы будучым душпастырам стаць здольнымі да гэтай любові. Па словах арцыбіскупа, вучоба, малітва, праца і ўвесь час, праведзены ў сценах семінарыі, павінны навучыць семінарыстаў жыць і быць людзьмі, поўнымі жыцця.

Нунцый падкрэсліў, што напрыканцы гэтай фармацыі «з семінарыі павінны выходзіць людзі, а не камні», — калі ж здарыцца наадварот, то гэта будзе злачынствам тых, хто праводзіць фармацыю.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў таксама, што пакідае семінарыстам у падарунак «тэрмометр любові», які б дапамог ім «мераць узровень» сваёй любові, вызначаць тое, ці маюць яны на самой справе пакліканне да святарства.

Апостальскі Нунцый узгадаў і той важны факт, што, рыхтуючыся да святарскага жыцця, трэба ўмець выражаць свае эмоцыі — інакш чалавек зробіцца сапраўдным неўротыкам. А людзі, як дадаў прадстаўнік Папы, не хочуць сустракаць хворых духоўных асобаў, бо ў іх жыцці шмат сваіх уласных праблем і хваробаў.

Падчас сустрэчы, у прыемнай сямейнай атмасферы, адбылося дзяленне аплаткай і выказванне пажаданняў з нагоды надыходзячых святаў.

Як паведаміў Сatholic.by рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. прэлат Юзаф Станеўскі, прыгожы звычай запрашаць на аплатковую сустрэчу родных усіх семінарыстаў існуе тут ужо некалькі гадоў. «Мы хочам пазнаёміцца з бацькамі нашых навучэнцаў, сустрэцца з іх блізкімі, паразмаўляць, пабыць разам», — дадаў рэктар.

А ў летні перыяд семінарыйная супольнасць арганізуе рэкалекцыі для бацькоў навучэнцаў. Усё гэта робіцца для таго, каб пазнаёміцца з асяроддзем, у якім выхоўваліся семінарысты, і больш даведацца пра іх.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме