Сярод навучэнцаў Гродзенскай семінарыі абралі лектараў і акалітаў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
18.02.2013 13:49 |
17 лютага, у першую нядзелю Вялікага посту, у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў урачыстую святую Імшу, падчас якой прызначыў навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне лектарамі і акалітамі. Адзін навучэнец трэцяга курсу прыняў паслугу лектара. Абвяшчаць Божае слова пакліканы перш за ўсё біскупы, святары і дыяканы. У выконванні гэтага абавязку дапамагаюць лектары. Яны чытаюць слова Божае падчас літургічных сходаў, перадаюць яго іншым, самі прымаюць Божае слова і разважаюць, каб у ім знайсці моц і радасць. Лектар пакліканы таксама абвяшчаць Езуса Хрыста сваім штодзённым жыццём. Трое навучэнцаў семінарыі чацвёртага курсу атрымалі паслугу акалітаў. Акаліты неабходны для таго, каб дапамагаць святарам і дыяканам праз абслугоўванне алтара, прыслужванне падчас літургічных дзеянняў, асабліва святой Імшы. Да таго ж, у надзвычайных выпадках яны могуць удзяляць святую Камунію. Гаміліяй гэтай нядзелі стаў пастырскі ліст, які да сваіх дыяцэзіянаў скіраваў на Вялікі пост біскуп Аляксандр Кашкевіч. Як адзначыў іерарх, у Евангеллі на Папяльцовую сераду Хрыстус «падказвае нам праграму і сродкі, неабходныя для яе выканання. Гэта тры галіны нашага хрысціянскага жыцця: малітва, міласціна і пост. Яны дапамагаюць нам адкрываць сэрцы на пасхальныя падзеі смерці і ўваскрасення Хрыста». Кажучы пра малітву, біскуп Гродзенскі адзначыў, што яна «заўсёды застаецца першай і галоўнай умовай набліжэння да Бога. Таму я заахвочваю вас, каб у гэты святы час вы прысвяцілі больш часу малітве. Яна ж пасадзейнічае таму, што мы выйдзем з абыякавасці жыцця і станем уражлівымі на справы Бога і нашай душы». Пост, як адзначыў біскуп, з’яўляецца другім неабходным этапам набліжэння да Бога і адкрыцця сябе на Яго. «Пост — гэта адчуванне голаду Божага слова, бо толькі яно можа даць адказ на пытанні, якія нас непакояць, і надаць сэнс нашаму жыццю». Як падкрэсліў біскуп, у хрысціянстве пост цесна звязаны з міласцінай. Вакол нас кожны дзень ёсць мноства людзей, якія патрабуюць нашай дапамогі і якія, на думку біскупа Кашкевіча, «з’яўляюцца нібы інструментам Бога ў даванні ім добрых рэчаў ад добрага сэрца». Іерарх заахвоціў усіх прысутных у перыяд святога часу посту аднавіць у сабе ўражлівасць на патрабуючых, а таксама «старанна і верна маліцца Богу, адважна змагацца са сваімі слабасцямі і актыўна ўводзіць у жыццё любоў Хрыста». Алюмнам, якія прынялі паслугу лектараў і акалітаў, біскуп Гродзенскі пажадаў узрастання ў веры і ласцы паклікання, а таксама адвагі ў крочанні да Божага алтара, не аглядаючыся назад, але скіроўваючы свой позірк угору, каб заўсёды ўзірацца ў Бога і бачыць патрабуючага. Кс. Юрый Марціновіч |