Як сведчыць пра Бога? Разважала моладзь у Оршы |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
10.04.2013 16:20 |
«І будзеце маімі сведкамі…» Тэма сведчання пра Бога, здаецца, даволі знаёмая і відавочная для кожнага хрысціяніна. Аднак, пабываўшы на «Вінаградніку», я ўпэўнілася, што гэта не так. Падчас дзвюх канферэнцый, якія правёў кс. Аляксандр Жарнасек МІС, удзельнікі «Вінаградніку» паглыбілі свае веды пра асаблівасці хрысціянскага сведчання. Аказваецца, сведчыць — значыць даказваць сапраўднасць факту, які некалі адбыўся. Па-сутнасці, уся Біблія з’яўляецца сведчаннем пра Бога. У той жа час, кожны з нас з’яўляецца сведкам Бога. Кожнаму з нас Бог дае заданне сведчыць. І калі мы вырашаем пайсці Яму насустрач, Дух Святы сведчыць разам з намі. Аднак важна расказваць толькі аб тым, што бачыш, што перажыў. Мы не можам даць іншым таго, чаго самі не маем, і сведчыць сухую тэалагічную тэорыю Гэтым мы адразу адштурхнём чалавека ад Бога. Вера ж нараджаецца тады, калі ты расказваеш, як Бог увайшоў у тваё жыццё. Менавіта ўласны прыклад найбольш можа паўплываць на сэрца і свядомасць іншага чалавека. Чаму так шмат хрысціянаў не сведчаць пра Бога, хоць Бог робіць у іх жыцці сапраўдныя цуды? Канечне ж, гэта страх. Як прымуць цябе іншыя, ці не асудзяць, ці не будуць смяяцца? Кожны падсвядома чакае добрай рэакцыі з боку іншых. Аднак гэтая рэакцыя можа быць пасля, бо некаторым з нас Бог даў пакліканне сеяць, і неабавязкова, што мы адразу ўбачым плёны сваёй працы. Каб сведчыць, часта патрэбна сябе «ламаць», перамагаць свой страх і сумненне і выходзіць да людзей. Магчыма, спачатку ты будзеш гаварыць агульнымі выразамі, не зусім упэўнена і натхнёна. Гэта натуральна, бо ў душы ідзе барацьба паміж дабром і злом, але з цягам часу ты гаворыш больш проста і канкрэтна. Сам Дух Святы будзе дапамагаць. Бог пакажа, у які момант, што і каму патрэбна сказаць. Напрыканцы сустрэчы адбылася малітва заступніцтва. Кожны жадаючы мог падысці да алтара, і святар, усклаўшы рукі, маліўся за гэтага чалавека ў яго асабістай інтэнцыі. Веды і благаслаўленні, атрыманыя на «Вінаградніку», будзем спадзявацца, прынясуць свой плён, і нашае хрысціянскае жыццё будзе не проста сухой тэорыяй, але і практычным сведчаннем іншым людзям аб неверагоднай ласцы Божай. Марына Валасар |