Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бог — не такі, як наш зямны айцец. Рэкалекцыі для дзяцей у Лебедзеве
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.03.2013 18:42

«Вяртанне ў бацькоўскі дом» — менавіта так гучала тэма рэкалекцый, якія праходілі з 22 па 24 сакавіка ў в. Лебедзева для дзяцей з маладзечанскай парафіі Святога Казіміра.

На працягу трох дзён разам з сястрой Крыспінай Янецкай MSF і аніматарамі дзеці разважалі над прыпавесцю пра марнатраўнага сына і міласэрнага айца. Усім нам вядома гісторыя гэтай прыпавесці: бацька падзяліў сваю маёмасць паміж двума сынамі, адзін з каторых, прагуляўшы ўсё, вяртаецца дадому. Бацька яго прабачае, прымае і для яго ладзіць святкаванне! Па-людску гэтага зразумець немагчыма. Нават дзеці, расказваючы пра сваіх бацькоў, казалі, што невядома, ці змог бы іхні бацька ім прабачыць такое.

Як добра, што Бог не такі!

«А як паступіў бы ваш зямны тата?» — прагучала пытанне аніматара. Тварыкі дзяцей адразу зрабіліся сур’ёзнымі, раптоўна наступіла цішыня. «Магчыма, ён не змог бы нас прабачыць», — разважалі дзеці. «Не, ніяк бы не змог, мы ж растрацілі ўсе яго грошы!»

Маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі сядзелі, апусціўшы вочы. Сумна, але, магчыма, праўда. І раптам нехта з дзяцей сказаў: «Але Бог не такі, як наш зямны тата». Што тут пачалося! Ізноў на тварах заіскрылася надзея, і кожны спяшаўся сказаць сваё: «Бог заўсёды прабачае, заўсёды прымае нас», «У Бога заўсёды ёсць для мяне час, яму заўсёды цікава са мной паразмаўляць», «Я магу распавесці Яму пра ўсе свае праблемы ці радасці»…

Як добра, што Бог не такі…

Але гісторыя пра марнатраўнага сына не мае заканчэння ў Евангеллі. І тут нашым дарагім дзецям давялося праявіць сябе ў рэжысуры, адчуць сябе карэспандэнтамі. Яны бралі інтэрв’ю ў Бога Айца, а таксама прыдумвалі свой асабісты працяг гэтай гісторыі: як адчуваў сябе бацька? Што адбывалася далей са старэйшым сынам? Ці малодшы сын не паўтарыў усяго таго, што здзейсніў раней? На ўсе гэтыя пытанні ўдзельнікі рэкалекцый знаходзілі адказы, прыдумвалі развязку. Хто як мог. І гэта ў іх атрымалася на ўсе 100%!

Некаторыя дарослыя кажуць, што Бога няма…

Як і на папярэдніх рэкалекцыях быў час на пакаянне і паяднанне з Богам.  Разам з аніматарамі дзеці «разбіраліся» ў галоўных грахах: адкуль яны паходзяць, што нясуць з сабой? Гэтыя размовы дапамаглі ўдзельнікам рэкалекцый падрыхтавацца да такога вялікага сакрамэнту, як споведзь.

«Некаторыя дарослыя кажуць, што Бога няма, — пачала сваё разважанне Ліза, — я таксама пачала трохі сумнявацца і думаць: а як яно ёсць? Але прыйшоў час ісці на споведзь. Мне было нялёгка рыхтавацца да яе, але ўсё ж такі я пайшла. І адразу пасля споведзі я адчувала сябе вельмі дзіўна: нібы я стала свабоднай і з майго твару звалілася маска, я цяпер магу вольна дыхаць. Стала мне вельмі радасна. Тады я зразумела, што гэта і ёсць доказ: Бог існуе. А дарослыя, якія ў Яго не вераць, проста памыляюцца».

Вочы дзяўчынкі свяціліся ад радасці. Яна казала простыя рэчы, але вельмі трапныя.

Крыжовы шлях

На заканчэнне рэкалекцый быў арганізаваны першы ў гісторыі вёскі Крыжовы шлях па вуліцах Лебедзева. На  гэтае набажэнства з’ехаліся бацькі дзяцей, прыйшлі парафіяне. Для ўсіх удзельнікаў была магчымасць паразважаць над жыццём і мукай Хрыста. Кожны меў магчымасць прайсці гэты шлях з Ім, несучы крыж на сваіх плячах.

Чыстыя сэрцы

 

Вядома, што кожныя малітоўныя сустрэчы, кожныя рэкалекцыі маюць свой плён. Пра плён гэтых рэкалекцый казаць яшчэ рана, бо ён будзе бачны з цягам часу. Але адно было відавочна адразу: гэта не былі рэкалекцыі толькі для дзяцей, але і для аніматараў. Бо калі сустракаеш такіх цудоўных дзяцей, сэрцы якіх чыстыя, а вочы поўныя надзеі, — і самому хочацца быць прасцей, радасна і несумніўна верыць Богу. Гэта не мы ім казалі, што «Бог ёсць любоў». Яны распавядалі нам аб любові Бога сваімі сведчаннямі і ўчынкамі, сваёй простай паставай. Сваімі ўсмешкамі і сваёй надзеяй на лепшае. Нам, дарослым, ёсць чаму павучыцца ў іх.

Дамініка Гулевіч і Аляксандра Шчыглінская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме