Лектар — слуга Божага слова |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
30.11.2010 18:39 |
У першую нядзелю Адвэнту, 28 лістапада 2010 г., Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне. Літургія была злучана з абрадам устанаўлення лектараў. Слова Божае… Слова Божае можа змяніць жыццё чалавека, яно абуджае веру, стварае новую рэчаіснасць. І гэтае Божае слова дзейнічае праз таго, хто яго абвяшчае. Таму вельмі важна, каб гэта рабіў той, хто ведае сваю справу і адпаведным чынам да гэтага падрыхтаваны. Такім чалавекам з’яўляецца менавіта лектар. Лектар — гэта той, хто падчас святой Літургіі выконвае літургічную паслугу і ўдзельнічае ў прароцкай місіі Касцёла, абвяшчаючы (чытаючы) слова Божае (Канстытуцыя пра святую Літургію — Sacrosanctum Concilium, 29). Лектар — гэта ўжо не міністрант, гэта паслуга, якую бярэш на сябе на ўсё жыццё… Нас, хлопцаў з парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне, Бог паклікаў да гэтай паслугі і даў нам адпаведныя магчымасці. Для таго, каб падрыхтавацца да экзамену, мы атрымоўвалі веды на працягу трох курсаў. Вучыцца было зусім не сумна! Нават наадварот, мы паспелі і вельмі добра адпачыць ад урокаў у школе. Цудоўным падарункам было месца правядзення курсаў: першы адбываўся ў вёсцы Канстанцінава (Будслаўскі дэкатан), другі праводзіўся ў Польшчы, а трэці — на тэрыторыі Украіны. На першы курс паехалі сем хлопцаў-міністрантаў, якія яшчэ амаль нічога не ведалі пра Божае слова і яго моц, але мелі прагненне вучыцца і адказалі на прапанову нашага пробашча «так!». Шмат новага і вельмі цікавага мы даведаліся пра Касцёл, чыталі Святое Пісанне, як умелі. На другім курсе, калі нас прыехала ўжо толькі шэсць, нам пашанцавала пазаймацца з прафесарамі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ (Польшча), якія вучаць і будучых святароў — семінарыстаў. Мы працавалі над сваёй дыкцыяй, паглыблялі свае веды і нават спрабавалі спяваць! На апошнім, трэцім курсе, мы паўтаралі і падрабязней вывучалі гісторыю Божага слова, структуру Касцёла і шмат іншых карысных для нас і цікавых рэчаў. Увесь час мы трэніраваліся чытаць літургічныя тэксты, памыляліся, выпраўляліся і зноў чыталі… Канешне, можна крыху пахваліцца вынікам, які адразу бачны, калі параўнаць нашае чытанне на першым курсе з тым, якое было на трэцім. Паміж курсамі, на якія мы выязджалі, каб адасобіцца ад усіх перашкод, мы штотыдзень займаліся ў сваёй прарафіі. І, канешне, на гэтым наша вучоба не заканчваецца, а штотыднёвыя заняткі працягваюцца далей, ідзём да новых ведаў і працуем над сабой. І вось надышоў экзамен… Нам трэба было пацвердзіць нашую годнасць да гэтай паслугі, каб Касцёл мог нас выбраць, паказаць свае веды, якія мы здабывалі і паўтаралі на працягу года. Здаючы экзамен, мы павінны былі адказаць на адно з трыццаці пытанняў, якое выцягнулі, справіцца з дадатковымі заданнямі і адолець практычную частку, дзе трэба было прачытаць адно з падрыхтаваных чытанняў. І вынікі апраўдалі нашы — можа, і не на поўную сілу — старанні: пяцёра хлопцаў сдалі залік на 9-10 балаў! І мы, Эдмунд Станкевіч, Антон Страх, Павел Рудкевіч, Антон Варанюк і Яўгеній Святоха, нарэшце дачакаліся самога абраду ўстанаўлення лектараў. Урачыстую святую Імшу 28 лістапада 2010 г. узначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр падкрэсліў важнае значэнне паслугі лектара ў парафіі і Касцёле наогул. Па словах прысутных святароў, абрад устанаўлення атрымаўся «прыгожым і якасным». Нават хтосьці пажартаваў: «Як у біскупаў!». Мы склалі свае абяцанні і прынялі ад біскупа Святое Пісанне на знак таго, што будзем над ім разважаць і абвяшчаць слова Божае. Цяпер мы ўжо не міністранты, мы сапраўдныя лектары. Кожны з нас мае сваю ўласную белую альбу з поясам чатырох літургічных колераў і лектарскі крыж. І з гэтым звязана нашае служэнне. Мы загадзя сур’ёзна рыхтуем чытанні і дапамагаем парафіі. Цяпер на нас ляжыць і адпаведная адказнасць. Бо наша служэнне, а ў першую чаргу Божае слова, павінны дзейнічаць на нашае ўласнае жыццё, якое можа потым сведчыць пра нас. Мы, як хрысціяне, павінны адкрываць сваё вуха на голас Пана Бога!.. І здзяйсняць Ягоную, а не сваю волю ў нашым жыцці… Ёсць да чаго імкнуцца! Адказнасць наша яшчэ большая таму, што нам выпала магчымасць стаць першымі лектарамі ў Беларусі. Гэта вялікі гонар, бо мы становімся прыкладам для наступных лектараў, якія, спадзяёмся, з’явяцца і ў іншых парафіях Беларусі. Мы, лектары, сапраўды верым у слова Бога, якое абвяшчаем. Стараемся паказваць прыклад у сваім жыцці, праз свае ўчынкі. Мы служым людзям, дапамагаем ім пазнаваць Божую волю, каб затым здзяйсняць яе ў сваім жыцці. Таксама мы служым нашым святарам і біскупам, з якіх імкнёмся браць прыклад. Нашае служэнне сапраўды патрэбна Касцёлу ў Беларусі. І мы хочам быць карыснымі для Яго. Таксама мы абавязкова павінны ўспомніць і падзякаваць нашаму пробашчу, а. Арыюшу Малыска OFMCap, які прысвяціў сябе гэтай справе, арганізаваў курсы, заахвоціў нас і змог перамагчы ўсе цяжкасці (якіх было нямала), каб дасягнуць жаданай мэты — мець у сваёй парафіі лектараў. Вялікі дзякуй яму і, канешне, перш за ўсё, Пану Богу! Антон Страх |
Фотарэпартаж |