З 13 па 22 ліпеня ў Оршы пры парафіі Св. Юзафа, якою апякуюцца айцы марыяне, адбылася чарговая сесія «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Як заўсёды, удзельнікі рэгулярных рэкалекцый з вялікім чаканнем распачалі летнюю сустрэчу.
На працягу 10 дзён інтэнсіўнага прабывання на малітве Бог асаблівым чынам дзейнічаў у сэрцах удзельнікаў. Сярод духоўных канферэнцый быў час таксама на асабістую малітву, рэфлексію і адпачынак. Са шматлікіх сведчанняў вынікае, што кожны ўдзельнік рэкалекцый перажыў духоўнае аднаўленне.
Алег з Мінска: «Я на школе чацвёрты раз. Раней я ўжо даваў сваё сведчанне, што Пан вельмі змяніў маё жыццё. Раней я думаў, што Бог дае мне шмат малых дароў, а цяпер зразумеў, што гэта адзін вялікі дар. Ён проста забраў маё старое жыццё. У мінулым было шмат чаго: алкагалізм, курэнне… А цяпер Пан Бог прамовіў да мяне. На гэтай школе Ён адкрыў мне, што не давала мне паўнавартасна весці з Ім дыялог. Я стаў больш упэўнены. Я чамусьці не мог глядзець людзям у вочы, не адважваўся загаварыць з чалавекам на вуліцы, але калі пайшоў на евангелізацыю, зразумеў, што нічога з гэтага страху не засталося. Я свабодна размаўляў з людзьмі. Цяпер я хачу несці слова Бога, мне гэта вельмі спадабалася. Калі Бог хоча — няхай карыстаецца мною».
Ларыса з Мінска: «Я ўпершыню трапіла на „Школу хрысціянскага жыцця і евангелізацыі“. Я ўсведамляю, што Хрыстус шмат гадоў туды мяне запрашаў. Спачатку тут пабывалі мае дзеці. Для мяне таксама настаў час, і я з вялікім прагненнем прыехала на гэтую школу. Я вельмі ўдзячная Богу, які дапамог мне параўнаць маё ранейшае жыццё да гэтага моманту з цяперашнім. Ён ашаламіў мяне багаццем сваёй любові. Дапамог мне перажыць адчуванне сваёй прысутнасці, клопату і Провіду. Я адчувала сябе вельмі шчаслівай, гэта быццам сухое зерне атрымала адпаведную порцыю вільгаці і пачало расці. Хрыстус надзяліў мяне сваімі дарамі вельмі шчодра і адразу, здавалася, толькі паспявай падстаўляць далоні. Даў мне моц, радасць і супакой».
Ян з Наваполацка: «Тут усе казалі пра любоў — я таксама хачу сказаць пра любоў, якою мяне любіць Айцец Нябесны. Гэтая любоў большая, чым любоў маці, жонкі і дзяцей. Я ведаю, што я добры сын майго Айца. Падчас святой Імшы Езус аздаравіў мяне ад страху. Я зусім змяніўся».
Аня з Мінска: «Я прыехала на школу з вялікімі праблемамі і перажываннямі. Думала, што ў час школы буду думаць толькі аб праблемах. Я лічу, што я чалавек моцны і сама з усім спраўляюся. Хачу ўсё кантраляваць. Падчас школы я задала сама сабе пытанне: чаму я не магу адкрыцца і даверыцца іншым і Богу, як дзіця ў адносінах да бацькоў? Я зразумела, што ў мяне быў згублены давер да людзей. Я не магла ўявіць, што магу расказаць сваю праблему чужому чалавеку, а яшчэ папрасіць іншага памаліцца за мяне. Мне здавалася, што гэта нікога не цікавіць. На школе я нанава адкрыла давер да людзей. Дзякую за гэта Богу. За два дні да заканчэння школы я ўсвядоміла, што застаецца зусім мала часу да завяршэння, і засмуцілася. Аднак хутка прыняла рашэнне, што гэтыя два дні пражыву так, каб яны былі больш інтэнсіўныя ў даванні любові, чым папярэднія восем».
У Беларусі рэкалекцыі «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» дзейнічаюць шосты год. За гэты час удзел у іх прынялі больш за 600 чалавек.
А. Міхал Цвячкоўскі МІС
|