Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Еднасць салезіянскай сям’і: калядны абразок са Смаргоні
Беларусь
15.01.2013 14:45

Заканчэнне чагосьці ― гэта заўсёды пачатак чамусьці новаму. У гэтую нядзелю cвятам Хроста Пана мы развіталіся з перыядам Божага Нараджэння і распачалі перыяд звычайны. Безумоўна, гэты перыяд, як і наступныя, будзе багаты на падзеі і шчырыя эмоцыі. Азіраючыся на пражыты час Божага Нараджэння, прыемна ўзгадаць, як яго пражыла наша родная парафія Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні.

«Прыйдзі, Езу, мы Цябе чакаем!»

Рараты. Нягледзячы на халодныя і напаўзмрочныя раніцы, дзеці не абміналі раратнія Імшы і акурат перад школай прыходзілі ў касцёл. 

Усе жылі чаканнем. Рэпетыцыі тэатральных пастановак, творчыя майстэрні для дзяцей і старэйшых ― перыяд перад Божым Нараджэннем быў прыемнай нагодай да сустрэчы розных парафіяльных груп… Пасля былі шматлікія аплатковыя сустрэчы дзяцей і моладзі, салезіянскіх супрацоўнікаў, таварыства парафіянаў “Савіоклуб”, кола Жывога Ружанца, парафіяльнага хору… І кожны мог выказаць шчырыя пажаданні, каб «Дзіцятка Езус нарадзіўся ў нашым сэрцы, каб заўсёды нам хапала жыццёвай моцы зрабіць крок насустрач патрабуючым і радавацца кожнаму дню».

Ноч з 24 на 25 снежня была асаблівая. Прынамсі як і штогод. Пасля Пастэркі моладзь сабралася ў Моладзевым Цэнтры, каб падзяліцца аплаткай. Падрыхтаваная тэатральная пастаноўка, рэжысёрам якой выступіла парафіянка Паўліна Жых (гэта быў дэбют), дала магчымасць паразважаць на пытаннямі прысутнасці Бога ў жыцці чалавека.

«Каляда калядуючы…»

Калядныя падарункі да Божага Нараджэння атрымалі дзеткі парафіі. Гэта заўсёды асаблівы момант для іх. Сёлета, дзякуючы ахвярнасці пробашча кс. Здзіслава Вэдара SDB і іншых дабрадзеяў, было падрыхтавана больш за 700 салодкіх падарункаў для дзяцей, якія ходзяць на катэхезу. 

А пасля была каляда, падчас якой дзеці разам з с. Веранікай Блізнюк FMA адведвалі хворых дзетак у бальніцы, а таксама бабуль і дзядуляў у дамах састарэлых. 

Прыемна ўзгадаць гэтыя чуллівыя моманты. Будзем спадзявацца, што і студзень таксама будзе багаты на прыемныя навіны. Тым больш, гэта ― месяц салезіянскі: 31 студзеня Касцёл у Беларусі будзе узгадваць Яна Боска, заснавальніка супольнасці салезіянаў. 

Вераніка Огар, с. Ірына Барцэвіч FMA

(JLS)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.