Будзь Воля Твая: пяць дзён велашляху да росіцкай святыні, напоўненых радасцю |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
09.08.2010 14:25 |
2 жніўня 2010 г., у панядзелак, распачалася 5-дзённая пілігрымка барысаўскіх вернікаў у Росіцу. Пілігрымы пад кіраўніцтвам кс. Міхала Цвячкоўскага МІС выправіліся з касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве. Шлях каля 270 км прайшоў у еднасці, супольнай і шчырай малітве, у якой вернікі прасілі заступніцтва бласлаўлёных ксяндзоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Кожны пілігрым таксама меў цудоўную магчымасць для прыватнай малітвы і падзякі Богу. Мы кіравалі свае ровары праз Лепель, дзе пазнаёміліся з кс. Андрэем Аніскевічам, даведаліся пра жыццё яго парафіі і дзякавалі Богу за першы дзень нашага шляху. Потым мелі цудоўны адпачынак на возеры каля вёскі Гомель, смажылі бульбачку ў вогнішчы і прамаўлялі вячэрні Ружанец. На трэці дзень спыніліся ў старажытным Полацку, дзе правялі невялікую пешую пілігрымку да св. Еўфрасінні Полацкай. Увечары адбылася святая Імша, канцэрт арганнай музыкі і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. На наступны дзень у верхнядзвінскім касцёле вернікі сустрэліся з пешай барысаўскай пілігрымкай на чале з а. Вячаславам Пялінкам МІС. Шчырыя прывітанні, усмешкі на тварах, сонечныя зайчыкі ў стомленых вачах... Вечарам адбылася літургія з удзелам італьянцаў, якія далучыліся да пешых пілігрымаў. Начавалі пілігрымы на беразе празрыстай ракі, дзякавалі Богу за тыя кіламетры, што засталіся за нашымі спінамі, маліліся за дабрадзеяў, якіх Ён пасылаў на нашым шляху, маліліся Ружанец каля палымнеючага вогнішча і гутарылі. Анна Папко |
Фотарэпартаж |