Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзе любоў перамагла смерць. Феномен Росіцы
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.02.2012 16:34

«Мы сабраліся, каб праслаўляць Бога ў росіцкай святыні і прасіць заступніцтва ў благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя і Антонія ў нашых штодзённых справах. У гэтыя лютаўскія дні мы шукаем ласкі Бога, а гэтая ласка нарадзілася тут, у пакутах і веры канаючых людзей», — з гэтымі словамі звярнуўся а. Чэслаў Курэчка МІС, пробашч парафіі ў Росіцы, да шматлікіх пілігрымаў, святароў і сясцёр законных — усіх тых, хто 18 лютага прыехаў у Росіцу, каб у чарговы раз ушанаваць подзвіг бласлаўлёных пакутнікаў айцоў марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

З кожным годам пашыраецца геаграфія мясцінаў, з якіх пілігрымы прыязджаюць у Росіцу. У гэтым годзе сюды прыехалі вернікі з Полацка, Наваполацка, Віцебска, Браслава, Мёраў, Дзісны, Глыбокага, Лучая, Расонаў, Бігосава, Друі,  Верхнядзвінска, Шаркаўшчыны, Пеліканаў, Мінска, Барысава, Жодзіна і нават з Пінска. Разам з вернікамі ў Росіцу прыехалі айцы марыяне на чале з айцом правінцыялам Паўлам Наўмовічам МІС, які ўзначальвае Польскую правінцыю, Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, дыяцэзіяльныя святары, сёстры змёртвыхпаўстанкі. А сёстры эўхарысткі, — якія, як адзначыў а. Чэслаў Курэчка МІС, «у тыя лютаўскія дні да апошняга служылі людзям у гэтай святыні», — прыехалі ў Росіцу, каб завершыць свае шасцідзённыя рэкалекцыі і аднавіць веру і любоў да Бога і чалавека.

У снежні мінулага года касцёл у Росіцы адзначыў свой стогадовы юбілей. Урачыста гэтая падзея будзе адзначацца падчас летніх святкаванняў, але ўжо цяпер айцец Чэслаў узгадаў аб гэтым і сказаў: «Дзякуй Пану Богу за гэтую святыню, дзе любоў перамагла смерць, дзе ёсць асаблівы дух малітвы, дзе з намі, са сваім народам і за нас моляцца бласлаўлёныя пакутнікі. У гэтыя дні Росіца прамаўляе па-асабліваму».

Святкаванне пачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Па традыцыі ў сваёй прывітальнай прамове а. Чэслаў зачытаў некалькі ўрыўкаў з тых шматлікіх лістоў, што дасылаюць вернікі з усёй Беларусі ў Росіцу, у якіх яны дзеляцца сваімі ўражаннямі аб наведванні гэтага святога месца Беларусі і аб тым, якую ролю ў іх жыцці адыгралі благаслаўлёныя пакутнікі. Дарэчы, у Росіцы заўсёды доўгія чэргі тых, хто жадае скарыстаць з сакрамэнту пакаяння. Вялікая колькасць пілігрымаў пакiдае тут свае iнтэнцыi, у якіх моляцца айцы марыяне праз заступніцтва благаслаўлёных пакутнікаў.

Галоўным цэлебрантам Імшы быў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. Літургію ўпрыгожыў сваімі спевамі хор з Барысава пад кіраўніцтвам а. Вячаслава Пялінка МІС, які штогод прыязджае ў Росіцу.

У сваёй гаміліі падчас Імшы айцец Павел Наўмовіч МІС, звяртаючы ўвагу прысутных на агонь на абразе з выявай пакутнікаў, адзначыў, што «першае значэнне гэтага агню — цярпенне, пераслед, несправядлівасць».

«У гэтым агню цярпення ёсць Божае святло. Бласлаўлёныя пакутнікі засталіся са сваім парафіянамі, каб даваць ім любоў, паколькі мелі ў сабе іншы агонь —  агонь любові Айца, з якога нараджаецца агонь любові да другога чалавека. Гэты агонь любові дазваляе пакутнікам увайсці ў агонь цярпення. Нашыя два пакутнікі ўказваюць на пэўны спосаб пакутніцтва — пакутніцтва, якое прыходзіць у дадзены момант», — адзначыў святар.

Айцец Павел Наўмовіч адзначыў таксама, што існуе і іншы род пакутніцтва, які адбываецца ў штодзённым жыцці. Як прыклад гэтага ўзгадаў постаць благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, які аднавіў дзейнасць закона марыянаў і чыё 25–годдзе з дня беатыфікацыі адзначаецца ў гэтым годзе.                                                                

Што прымушае шматлікіх пілігрымаў прыязджаць сюды, у Росіцу, у гэтыя марозныя лютаўскія дні, аддаючы свой вольны час, аддаючы грошы на праезд, што прымушае іх мёрзнуць у настылым касцёле, а таксама ісці ў працэсіі? Аб гэтым феномене Росіцы, не пабаюся гэтага слова, заўсёды ўзгадвае айцец Чэслаў Курачка. Святар казаў, як адзін чалавек вельмі здзіўляўся таму, што пілігрымы прыходзяць сюды і ў 30-ціградусную спёку і ў 30-ціградусны мароз. І дадаў: «Тут сапраўды дзейнічае Бог і Ягоная ласка».

Рацыянальна гэта сапраўды цяжка растлумачыць. Узгадваецца аповед аднаго клерыка, як некалькі гадоў таму ў Росіцу на жнівеньскія ўрачыстасці прыехалі замежныя госці і вельмі здзівіліся, калі ўбачылі крывавыя мазалі адной з паломніц, што пераадолела амаль 300 кіламетраў, каб прыйсці ў Росіцу. Навошта гэта, здзівіліся яны, на двары, між іншым, XXI стагоддзе. І толькі пабываўшы на месцы пакутніцкай гібелі благаслаўлёных, яны зразумелі НАВОШТА.

«Тут я знаходжу спакой і радасць, тут і паплачу. Менавіта тут я чэрпаю свае сілы. Гэта як у спякотны летні дзень наталіць смагу», — кажа паломніца з Глыбокага.

Традыцыйна крыж, што ўзначальвае працэсію да месца пакутніцкай смерці благаслаўлёных і іх паствы, нясе Канстанцін з Жодзіна. Крыж сапраўды цяжкі, але ж крыж ніколі лёгкім не бывае. Людзі ў гэтай працэсіі заўсёды маўклівыя і засяроджаныя. Пэўна, не адзін з нас, ідучы гэтай дарогай, у думках узгадвае тыя далёкія падзеі, і тых людзей. І той крыж, які, па ўспамінах сведкі тых падзей Ганны Дзмітрыеўны Жураўлёвай, узяў айцец Юрый і пайшоў… А далёка па наваколлі разносяцца спевы: «Божа, ствары ўва мне чыстае сэрца…»

Заўсёды на развітанне а. Чэслаў Курачка заклікае пілігрымаў пісаць лісты, прыходзіць сюды, пакідаць тут свае малітоўныя просьбы. І сапраўды, шматлікія пілігрымы не раз яшчэ будуць вяртацца сюды, у Росіцу, у тое месца, дзе любоў перамагла смерць.

Кацярына Лаўрыненка

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў