Сёлетняя ХІ Пешая пілігрымка з Гродна ў росіцкі санктуарый Езуса Журботнага сабрала каля 300 удзельнікаў. Вернікі вярталіся дадому поўныя духоўнай энергіі, каб з новымі сіламі выконваць штодзённыя справы і рэалізоўваць сваё пакліканне. Па традыцыі пасля вяртання з пілігрымкі адбылася святая Імша падзякі за гэтае падарожжа.
6 жніўня, у свята Перамянення Пана, удзельнікі пілігрымкі сабраліся ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль і распачыналася падарожжа, каб дзякаваць Богу за дар пілігрымавання і за яго плёны. Падчас літургіі маліліся за ўсіх, каго сустрэлі на сваім шляху, хто прымаў на начлег і частаваў абедам.
Ксёндз Аляксандр Мацкевіч, натарыус Гродзенскай курыі, адзначыў у гаміліі, што падчас пілігрымкі людзі «паглыбілі сваю веру, магчыма, навучыліся інакш глядзець на сябе, на свае сем’і, сяброў». Святар заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за дар гэтай перамены.
«Езус Журботны вучыць, што ў цярпенні можна сустрэць Бога. Лепш зразумець гэта нам дапамагла пілігрымка, якая з’яўляецца своеасаблівай сустрэчай з цярпеннем, каб праз гэтае цярпенне распазнаць волю Бога і спаткаць Езуса Хрыста», — адзначыў кс. Мацкевіч і дадаў, што «нашым перамяненнем з’яўляецца жыццё вечнае, і толькі тады, калі мы будзем мужныя, дасягнём гэтай мэты».
![](/2/images/stories/news/2012/08/2012-08-07-2012-08-07-grodna-0023.jpg) Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы. На сцэне каля касцёла прагучалі шчырыя словы падзякі для пілігрымкавых службаў, якія паклапаціліся аб тым, каб падарожжа прайшло добра і бяспечна, для духавенства за душпастырскую апеку ўдзельнікаў пілігрымкі. На жаль, надвор’е перашкодзіла забаўляльнай частцы сустрэчы. Мерапрыемства завяршылася супольнай малітвай і феерверкам.
Кс. Юрый Марціновіч
|