Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці ў Гродне: быць апосталам Езуса Хрыста
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.06.2012 15:58

1 чэрвеня 2012 г. у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбыўся ІІ Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. На запрашэнне арганізатараў адказалі больш за паўтары тысячы дзяцей, якія прыбылі разам са сваімі святарамі, сёстрамі законнымі, катэхетамі і бацькамі нават з самых аддаленых мясцін дыяцэзіі. Удзельнічалі і дзеці з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (Маладзечна, Вілейка) і Віцебскай дыяцэзіі.

Свята адбылося пад дэвізам «Хачу быць апосталам Езуса Хрыста». Яго маленькія ўдзельнікі такім чынам пажадалі далучыцца да апосталаў, каб вучыцца быць добрымі хрысціянамі ў сваім асяроддзі. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, на тварах удзельнікаў была радасць. Многія прыбылі, каб падзякаваць Богу за дар Першай Камуніі, якую прынялі ў гэтым годзе. Прысутнічалі і міністранты, якія ў сваіх парафіях кожны дзень служаць перад Божым алтаром, дапамагаючы святарам.

Да гэтага свята дзеці рыхтаваліся некалькі месяцаў праз удзел у конкурсах. Першы конкурс засноўваўся на перапісванні Новага Запавету. Варта адзначыць, што дзякуючы ахвярнай працы дзяцей з усёй Беларусі ўдалося перапісаць яго. Другі конкурс прапаноўваў намаляваць сцэну з Новага Запавету. Ён выявіў вялікія таленты ва ўдзельнікаў, якія прадставілі ў сваіх працах разнастайныя біблейскія падзеі. Агульная колькасць удзельнікаў конкурсаў склала 400 чалавек. Арганізатары свята абяцаюць, што ў бліжэйшы час па пошце або праз парафіі дзеці атрымаюць падарункі.

Падчас святой Імшы перапісаная Біблія была ўрачыста прынесена да алтара і перададзена біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу дзецьмі парафіі ў Адамовічах.

Дзень дзіцяці распачаўся на сцэне, пабудаванай каля касцёла. Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся арганізатары свята і кс. прэлат Юзаф Трубовіч, дэкан дэканату Гродна-Захад. Затым дзеці з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай выступілі з танцам. Прыгожым спевам удзельнікаў сустрэчы парадаваў калектыў «Журавушка» Гродзенскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. На жаль, па прычыне дажджу немагчыма было рэалізаваць усю запланаваную праграму.

У касцёле дзеці выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў пробашч геранёнскай парафіі кс. Сяргей Ангур TChr, які распавёў пра апосталаў і прапанаваў маленькім вернікам адказаць на пытанне: «Чаму апосталы нас сёння могуць навучыць?»

Кульмінацыяй свята стала ўрачыстая літургія пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Кашкевіча. Імшу канцэлебравалі шматлікія святары. Удзельнічалі таксама новапрэзбітэры, якія 26 мая 2012 г. прынялі ў гродзенскай катэдры з рук біскупа святарскае пасвячэнне. Гэта новая традыцыя, якая распачалася сёлета і будзе працягвацца ў наступныя гады: на пачатку святарскага шляху маладыя душпастыры будуць прымаць удзел у Дні дзіцяці і напрыканцы літургіі ўдзяляць прыміцыйнае благаслаўленне.

Дзеці з парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі звярнуліся да новапрэзбітэраў, жадаючы ім руплівасці і нястомнасці ў служэнні. «Верны люд нашай дыяцэзіі, а таксама мы, дзеці, глядзім на вас з вялікай надзеяй. Нясіце Бога ўсім людзям, кажыце ўсім пра Яго. Не шкадуйце часу для нас, будзьце заўсёды адкрытымі, адданымі, зычлівымі, ахвярнымі», — пажадалі святарам маленькія вернікі.

Гамілію прамовіў кс. Раман Катлімоўскі. Святар адзначыў, што І Дзень дзіцяці арганізаваў сам Хрыстус, і сляды гэтага свята бачны ў Бібліі: «І прыносілі да Езуса дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх. Але вучні забаранялі ім. Убачыўшы гэта, Езус абурыўся і сказаў ім: „Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго“» (Мк 10, 13–16).

Літургію падрыхтавалі дзеці з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адамовічах, a спеў выканаў гурт «Promyki» з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне.

Трэба адзначыць, што на 1 чэрвеня прыпала першая пятніца месяца, таму многія дзеці прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Напрыканцы арганізатары падрыхтавалі дзецям сюрпрыз. На сцэну быў унесены вялікі торт, які мог паспрабаваць кожны з удзельнікаў, а таксама адбыўся феерверк.

Як адзначылі арганізатары ІІ Дня дзіцяці, свята стала вялікай падзеяй і навукай на будучыню, каб прыкладваць яшчэ больш старанняў да падрыхтоўкі гэтай цудоўнай сустрэчы дзяцей з Богам і са сваімі равеснікамі. Радасці маленькіх вернікаў не перашкодзіла нават дрэннае надвор’е, а да таго ж распачаліся канікулы.

«Я вельмі рады, што змог сюды прыехаць. Тут так шмат дзяцей, і ўсе яны вельмі радасныя. Я хачу быць апосталам Езуса Хрыста, хачу, як яны, любіць Бога, бліжняга, прабачаць, дапамагаць людзям, служыць бедным, дзяліцца ўсім, што маю. Думаю, што гэты дзень дапаможа мне ў тым, каб стаць лепшым», — дзеліцца думкамі Андрэй з Гродна.

«Нам вельмі спадабалася гэтае свята. Мы прыехалі з Віцебска з сястрой, якая нам сказала пра свята і заахвоціла да ўдзелу. Мы вельмі шмат часу правялі ў дарозе — у цягніку, і нават дождж нам не перашкодзіў у тым, каб таксама стаць апосталамі Езуса Хрыста», — адзначае дзяўчынка з Віцебска.

Арганізатарамі Дня дзіцяці выступілі маладыя сужэнствы з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, якія, выхоўваючы сваіх дзяцей, бачаць вялікую патрэбу правядзення такіх сустрэч, што ўплываюць на духоўную фармацыю дзяцей. «Вельмі добра, што шмат дзяцей прыехалі на свята. Гэта вялікая заслуга святароў, сясцёр законных, катэхетаў і саміх бацькоў. Трэба, каб дзеці ўдзельнічалі ў розных сустрэчах, бо яны ўзбагачаюць кожнае дзіця. Мы толькі хацелі дапамагчы дзецям стаць добрымі апосталамі Езуса Хрыста і рабілі ўсё, што маглі. Цяпер застаецца толькі чакаць плёнаў гэтага дня, а яны, напэўна, будуць», — выказвае надзею Марына Сядзінеўская, адна з арганізатараў.

Мы ад усяго сэрца дзякуем тым, хто дапамагаў у падрыхтоўцы свята. Шмат людзей удзельнічала ў гэтай прыгожай справе, якое, напэўна, прынясе плён у многіх дзіцячых сэрцах. Дзякуем усім, хто матэрыяльна або духоўна падтрымаў наш праект, які ўдалося рэалізаваць. Няхай Бог узнагародзіць усіх арганізатараў, памочнікаў і людзей добрай волі ў нашай краіне і за яе межамі!

Кс. Юрый Марціновіч, арганізатар ІІ Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме