Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
XI Пешая пілігрымка Гродна — Рось вырушыла ў шлях
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.08.2012 13:38

3 жніўня 2012 г. з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне вырушыла XI Пешая пілігрымка ў санктуарый Езуса Журботнага ў Росі. Пілігрымку распачалі больш за 240 чалавек з усёй Гродзенскай дыяцэзіі, але колькасць удзельнікаў увесь час павялічваецца, бо да іх далучаюцца вернікі з парафій, праз якія праходзіць шлях.

Пілігрымка пачалася святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік гэтага падарожжа кс. Юрый Марціновіч. У гаміліі святар згадаў пра дэвіз пілігрымкі, які сёлета гучыць так: «Езус — наша надзея і супакой». «Мы вырушаем у шлях, бо Езус — сапраўды наша надзея, асабліва калі нашы рукі апускаюцца, калі чалавек не хоча ісці наперад; тады Ён становіцца нашай надзеяй. Таксама Хрыстус з’яўляецца нашым супакоем, а гэтага супакою так не хапае сёння маладому чалавеку», — адзначыў кс. Марціновіч.

Наймалодшы ўдзельнік пілігрымкі — 5-гадовая Марыя з парафіі ў Парэччы, якая разам са сваёй бабуляй пілігрымуе ў Рось, каб «прасіць аб дапамозе Пана Езуса для сябе і ўсёй сям’і».

У пілігрымцы ўдзельнічаюць таксама прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Разам з вернікамі крочаць 4 святары, 5 семінарыстаў і 3 сястры законныя.

Сёння, 3 жніўня, пілігрымы плануюць пераадолець каля 50 кіламетраў. Абедам пілігрымаў пачастуе кс. Ян Занеўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы. Для адпачынку падарожнікам адкрыюць дзверы сваіх дамоў парафіяне з Вялікіх Эйсмантаў.

Пілігрымы крочаць у росіцкі санктуарый поўныя радасці і адвагі, памятаючы, што ўжо заўтра ўвечары там распачнуцца ўрачыстасці. Галоўныя ж набажэнствы адбудуцца ў Росі 5 жніўня. Святую Імшу ў 10 гадзін узначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Праграма ўрачыстых мерапрыемстваў у росіцкім санктуарыі:

4 жніўня, субота

  • 17.15 — уваход у санктуарый, адкрыццё фігуры Езуса Журботнага
  • 17.50 — падрыхтоўка да святой Імшы
  • 18.00 — святая Імша
  • 21.00 — распачацце чування. Выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адарацыя.
  • 23.50 — заканчэнне адарацыі. Благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
  • 24.00 — працэсія са знічамі каля санктуарыя. Акт аддання ля фігуры Маці Божай Каралевы Супакою.
  • заканчэнне дня і адыход на начлег


5 жніўня, нядзеля

  • 10.00 — урачыстая святая Імша на заканчэнне пілігрымкі. Пасля Імшы — выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, Вяночак да Божай Міласэрнасці.
  • 11.30 — канцэрт моладзевага гурта «МAJ» з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы
  • вяртанне дадому.


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме