Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адвэнтавыя рэкалекцыі на Кальварыі: «Адкрый сваё сэрца для Хрыста» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
10.12.2012 23:10 |
З 7 па 9 снежня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя) адбыліся адвэнтавыя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Андрэй Радзевіч з парафіі Св. Тройцы ў Росі.
Вельмі добра, што рэкалекцыі адбыліся на пачатку Адвэнта, у сапраўды святы час, калі наперадзе яшчэ час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Гэты час - магчымасць затрымацца і сабраць «наноў каласы для Пана, каб зазірнуць за сёмую заслону свайго жыцця». Рэкалекцыі ўжо ад першага дня пабудзілі парафіянаў да духоўнага адраджэння. Здавалася б, нічога надзвычайнага і новага кс. Андрэй Радзевіч не распавядаў, але, прыпомніўшы вернікам галоўныя праўды, прамаўляў так «моцна», што здавалася, Божае слова пранікала адразу ў сэрца. Рэкалекцыі распачаліся малітвай да Духа Святога, іх дэвізам стаў заклік: «Адкрый сваё сэрца для Хрыста». Рэкалекцыяніст у самым пачатку нагадаў парафіянам словы благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, які казаў: «Не бойся адкрыць дверы сэрца для Хрыста». Другі дзень духоўных разважанняў быў прысвечаны спазнанню таямніцы веры, дар якой мы атрымліваем падчас хросту. Пасля святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і была прамоўлена малітва вызвалення. На трэці дзень парафіяне разам з кс. Радзевічам разважалі над таямніцамі Эўхарыстыі і хрысціянскім сужэнстве. Якраз у гэты дзень у парафію завіталі прадстаўнікі руху сямейнай духоўнасці «Equipes Notre Dame». Паходзячы з розных куткоў Беларусі, члены супольнасці падзяліліся духоўным досведам у перажыванні свайго паклікання, сустрэчы з Езусам у сям’і. На жаль, рэкалекцыі прайшлі вельмі хутка. Ад імя ўсіх парафіянаў выказваем шчырую падзяку кс. Андрэю Радзевічу, які стаў для вернікаў сапраўды сваім: кожнае яго казанне, здавалася, было скіравана асабіста да чалавека, нібыта ён ведаў кожнага з нас. Дай Божа, каб кожнае Божае слова, пасеянае праз вусны ксяндза Андрэя, давала ў нашым жыцці добры і ўдзячны плён. Станіслава Ледзянёва
|
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.