Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Успамін усіх памерлых у мінскай Кальварыі
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.11.2012 23:04

2 лістапада ў Мінску амаль безупынна марасіў дождж. Ён шчыраваў зранку, драбіў па абедзе, не спыніўся і вечарам. Дробныя кроплі часта і хутка рассякалі паветра, б'ючы ў твар, нібы розгамі. Такое надвор'е цяжка назваць спрыяльным для працэсіі на Кальварыйскіх могілках, аднак ці яно можа стацца перашкодай для ахвярных парафіянаў. 2 лістапада тут прайшла працэсія і Iмша ва ўспамін усіх памерлых.

Кальварыйскія могілкі яшчэ здалёк выдзяляюцца запаленымі на іх свечкамі і знічамі. Іх агонь нішчыць восеньскае сутонне, выразна акрэсліваючы вялікія мармуровыя помнікі і жалезныя крыжы. На помніках — прозвішчы мінчанаў і гады іх жыцця. Яны жылі тут дзясяткі гадоў назад і хадзілі тымі ж дарогамі, што і мы сёння. На могілках так спакойна, што нават рэха вялікага горада, якое раз-пораз далятае да вуха, губляецца сярод гэтай цішыні. 

У касцёл спяшаюцца людзі. Гул дажджавых кропель, якія разбіваюцца аб раскрытыя парасоны парафіянаў, цалкам глушыць гукі іх хады. Пляц перад касцёлам паступова запаўняецца. 

«Мы сабраліся, каб памаліцца за тых, хто пахаваны на могілках нашай архідыяцэзіі. За тых, хто загінуў падчас войнаў, розных катастрофаў, тых, якія ляжаць у Трасцянцы і іншых месцах пакутніцкай смерці беларусаў... За памерлых кансэкраваных асобаў, святароў, якія аддалі сваё жыццё за веру...»

Словы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ўзначаліў вечаровую працэсію, разносіліся гулным рэхам. Купка вернікаў шырылася — да працэсіі далучаліся новыя і новыя вернікі.

Ідучы ад прыпынку да прыпынку, працэсія іскрылася знічамі і свечкамі, шырачыся, нібы вогненная рака.

Прыпынак другі — малітва за сем'і. Дождж, які перастаў было марасіць, узняўся з новай сілай. Да міністранта, які нёс вялікую свечку ў галаве працэсіі, з раскрытым парасонам заспяшалася яго маці. Раскрыўшы над сынам парасон, кабета закрыла дзіця ад ветру і халодных кропель, сама ж пры гэтым працягвала мокнуць...

Пасля малітвы за родных і дабрадзеяў працэсія на хвіліну суцішваецца, нібы кожны з тут прысутных у гэту хвіліну ўзгадаў кагосьці, вельмі важнага ў яго жыцці чалавека...

«Калі мы молімся за нашых памерлых — вядомых і невядомых — мы просім Бога аб міласэрнасці. Але прыйдзе час, калі і нам будзе патрэбна гэтая міласэрнасць, таму давяраючы Божай міласэрнасці, даверым сёння яму душы вядомых і невядомых, загінуўшых у катастрофах, у войнах, падчас пераследу — усіх — каб іх добры Бог прывёў у сваё валадарства», — на заканчэнне працэсіі Мітрапаліт благаславіў прысутных, падзякаваўшы за супольную малітву. Дождж сціхаў. 

Вернікі закрывалі парасоны і ўваходзілі ў святыню. Хутка павінна была распачацца літургія.

Дзверы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа былі раскрытыя насцеж: святло са святыні пераходзіла на вуліцу. Людзей было шмат, таму тыя, каму не хапіла месца на лавах, з пакораю стаялі ў дзвярах.

Святую Імшу цэлебраваў Мітрапаліт. Узгадаўшы словы св. апостала Паўла, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што чалавечае жыццё параўнальнае з будовай. «Хтосьці будуецца з цэглы, іншы ўзводзіць свой дом з саломы. А пасля будова кожнага чалавека выпрабоўваецца агнём».

У гаміліі іерарх зазначыў, што «надзеяй кожнага хрысціяніна пасля жыцця бачнага з'яўляецца жыццё пасля смерці», менавіта таму для душаў памерлых вернікаў вельмі важнай з'яўляецца наша зямная малітва за іх.

Поўны тэкст гаміліі тут 

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп звярнуў на актаву малітваў за памерлых, якая распачалася 1 лістапада. Прыгадваючы яе важнасць, Мітрапаліт падкрэсліў: «Сваімі малітвамі ў інтэнцыях памерлых дапаможам тым, якія так чакаюць нашай дапамогі. Поўныя адпусты падчас актавы за памерлых з’яўляюцца ключом, якім мы можам адчыніць для іх дзверы неба. Без іх не было б нас. Сёння без нас і нашай малітвы за чысцовыя душы для іх няма неба. Акажам сваю міласэрнасць адносна іх, а бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог будзе таксама міласэрны і да нас».

У дадатак арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч параўнаў чалавечае жыццё з дарогай: як там існуюць правілы руху, так і вернікі ў дарозе да вечнасці ў неба павінны кіравацца пэўнымі правіламі і нормамі. 

Скончылася набажэнства за ўсіх памерлых малітвай «Анёл Панскі». Пасля імшы вернікі яшчэ доўга маліліся ў святыні, давяраючы Богу ў цішыні самае патаемнае. 

Ілья Лапато OCDS

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.