2 лістапада 2012 г., Мінск, Кальварыя
Дарагія браты і сёстры!
1. Калі мы глядзім фільмы пра індзійцаў, то захапляемся прыгажосцю іх тканых хустак і дываноў, якія з’яўляюцца сімвалам жыцця чалавека і таксама нярэдка выкарыстоўваюцца ў рэлігійных цырымоніях. Індзійцы лічацца аднымі з найлепшых спецыялістаў у свеце па вырабу такіх рэчаў. Аднак не ўсе ведаюць, што пры гэтым вырабе ёсць непісаны закон. Яны павінны мець нейку загану, нейкі недахоп. Тут аналогія вельмі ясная — загана ў дыване з’яўляецца сімвалам недасканаласці чалавечага жыцця.
Успамін усіх памерлых — гэта рэха такога ж паслання аб недасканаласці чалавека, а менавіта аб тым, што ніхто з нас не дасканалы. Аднак у той жа час Добрая Навіна сённяшняга свята памерлых у тым, што Бог любіць усіх, нават калі мы недасканалыя. Гэтая Божая любоў не пакідае душаў нашых памерлых братоў і сясцёр, нават калі яны не былі дасканалымі ў сваім зямным жыцці.
2. Учора мы адзначалі ўрачыстасць Усіх Святых, калі Касцёл на зямлі, які змагаецца са злом, малітоўна яднаўся з трыўмфуючым Касцёлам. Сёння мы адзначаем нашу малітоўную еднасць з церпячым Касцёлам, гэта азначае з тымі, хто знаходзіцца ў чыстцы, са святымі, якім яшчэ не прыйшоў час увайсці ў вечную радасць і бачыць Бога тварам у твар.
Усе хрысціяне вераць у чатыры апошнія рэчы: смерць, суд, неба або пекла. Чысцец не ўпамінаецца сярод гэтых «апошніх рэчаў», бо на самой справе ён — частка неба, як быццам спецыяльная бальнічная палата, дзе лечацца прызначаныя для неба душы. Душы, якія знаходзяцца ў чыстцы, — гэта тыя, якія прызнаны на Божым судзе годнымі нябеснай славы, але не адразу. Яны яшчэ патрабуюць ачышчэння, бо нішто нячыстае не можа ўвайсці ў вечнае шчасце (пар. Ап 21, 27).
3. Некаторыя хрысціяне маюць цяжкасці з навучаннем аб чыстцы, бо чысцец не ўпамінаецца ў Святым Пісанні. Але ў той жа час хрысціяне вераць у Святую Тройцу, хаця яна непасрэдна таксама не ўзгадваецца ў Бібліі. Мы прыходзім да вучэння аб чыстцы такім жа чынам, як да дактрыны аб Святой Тройцы, а менавіта праз лагічныя высновы з Божага Аб’яўлення. Вось некаторыя прыклады.
Аповед пра нявернага слугу навучае аб неабходнасці верна выконваць свае абавязкі. Езус кажа, што слуга, які ведае волю свайго гаспадара і яе не выконвае, будзе пакараны, а той, хто не ведае і робіць вартае пакарання, будзе пакараны меней (пар. Лк 12, 47–48). Такім чынам Езус навучае, што на апошнім судзе будзе шмат такіх, якія не настолькі злыя, каб іх пакараць пеклам, і адначасова не настолькі добрыя, каб адразу ўвайсці ў неба. Менавіта яны атрымаюць час на ачышчэнне за тое, чаго не хапала ў іх веры і добрых учынках перад тым, як увайсці ў вечнае шчасце. Гэты час і называецца чыстцом.
Святы апостал Павел параўноўвае розныя шляхі, якімі жывуць хрысціяне, да розных будаўнічых, якія будуюць на адным падмурку, якім ёсць Хрыстус. Як кожны будуе з розных матэрыялаў: золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва і г.д., таксама ў дзень апошняга суду кожная будоўля будзе выпрабавана агнём. Той, чыя будоўля вытрывае, атрымае ўзнагароду. Той, чыя згарыць, будзе мець шкоду, але сам уратуецца як бы з агню (пар. 1 Кар 3, 1–15). Як магчыма, каб пасля апошняго суду душа цярпела і адначасова была выратавана як быццам праз агонь? Адказ ясны — праз чысцец.
Апостал Ян прыпамінае нам, што хрысцінін можа зрабіць два віды граху: смяротны, які знішчае адносіны з Богам, і лёгкі, які іх не знішчае, але чыніць недасканалымі (пар. 1 Ян 5, 16–17). Вернікі, якія паміраюць без граху, ідуць у вечнае шчасце. Вернікі, якія паміраюць у стане смяротнага граху, ідуць у пекла. Куды ідуць душы паміраючых у стане лёгкага граху? Адказ адзіны — у чысцец, дзе яны праз цярпенні могуць змыць грэх і кары за яго, каб далучыцца да трыўмфуючага Касцёла.
Хаця ў Праваслаўнай Царкве і пратэстанцкіх супольнасцях чысцец не прызнаееца, тым не менш як праваслаўныя, так і пратэстанты таксама моляцца за сваіх памерлых. Мы ўсе, хрысціяне, молімся, каб душы памерлых адпачывалі ў супакоі.
4. Калі душа памерлага знаходзіцца ў небе, тады нашы малітвы ёй не патрэбныя. Калі знаходзіцца ў пекле, яны ёй не дапамогуць. Але калі ў чыстцы, то яны патрабуюць нашай малітвы. Справа ў тым, што мы не ведаем, дзе знаходзяцца душы нашых памерлых, і таму молімся за іх, давяраючы іх Божай міласэрнасці. Калі ім не патрэбны нашы малітвы, то яны ідуць у скарбонку Касцёла.
Калі мы молімся за чысцовыя душы, то гэтым самым вызнаём веру ў тое, што Бог не перастаў іх любіць з-за іх недасканаласці. Вера ў чысцец ёсць той Добрай Навіной, што для нас, недасканалых, існуе надзея на шчасце вечнае.
Падчас актавы малітваў за памерлых Касцёл дае нам унікальную магчымасць дапамагчы нашым памерлым, каб іх надзея на жыццё вечнае ажыццявілася. Таму сваімі малітвамі ў інтэнцыях памерлых дапаможам тым, якія так чакаюць нашай дапамогі. Поўныя адпусты падчас актавы за памерлых з’яўляюцца ключом, якім мы можам адчыніць для іх дзверы неба. Без іх не было б нас. Сёння без нас і нашай малітвы за чысцовыя душы для іх няма неба. Акажам сваю міласэрнасць адносна іх, а бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог будзе таксама міласэрны і да нас. Амэн.
|