Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мінская Кальварыя прывітала новага пробашча
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
13.08.2012 14:45

Цяпер адміністратарам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску з правамі пробашча будзе кс. Андрэй Сіповіч. Навучаць, кіраваць і асвячаць Божы люд — пра гэтыя абавязкі пробашча, а таксама аб пакліканні святара можна было пачуць падчас Імшы 12 жніўня ў парафіяльнай святыні на Кальварыі. У гэты дзень вернікі віталі новага пробашча.

Сваімі разважаннямі адносна служэння святара і яго паклікання ў гаміліі падзяліўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч. Святар адзначыў, што часам можна пачуць: галоўнае, каб хапіла хлеба. Так кажуць часцей тыя, хто зведаў голад.

«У сённяшнім Евангеллі мы чуем пра здзіўленне ізраільцянаў. Яны не могуць зразумець словы Езуса Хрыста, які сказаў, што Ён — жывы хлеб Божы, — адзначыў кс. Андрэй Стэцкевіч. — Тое, што мы прыйшлі сюды, у святыню, азначае, што не патрабуем тлумачэння гэтых слоў. Прыйшлі, бо патрабуем хлеба, які дае вечнае жыццё».

Хлеб вечнага жыцця патрэбны нам не толькі для таго, каб быць лепшымі, але і каб несці Бога да іншых. Хто прынясе ім жывы хлеб, надзею на сустрэчу з Богам, калі не мы?

Святар нагадаў, што касцёл на Кальварыі на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў быў зачынены. Але цяпер іншыя часы, і «з новым пастырам святыня нібы адчыняецца нанова». «Людзі прыходзяць сюды, каб атрымаць духоўнае і фізічнае аздараўленне, каб сустрэцца з жывым Хрыстом», — дадаў кс. Стэцкевіч.

Святар, як нагадаў Генеральны вікарый, патрабуе асаблівай падтрымкі і малітвы. Бо чым бліжэй да алтара, чым больш чалавевек жадае быць святым, тым больш д’ябал спакушае яго.

«Няхай тут, у гэтай парафіі, узнікне сямейная сувязь вернікаў, накормленых жывым хлебам. Няхай гэтая ўрачыстасць будзе новай рысай у гісторыі вашай парафіі і касцёла, які няхай ніколі больш не будзе зачынены», — дадаў святар.

Урачыстае ўступленне на пасаду пробашча заключаецца ў прадстаўленні парафіянам свайго душпастыра, падчас яго зачытваецца дэкрэт аб прызначэнні, святар вызнае веру і звяртаецца да вернікаў.

Пасля літургіі вернікі і прысутныя святары памаліліся ля магілы аднаго з былых пробашчаў кс. Альберта Масальскага. Папярэдні пробашч, кс. Андрэй Бародзіч, цяпер выконвае функцыі адмінстратара парафіі ў Пінску.

Ксёндз Андрэй Сіповіч нарадзіўся ў Шаркаўшчыне на Віцебшчыне. Нёс святарскае служэнне ў Бабруйску, Пінску, Гарадзеі і Снове. Выкладае філасофію ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску і Цэнтры падрыхтоўкі катэхетаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме