Чаму мы ўшаноўваем крыж? (дададзена фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
14.09.2012 23:20 |
З крыжамі ў руках ішлі на Імшу вернікі мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. 14 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца дзень унясення Крыжа Хрыстовага ў Іерусалім каралём Ірынэем, «узвышэння», таму тут, у гэтай парафіі, адзначалася ўрачыстасць. У касцёле на Кальварыі сабраліся не толькі парафіяне, але святары і вернікі іншых мінскіх парафій, каб супольна памаліцца, адтрымаць адпуст і задумацца не толькі над сэнсам гэтага свята, але перш за ўсё над значэннем крыжа ў гісторыі збаўлення. У гэтым вернікам дапамог кс. Юрый Касабуцкі, які звярнуўся да прысутных у гаміліі. Святар нагадаў, што гісторыя свята Узвышэння Крыжа вельмі цікавая і звязана яна перш за ўсё з постаццю св. Алены. Маці імператара Канстанціна Алена ў 320-ыя гг., ужо на схіле жыцця, накіравалася ў Іерусалім з надзеяй адшукаць Крыж, на якім быў укрыжаваны Езус. За два стагоддзі перад тым імператар Адрыян загадаў засыпаць месца пахавання Хрыста і пабудаваць там храмы Юпітэра і Венеры. Тым не менш Алена змагла адшукаць месца пахавання цела Хрыста, пабудавала над ім святыню і ўнесла ў яго Крыж Збаўцы. Але праз пэўны час Іерусалім быў захоплены персамі, якія вывезлі крыж. Пасля адваявання Іерусаліма каралём Ірэнэем, крыж таксама быў вернуты. «Свята звяртае ўвагу на крыж і прымушае задумацца: а што ён значыць для нас, чаму мы яго ўшаноўваем?», — адзначыў кс. Юрый Касабуцкі і нагадаў, што да Езуса Хрыста крыж з’яўляўся выключна прыладай смерці, сімвалам ганьбы і прыніжэння. Хрыстус жа, прынізіўшыся да смерці крыжовай, асвяціў крыж і зрабіў яго сімвалам перамогі над злом. «Калі паглядзім на крыж знізу ўверх, то зразумеем, што ён нібы ўказвае на неба, туды, куды мы імкнёмся, — патлумачыў святар. — Гледзячы на папярэчную перакладзіну, бачым раскінутыя рукі Хрыста, які, жадае ўсіх нас прытуліць, ахінуць, але не можа: цвікі — грахі чалавека. Гэтыя цвікі мы выцягваем, калі яднаемся з Хрыстом праз сакрамэнт пакаяння, таму часта гэты сакрамэнт называюць "абдымкам з Богам"». «Жадаю, каб гэтых абдымкаў у вас было як мага больш, каб нішто, ніякі грэх не перашкаджаў вам сустрэцца з Панам. Жадаю таксама, каб мы ўмелі шанаваць крыж», — адзначыў кс. Касабуцкі. Урачыстасць завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і працэсіяй вакол касцёла. Святлана Жылевіч |
Фотарэпартаж |