Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскаму жыццю і подзвігу вучыліся ўдзельнікі рэкалекцый у мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.03.2013 15:01

У мінскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа з 8 па 10 сакавіка адбыліся велікапосныя рэкалекцыі. Праводзіў іх кс. Аляксей Раманчук, прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.

Кожныя рэкалекцыі — вялікі дар для вернікаў. І перажытыя сёлета духоўныя практыкаванні былі сапраўдным падарункам, асабліва для парафіяльных жанчын, бо распачаліся 8 сакавіка. У гэты дзень кс. Аляксей Раманчук прысвяціў сваё разважанне менавіта жанчынам. Быць дабрадзейнай жанчынай, жонкай і маці — задача з няпростых. Сёння ёсць магчымасць асвоіць практычна любую прафесію, акрамя адной — умення быць маці. Рэкалекцыяніст прыгадаў, што сужэнцы прысягалі адно аднаму падчас сакрамэнту шлюбу, і падрабязна растлумачыў, што значыць любіць, паважаць, быць верным. Святар прывёў вельмі цікавыя прыклады з жыцця людзей, з якімі быў знаёмы, і можна сказаць, што абыякавых да яго навукі ў касцёле не было.

На наступны дзень рэкалекцыяніст звярнуўся да мужчын, запрасіўшы іх задумацца, якім мужам, бацькам, чалавекам кожны з іх з’яўляецца. Ксёндз Аляксей Раманчук зазначыў, што Божае благаслаўленне выплывае з Божага алтара, з веры, і заклікаў будаваць сваё жыццё на вечных каштоўнасцях, каб быць сталым мужчынам, стойкім і мужным.

Што такое звычайнае жыццё? Ці варта шанаваць і задавальняць толькі матэрыяльныя каштоўнасці? Што змяняецца ў адносінах паміж людзьмі, калі яны сустракаюць Хрыста? Які ён, шлях праведнасці? Што сустракае чалавека, які зрабіў у гэтым кірунку першыя крокі? Гэтыя пытанні абмяркоўваліся падчас трэцяга дня рэкалекцый. Святар прыводзіў сведчанні хрысціянскага жыцця і хрысціянскага подзвігу розных людзей, сцвярджаў, што ніколі нельга губляць надзею на збаўленне ўласнай душы, падкрэсліў, што толькі малітва аб’ядноўвае сям’ю, і яна паўстае адзінай духоўнай абалонкай.

Шмат увагі было нададзена пытанням сакрамэнту пакаяння, рахунку сумлення, якія адкрываюць нам верны накірунак на цяжкім і балючым шляху пакаяння. Паважаць бліжняга свайго, адрынуць цемру граху і нянавісці вучыў нас святар.

Парафіяне шчыра падзякавалі ксяндзу Аляксею Раманчуку, разважанні якога аб Божым Провідзе, шляху хрысціяніна былі так патрэбны кожнаму ў гэтыя дні Вялікага посту.

Станіслава Ледзянёва

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме