Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень духоўных разважанняў у пінскай семінарыі правёў яе першы выпускнік
Беларусь - Пінская дыяцэзія
22.04.2013 11:57

20 красавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску адбыўся дзень духоўных разважанняў, які правёў кс. Павел Врубель. Святар з’яўляецца першым выпускніком адноўленай семінарыі ў Пінску.

«Для мяне вельмі радасна, што я зноў вяртаюся сюды і што, нарэшце, даспеў да таго, каб прыехаць у гэтыя сцены ў якасці рэкалекцыяніста», — з усмешкай звярнуўся святар да семінарыйнай супольнасці.

Падчас першай канферэнцыі ксёндз Павел Врубель падзяліўся гісторыяй свайго паклікання, уласным вопытам і досведам святарскага жыцця, сваім разуменнем святарства і паклікання. «Калі я ішоў у семінарыю, я думаў, што пакліканне да святарства — гэта высілак і ахвяра. Толькі праз доўгія гады семінарыйнай фармацыі я здолеў усвядоміць, што пакліканне да святарства — гэта вялікі дар», — адзначыў святар.

Другім пунктам дня стала святая Імша ў семінарыйнай капліцы. «Эўхарыстыя — гэта кульмінацыя дня, кульмінацыя ўсяго жыцця хрысціяніна», — падкрэсліў кс. Врубель ва ўступным слове. Гамілія была скіравана на разважанне над тэмай хрысціянскага паклікання і асабліва паклікання да святарства.

У апошняй канферэнцыі  кс. Павел Врубель звярнуў увагу семінарыстаў на небяспекі і цяжкасці, якія яны могуць сустрэць падчас фармацыі і будучага святарскага жыцця, і распавёў пра тое, як можна іх пазбегнуць ці пераадолець, даў некалькі практычных парадаў з асабістага досведу.

Дзень духоўных разважанняў прайшоў у цішыні: семінарысты на працягу дня захоўвалі святое маўчанне, якое перарывалася толькі на час малітвы. Такая практыка ўведзена для таго, каб лепей перажыць сустрэчу з Божым словам і ў цішыні вуснаў і сэрца разважаць над уласнымі жыццём,  верай, пакліканнем. «Адзін сее, другі ўзрошчвае, трэці збірае плён», —нагадаў кс. Павел Врубель словы святога апостала Паўла. Ён пасеяў зерне Божага слова, і, несумненна, яно прынясе свой плён... «Адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, трэцяе ж у трыццаць» (пар. Мц 13, 8).

Андрэй Багдановіч

Фота на сайце семінарыі ў Пінску>>>

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.