Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка прызначыў навучэнцаў семінарыі ў Пінску лектарамі і акалітамі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
16.03.2013 11:22

15 сакавіка, у апошні дзень велікапосных рэкалекцый у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прызначыў некаторых яе навучэнцаў лектарамі і акалітамі.

Прызначэнне адбылося на вячэрняй святой Імшы ў семінарыйнай капліцы. Перад гэтым біскуп у сваёй гаміліі адзначыў важную ролю лектараў і акалітаў у жыцці Касцёла. «Вы будзеце дапамагаць святарам і дыяканам у служэнні Слова», — падкрэсліў іерарх, звяртаючыся да новапрызначаных лектараў. У якасці яскравага прыкладу такога служэння біскуп прывёў жыццё святога Андрэя Баболі, 75-я гадавіна кананізацыі якога адзначаецца ў гэтым годзе. «Калі святы Андрэй Баболя прыбыў ў Янаў Палескі, там было толькі некалькі католікаў, але праз палымянае абвяшчэнне Божага слова ён дасягнуў таго, што ў хуткім часе ўся мясцовасць стала каталіцкай», — нагадаў пінскі ардынарый.

«Умілаваны сыне, ты атрымоўваеш сёння паслугу акалітату, каб несці служэнне Эўхарыстыі, — з такімі словамі звярнуўся біскуп Антоні Дзям’янка да Аўгуста Калясінскага, які быў прызнаны годным гэтага служэння. — Ты будзеш раздаваць святую Камунію, несці яе да хворых і ўсяляк дапамагаць у гэтым служэнні святарам і дыяканам». Іерарх адзначыў важнасць гэтага служэння ў Касцёле і важнасць пашаны да Хрыста ў Святым Сакрамэнце. А ў якасці прыкладу ўзгадаў вернікаў парафіі ў Мядзведзічах, якія ў цяжкія савецкія часы, нават пры зачыненым касцёле, зімою збіраліся вакол святыні і маліліся. Дзякуючы гэтаму касцёл у Мядзведзічах не быў зачынены, і ўсё гэта — дзякуючы пашане да Эўхарыстыі і сапраўднай веры.

Можна быць упэўненымі ў тым, што служэнне лектарамі і акалітамі дапаможа семінарыстам больш поўна ўдзельнічаць ў жыцці Касцёла, несці служэнні Слова і Эўхарыстыі, яшчэ больш наблізіцца да Хрыста і Яго святарства.

Напрыканцы Імшы семінарысты, якія атрымалі гэтыя прызначэнні, падзякавалі біскупу Антонію Дзям’янку і семінарыйнай адміністрацыі.

На заканчэнне новапрызначаныя лектары і акаліт сфатаграфаваліся з біскупам і прысутнымі святарамі.

(AG)

Фота з сайта семінарыі

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме