2 лістапада 2012 г., калі Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін усіх памерлых вернікаў, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці маліўся падчас святой Імшы ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены за ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў і пераследу.
У літургіі ўдзельнічалі Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры кс. Філіпа Чампанэлі, дырэктар Душпастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. Эдмунд Друз, іншыя святары і вернікі Мінска.
У гаміліі Апостальскі Нунцый адзначыў, што сёння «пажадаў маліцца разам з вамі за ўсіх сыноў і дачок беларускага народа, якія сталі ахвярамі войнаў і пераследу». Але «гэта не нашая ўласная ініцыятыва», бо «Пан Езус Хрыстус сам склікаў нас сюды ў дзень, калі ўвесь Каталіцкі Касцёл, рассеяны па свеце, узгадвае сваіх памерлых вернікаў». Па словах арцыбіскупа Гуджэроцці, Хрыстус «з’яднаў нас тут, у гэтым прыгожым і велічным касцёле, збудаваным вераю народа, калісьці забраным і зняслаўленым, а сёння зноў адбудаваным».
«Вось яна, добрая навіна Ягонага Евангелля: „Такою была воля Айца, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень“, — працягваў арцыбіскуп. — Калі прыгледзецца, дык менавіта ў гэтым і заключаецца незвычайная надзея, якая адрознівае тых, хто мае дар веры, ад тых, хто яго не ўсведамляе. Верыць у Бога азначае ўсведамляць, што Ён жадае, каб нішто не было загублена» — «ні плач немаўлятаў, ані неспакой і энтузіязм моладзі, ані штодзённы высілак дарослых, ані мудрасць пажылых людзей».
Як падкрэсліў Апостальскі Нунцый, мы разумеем, «што кожны наш учынак, кожная думка і кожнае жаданне ў будучыні прызначаны для вечнасці, (…) для перамогі Любові». Таму, «хоць магчыма спаліць нашыя целы і сэрцы, але немагчыма скаваць ланцугамі нашыя душы». «Нішто не губляецца, нішто не забываецца. Таксама і чалавечая мізэрнасць нас, грэшных, якія ўсёю душою імкнемся да ўваскрашэння. І ў гэтым нашая моц», — дадаў іерарх. Як адзначыў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, «у імя гэтай моцы мы сёння складаем гэтую Эўхарыстычную ахвяру Нябеснаму Айцу за кветкі і зёлкі беларускай зямлі, бязлітасна сарваныя, але якія працягваюць расці ў Божым садзе».
Нунцый нагадаў пра трагічную гісторыю беларускага народа, якая ўся «прасякнута гвалтоўнаю смерцю». Часта здаралася так, што на працягу гэтай гісторыі «тыя, хто яшчэ ўчора жыў у бяспецы, раптам апыналіся ў віры гвалтоўных падзеяў, становячыся ахвярамі крывавага варварства „пераможцаў“».
«Для нас усе, нават немаўляты, забітыя ва ўлонні маці, маюць аднолькавую годнасць, бо іх усіх аднолькава любіць Бог», — падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца. Па словах арцыбіскупа, «мы не жадаем, каб пэўныя ідэалогіі зневажалі годнасць чалавечай асобы, таксама і на заключным этапе яе зямнога жыцця». Насілле, як дадаў Апостальскі Нунцый, заўсёды «з’яўляецца злачынным, недапушчальным і караецца Богам».
Арцыбіскуп Гуджэроцці заклікаў вернікаў таксама «не падманваць сябе, нават калі б нам вельмі таго хацелася, што толькі іншаземныя захопнікі забівалі сыноў і дачок Беларусі» — бо «мы ведаем, што былі і тыя, хто, стаўшы калабарантам, разам з ворагамі забіваў сваіх братоў».
Іерарх падкрэсліў, што мы «не жадаем, каб злачынствы былі ўтоеныя або апраўданыя», таму што ў Богу «праўда ззяе ў поўным сваім бляску, без аніякага скажэння».
Па словах прадстаўніка Святога Айца, «мы, католікі, сёння з пакораю і адначасова з вялікім гонарам прызнаем, што і мы таксама зрабілі немалы ўнёсак у развіццё беларускага народа». А беручы прыклад з Езуса на крыжы, «мы жадаем маліцца нават і за катаў, за мужчын і жанчын, якія не мелі літасці»; «молімся і за прыгнятальнікаў гэтага народа», каб Бог праліў на іх сваю міласэрнасць і каб яны прынялі заклік да навяртання.
Апостальскі Нунцый узгадаў славутыя прыклады «сыноў і дачок нашай каталіцкай сям’і, якія, разам з праваслаўнымі, габрэямі і мусульманамі, а таксама з усімі людзьмі добрай волі» сталі «праз сведчанне свайго мучаніцтва гонарам нашага Касцёла». Гэта айцы марыяне Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, францішкане Ахілес Пухала і Герман Стэмпень, святары Генрых Глябовіч, Мечыслаў Багаткевіч, Уладзіслаў Мацковяк, Станіслаў Пыртак, экзарх беларускіх грэка-католікаў Антон Неманцэвіч. Таксама гэта «простая жанчына з народа — благаслаўлёная Марыяна Бярнацкая», якая, калі хацелі забіць яе нявестку, што насіла пад сэрцам дзіця, аддала сябе замест яе. Гэта і святар Адам Станкевіч, які «любіў вашую мілагучную беларускую мову, якая сёння свабодна гучыць у нашых касцёлах», якога «не раз арыштоўвалі і нарэшце асудзілі на 25 гадоў зняволення». Арцыбіскуп Гуджэроцці нагадаў і пра кардынала Казіміра Свёнтка, з якім «наш Касцёл зноў заквітнеў, і калі сёння мы можам тут маліцца, дык абавязаны гэтым такім людзям, як ён». Поўны тэкст гаміліі тут>>> Прадстаўнік Святога Айца завяршыў сваю гамілію малітвай аб тым, каб Бог благаславіў «гэты народ, гэтую шматпакутную і збалелую зямлю» і ў нашай зямной вандроўцы ўчыніў, каб «праз заступніцтва ўсіх памерлых, забітых сляпым насіллем, загаіліся раны душы і цела і ўмацавалася вера».
Напрыканцы святой Імшы Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек падзякаваў арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці за тое, што ўзначаліў літургію, і за прамоўленыя словы. Гэтыя словы, як адзначыў архімандрыт, з’яўляюцца вельмі каштоўнымі, бо кажуць, што сведчанне нашых продкаў — вялікі заклік для нас. Як дадаў Апостальскі візітатар, мы атрымалі веру ў спадчыну ад продкаў і хочам, каб яна была для нас крыніцай любові.
Архімандрыт Гаек пажадаў, каб Бог умацоўваў Апостальскага Нунцыя ў яго служэнні.
Пасля Імшы ў касцёле адбылася малітва нешпараў і працэсія за памерлых. А ў першай палове дня 2 лістапада арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці маліўся ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» і ва ўрочышчы Курапаты за тых, хто загінуў падчас вайны і рэпрэсій. Анастасія Грышан
|