Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У мемарыяльным комплексе «Трасцянец» і ва ўрочышчы Курапаты Апостальскі Нунцый у Беларусі памаліўся за загінуўшых
Беларусь
02.11.2012 16:05

У першай палове дня 2 лістапада 2012 г., ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці маліўся ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» і ва ўрочышчы Курапаты за тых, хто загінуў падчас вайны і рэпрэсій.

Назва «Трасцянец» аб'ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына, лагер Малы Трасцянец і ўрочышча Шашкаўка. Малы Трасцянец — буйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі, створаны СД у ваколіцах Мінска падчас Другой сусветнай вайны. У гэтым лагеры фашысты знішчалі мірных жыхароў, ваеннапалонных з усяго СССР, а таксама грамадзян Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі. Усяго ў Трасцянцы гітлераўцамі было закатавана, расстраляна і спалена больш за 200 тысяч чалавек. Непадалёку ад канцлагера, у Вялікім Трасцянцы, пабудаваны мемарыяльны комплекс.

Курапаты — лясное ўрочышча на мяжы Мінска, дзе былі знойдзены масавыя пахаванні расстраляных у 1930–1940-х гг. Урочышча з’яўлялася месцам расстрэлаў тых, хто быў рэпрэсіраваны органамі НКУС. Дакладная колькасць ахвяраў па сённяшні дзень застаецца невядомай і па розных даных можа складаць ад 7 тысяч да 250 тысяч чалавек і нават больш. Курапаты сумна вядомыя і як месца неаднаразовых акцый вандалізму.

Таксама Апостальскі Нунцый усклаў кветкі ў знак ушанавання памяці ахвяр.

Акрамя гэтага, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці будзе маліцца за ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі войнаў і рэпрэсій, падчас святой Імшы ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены 2 лістапада ў 19 гадзін.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме