Імша з нагоды 80-годдзя кс. Станіслава Паўліны адбылася ў Лагішыне |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
16.03.2013 18:00 |
Імша ў 80-годдзе нараджэння кс. Станіслава Паўліны fDP, канцлера курыі Пінскай дыяцэзіі і пробашча катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, адбылася 16 сакавіка ў Доме міласэрнасці ў Лагішыне. Гэты Дом міласэрнасці паўстаў менавіта дзякуючы кс. Паўліну. Літургію ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У ёй удзельнічалі госці з Польшчы — правінцыял арыяністаў кс. Антоні Віта і правінцыяльны дарадчык арыяністаў брат Збігнеў Сментэк, а таксама рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. доктар Ян Саламон і пробашч парафіі ў Лагішыне кс. Тадэвуш Шэшко. Прысутнічалі супрацоўнікі Дома міласэрнасці, 40 яго жыхароў і сёстры законныя з Пінска. У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка казаў пра ўдзячнасць, якая з’яўляецца суцяшэннем для людзей і цнотай у хрысціянстве. Па словах іерарха, чалавек павінен дзякаваць Богу за дары, якія штодзень ад Яго атрымлівае, і прыклады гэтага — Панна Марыя, якая ў «Magnificat» — песні падзякі — у прысутнасці Альжбеты выказала ўдзячнасць Богу, і Сімяон, які падзякаваў за тое, што яго гаснучыя вочы ўбачылі «святло для язычнікаў і хвалу Ізраэля». (AG)
|