13 лютага Папяльцовай серадой у Каталіцкім Касцёле распачаўся Вялікі пост. У гэты дзень біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўзначаліў святую Імшу ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
Вялікі пост для вернікаў — час, каб адысці ад забаваў і прыступіць да разважанняў аб марнасці зямнога. Папяльцовая серада адкрывае 40-дзённы перыяд, які сімвалізуе 40-дзённае прабыванне Хрыста на пустыні. У гэты дзень многія католікі наведваюць святыню, каб прыгадаць, што з’яўляюцца істотамі грэшнымі і мінаючымі. Сэнс Папяльцовай серады — у тым, што чалавек павінен навярнуцца да Бога, бо толькі Ён дае вечнае жыццё і несмяротнасць.
Біскуп Антоні Дзям’янка падчас літургіі нагадаў вернікам пра значэнне гэтага выключнага дня. Іерарх растлумачыў багатую сімволіку попелу, якім пасыпаюцца галовы людзей у Папяльцовую сераду. «Чалавек турбуецца пра матэрыяльныя справы, пра свой быт, а попел нагадвае нам, што ўсё гэта — часовае, што ўсё калісьці скончыцца, што гэтаму прыйдзе канец», — адзначыў біскуп.
Пінскі ардынарый заахвоціў удзельнікаў Імшы да пакаяння, якое, паводле старажытнай хрысціянскай традыцыі, ахоплівае тры элементы: малітву, пост і міласціну. «Аб іх належыць памятаць увесь год, аднак асабліва ў перыяды падрыхтоўкі да вялікіх святаў», — дадаў іерарх.
Біскуп Антоні Дзям’янка заклікаў вернікаў вытрываць у велікапосных пастановах, каб «на ўрачыстасць Уваскрасення Пана мець духоўную радасць, што ў нашых цнотах мы зрабілі яшчэ адзін крок наперад». (JM), (AG)
|