Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на пасхальную вігілію

30 сакавіка 2013 г., Пінск, катэдральны касцёл

Пасхальная вігілія — маці ўсіх вігілій, таму яна такая багатая ў сімволіцы. Адбылося асвячэнне новага агню і ўнясенне пасхала — велікоднай свечкі якая сімвалізуе Хрыста, а агонь — Яго навуку. Добрую Навіну хрысціяне маюць абавязак несці у асяродкі, дзе жывуць працуюць і служаць іншым сваім братам. Пасля абраду святла мы выслухалі Божае слова, якое Касцёл падае на сённяшнюю ўрачыстасць большым прадстаўленнем тэкстаў. І гэта істотна для сённяшняга набажэнства. Божае слова, прадстаўленае на сёння, распасціраецца на ўвесь акт стварэння свету. У першым чытанні нам быў паказаны акт стварэння свету. Біблейскае чытанне прывяло нас на самы пачатак, калі Бог моцай слова, любові паклікаў да жыцця свет і ў ім чалавека. У той важны дзень, калі прыступаем да таго, каб праслаўляць Уваскрослага Хрыста, Бог нам нагадвае, што свет, у якім жывём, не паходзіць ад людзей, не ўзнік з нічога, але быў створаны Богам. Чалавек не мае поўнай улады над светам таму, што ён не з’яўляецца яго створцам. Ён ожа яго толькі да пэўнай ступені змяняць, пераўтвараць, але Панам сусвету заўсёды застаецца Бог.

Сёння ў кантэксце чытанняў Касцёл прыпамінае і тое, што чалавек таксама мае свой пачатак у Богу — не толькі той першы, райскі чалавек, але і кожны жыхар Зямлі, кожны з нас, жыве дзякуючы Богу. Нас магло не быць. Але калі мы ёсць, то таму, што ёсць Бог, які з любові паклікаў нас да жыцця. Як гэта важна і велічна. Каб не забывацца — адкуль мы ўзяліся тут на зямлі і якое наша канчатковае пакліканне. Ксёндз Ян Васілеўскі, Генеральны вікарый нашай Пінскай дыяцэзіі, навучаў веры такім спосабам: «Паглядзі на сваю фатаграфію, калі быў дзіцём. Хто учыніў, што ты такі дарослы? Ты той жа, але пасталеў. Што гэта за сілы, якія далі табе ўзрост? Таму заўсёды схіляемся перад Божай усемагутнасцю і з верай паўтараем формулы катэхізіса: „Хто цябе стварыў – Пан Бог“».

Божае слова, якое абвяшчаем у пасхальную вігілію, паказвае нам Пана Бога не толькі як Створцу свету і чалавека, але таксама як Збаўцу і Адкупіцеля. Гэтае вызваленне датычыла няволі, у якую чалавек трапіў, калі зламаў Божы закон. Збаўчым здарэннем, якое прадказвала вызваленне з граху, было цудадзейнае вызваленне габрэйскага народу з егіпецкай няволі. Пан Бог цудоўным чынам правёў народ праз Чырвонае мора. Ізраэліты (габрэі) былі вызвалены з няволі фараона. Гэта збаўчае здарэнне, якое датычыць Выбранага народа, было прадказаннем той падзеі, якую здзейсніў Хрыстус. Так, як Бог праз Майсея вывеў народ з егіпецкай няволі, той жа Бог праз свайго Сына вывеў з няволі граху ўжо не толькі адзін народ, але ўсіх людзей. І адкупленне было здзейснена праз пасхальную таямніцу Хрыста, гэта значыць праз муку, смерць і змёртвыхпаўстанне. У гісторыі Выбранага народа гэта прадказвалі прарокі.

У літургіі на сённяшні дзень мы чулі таксама аб збаўленні, здзейсненым Хрыстом. Апостал Павел навучае: «Усе мы, якія ахінаемся ў хрост Хрыста — ахінутыя сталі ў Яго смерць. І таму, ахінутыя ў смерць, мы былі пахаваныя з Ім для таго, каб і мы увайшлі ў новае жыццё, як Хрыстус паўстаў з мёртвых дзякуючы хвале Айца» (пар. Рым 6.3-4). Гэтае новае жыццё, аб якім гаворыць апостал, з’яўляецца жыццём у любові з Богам: «Так і вы разумейце, што вы памерлі для граху, а жывяце для Бога ў Езусе Хрысце» (пар. Рым. 6,11).

І таму, будучы ахрышчанымі, мы ўжо маем удзел у Змёртвыхпаўстанні Езуса Хрыста. Праз хрост мы перайшлі са смерці да жыцця, гэта значыць перайшлі з граху да жыцця Бога ў нас. Наш хрост з’яўляецца вынікам, пладом Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. У святым хросце праз Пасху Хрыста паміраем для граху і ажываем да жыцця дзяцей Божых. Тое, што Змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста мае сувязь з нашым хростам, будзе раскрыта пры асвячэнні вады для хросту і акрапленні гэтай вадой. Гэта здзейснім на памяць аб хросце. У многіх касцёлах менавіта сёння падчас пасхальнай вігіліі адбываецца хрост і дзяцей, і дарослых, каб падкрэсліць сувязь гэтага сакрамэнту з Уваскрасеннем Езуса Хрыста. Ці цэнім мы дар святога хросту, ці клапоцімся, каб былі ахрышчаныя дзеці нашых родных, знаёмых? Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, ведаючы каштоўнасць хросту, вызнала: «Думаю, што дабро хацела б рабіць таксама пасля смерці: старацца аб хросце дзяцей, прыходзіць з дапамогай святарам, місіянерам, усяму Касцёлу».

Праз хвіліну мы адновім прысягу хросту. Калісьці, калі нас ахрысцілі, ад нашага імя гэта выказалі нашы бацькі і хросныя, а сёння Касцёл заклікае нас свядома аднавіць тую прысягу веры. Яна складаецца з дзвюх частак. Найперш свядома вызнаем нашу веру, затым адрачомся ад сатаны, зла і граху і прымем пастановы, каб жыць у свабодзе Божых дзяцей. Святы Рафал Каліноўскі наконт гэтага казаў: «Мы самі выбралі Хрыста за Валадара падчас нашага хросту, і Ён са свайго боку выбраў нас як свой народ. Ён апераджае нас, нам дапамагае, нас бароніць, вядзе барацьбу за нас і перамагае». Таму ў духу веры і любові будзем удзельнічаць далей у літургіі — і хроснай, і эўхарыстычнай, каб потым працягнуць ужо новае жыццё, жыццё ў святле Уваскрослага Хрыста, жыццё таямніцай нашага хросту. Няхай гэты працэс пастаяннага памірання для граху і і пастаяннага паўставання з мёртвых да Божага жыцця адбываецца ў нас нястомна.

Прыкладам хрысціянскага жыцця і належнага ўспрымання смерці няхай будзе для нас Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — першы Пінскі біскуп, які памёр у святасці ў Вялікую суботу 1932 года і пахаваны ў крыпце нашай пінскай катэдры. Ён быў руплівы хрысціянін у Божай службе — будучы юнаком, семінарыстам, святаром і біскупам. Пісьмова з дапамогай умоўных знакаў вёў штодзённа рахунак сумлення. Пераносіў цяжкасці нават у турме ў Бутырцы з хрысціянскай аскезай і спакоем, прыняў аперацыю на страўніку без наркозу, ахвяруючы цярпенні за святасць Касцёла. А калі набліжалася хвіліна смерці, прасіў клерыка, які дзяжурыў пры яго ложку, словамі: «Уладак, абудзі мяне, калі я буду паміраць, бо я не хачу такой велічнай хвіліны, якой з’яўляецца смерць, прыняць у несвядомым стане». Ён таксама гаварыў: быў вам сябрам пры жыцці, яшчэ большым буду сябрам для вас пасля смерці. Молімся праз заступніцтва Слугі Божага ў розных нашых інтэнцыях, асабліва ў справах захавання і паглыблення нашай веры, якую сёння аднаўлялі, веры нашых родных, блізкіх, а таксама за пакліканні да Божай службы юнакоў з нашай дыяцэзіі.

Навучанні аб веры св. Яна Хрызастома няхай таксама будуць нам добрай памяткай у нашай зямной пілігрымцы. Святы Ян Хрызастом казаў: «Называемся вернікамі не толькі таму, што верым, але і таму, што Бог даверыў нам таямніцы, якія нават анёлы не ведалі перад намі». Яшчэ ён гаварыў аб хрысціянах так: «Хрысціянін тым павінен адрознівацца ад няверуючых, што ўсё мужна будзе пераносіць, а ўзмоцнены надзеяй будучыні, будзе вышэй за ўсе навальніцы зямнога зла», «Сапраўдны хрысціянін лепей пазнаецца ў бядзе, чым у багацці». Ён дакараў таксама недасканаласці некаторых хрысціян такім параўнаннем: «Калі б хтосьці, хто знаходзіцца па-за хрысціянствам, азнаёміўся з запаведзямі хрысціян і прыгледзеўся да нядбайства нашага жыцця — хто ведае, ці не палічыў бы нас за найгоршых ворагаў Хрыста, таму што здараецца, што паводзім сябе так, як быццам бы хацелі ісці супраць Яго запаветаў». Няхай такія заўвагі вялікага святога будуць нам навукай, каб быць руплівым у здабыцці святасці. Такія пастановы выносім з сустрэчы падчас вялікасуботняй літургіі.


Адноўлена 30.03.2013 13:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі