67-я гадавіна з дня мучаніцкай смерці святароў у Лідзе |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
11.03.2010 15:59 |
З пачатку існавання хрысціянства вернікі аддавалі сваё жыццё за веру ў Хрыста. Касцёл нарадзіўся з крыві мучанікаў, якія за прыналежнасць да Хрыста зносілі цярпенні і жахлівую смерць. Мучанікі — гэта вельмі доўгі спіс вучняў Езуса Хрыста, якія ахвяравалі жыццё за веру. Яны прайшлі шлях ачышчэння, дабравольна прымаючы ўціск, прыгнёт і смерць, і як ахвяры пераследу не страцілі годнасці чалавека і хрысціяніна. «Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё, і выбеліў яго ў крыві Ягняці» (Ап 7, 14). Слуга Божы Ян Павел ІІ, абвяшчаючы булай Incarnationis mysterium Юбілейны 2000 год, напісаў: «На працягу двух тысячагоддзяў ад нараджэння Хрыста заўсёды прысутным было сведчанне мучанікаў. Таксама нашае стагоддзе, якое набліжаецца да заканчэння, дало вельмі шмат мучанікаў, якія зведалі смерць перш за ўсё як ахвяры нацызму і камунізму, а таксама расавай і племянной барацьбы. Людзі ўсіх слаёў грамадства цярпелі за веру, плацячы крывёю за прыналежнасць да Хрыста і Касцёла або адважна зносячы шматгадовыя турэмныя зняволенні і разнастайны прыгнёт, каб не паддацца ўціскам ідэалогіі, якая перарадзілася ў бязлітасную дыктатуру». ХХ стагоддзе можна залічыць да найбольш крывавых перыядаў гісторыі, які стаў эпохай, пазначанай масавымі атакамі на чалавечае жыццё. Дзве ідэалогіі — камуністычная і гітлераўская — скіравалі сваё вастрыё супраць хрысціянства. Ідэалогія варожых сістэм асабліва закранула дзяржавы былога Савецкага Саюза. Пераслед Касцёла ў часы Другой сусветнай вайны не абмінуў і Беларусі. На яе тэрыторыі знішчалася Божае права і асноўныя прынцыпы хрысціянскай этыкі. 1939–1945 гады — час гераічнага мучаніцтва беларускага народа ў вызнанні веры і гатоўнасці панесці прыгнёт за Хрыста. Гэты перыяд стаў для Касцёла ў Беларусі найбольш страшным часам у гісторыі выпрабавання, акупленым мільёнамі ахвяр і велізарнымі знішчэннямі як у матэрыяльнай, так і ў маральна-духоўнай сферы. 10 сакавіка 2010 г. у лідскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Слабада), што ў Гродзенскай дыяцэзіі, адбылася адметная ўрачыстасць. У гэты дзень жыхары Ліды разам з ксяндзамі Лідскага дэканату маліліся за 9 святароў, якія зведалі мучаніцкую смерць ад рук нацыстаў у часы Другой сусветнай вайны. Арышты ў Лідзе і ваколіцах у часы Другой сусветнай вайны трэба разглядаць як частку акцыі супраць палякаў, якая праходзіла па ініцыятыве галоўных органаў улады ў Берліне. Немцы, прыйшоўшы на гэтыя землі, спачатку ліквідавалі камуністаў, затым габрэяў і нарэшце распачалі чарговы этап тэрору — знішчэнне польскай інтэлігенцыі. 29 чэрвеня 1942 г. былі арыштаваны святары з парафіі ў Лідзе (Слабада): пробашч кс. Вінцэнт Лабан і вікарый кс. Люцыян Мрачкоўскі. Праз некалькі дзён быў арыштаваны кс. Стэфан Снягоцкі, вікарый лідскай фары. Акрамя гэтага, у турэмным зняволенні аказаліся і іншыя святары. Вырашэнне лёсу зняволеных адбылося ў Папяльцовую сераду 10 сакавіка 1943 года. Прыводжу фрагмент даклада на гэтую тэму ўрача з Ліды спадарыні Марыі Вісмант: «10 сакавіка жыхар суседняй вёскі накіраваўся ў Ліду. Калі быў у лесе непадалёку ад казармы, пачуў грукат грузавога аўтамабіля. Скочыў у кусты, якія раслі на ўскрайку лесу, молячыся, каб машына праехала і ні з кім не спаткацца. І вось дзіва! Аўтамабіль спыніўся і нават зусім недалёка. Спачатку выскачылі немцы, камендатура, а потым пачалі выходзіць святары. Апошнія ўкленчылі, адзін з іх устаў, маліўся і благаслаўляў зямлю і ксяндзоў, учыніў знак крыжа і сам. Далі каманду і прагучаў стрэл вінтоўкі. Чалавек так спалохаўся, што са страху прытуліўся да зямлі і думаў, як бы найхутчэй уцячы дадому. Гэтая вестка запэўніла нас, што ўсе святары загінулі... Былі пасланы мужчыны (на тое месца — Рэд.), якія знайшлі магілу». Адным з тых мужчынаў быў Мечыслаў Пуйдак, сакрыстыянін са Слабады, які ў сваім дакладзе пісаў так: «...Каля 17-й гадзіны над пясчанай ямай гестапаўцы забілі дзевяць святароў за тое, што тыя вучылі любіць Бога, бліжніх і Айчыну. Жывадзёры засыпалі яму і прытапталі ботамі, падкаванымі цвікамі. Праз некалькі дзён пасля забойства святароў я накіраваўся разам з магільшчыкам з парафіі ў Слабадзе Стэфанам Краўчынскім, каб знайсці месца пакарання ў лесе. Гэта быў пясчаны квадрат плошчай каля паўтара на паўтара метра. Побач былі дзве супольныя магілы 5 тысяч 670 жыхароў лідскага гета (габрэі), забітых гестапаўцамі ў канцы лютага або ў пачатку сакавіка 1943 г.». У хуткім часе пасля здзейсненага злачынства над святарамі парафіяне паклапаціліся аб тым, каб знайсці іх целы і пахаваць у вядомым месцы. Канчатковая эксгумацыя і перанясенне парэшткаў на старыя слабодскія могілкі адбылося толькі пасля 1960 года. Астанкі святароў былі складзены ў адну труну. «Толькі стулы былі як новыя», — расказваў спадар Юзаф Астроўскі з Дайнова. «Але калі дакраналіся да стулаў, яны рассыпаліся ў прах». На супольнай магіле святароў, мучанікаў гітлераўскай сістэмы, быў пастаўлены помнік, на якім пазначаны імёны 9 святароў-мучанікаў: кс. Вінцэнт Лабан і кс. Люцыян Мрачкоўскі, душпастыры Ліды і Слабады, кс. Стэфан Снегоцкі, вікарый лідскай фары, кс. Аляксандр Аўгустыновіч, пробашч у Нецечы, кс. Стэфан Дабравольскі, пробашч у Беліцы, кс. Альфонс Бароўскі, пробашч у Лацку, кс. Францішак Цыбульскі, пробашч у Трабах, кс. Ежы Ажароўскі, пробашч у Ліпнішках, кс. Вінцэнт Стшэснеўскі, пробашч у Юрацішках. Падчас наведвання могілак 10 сакавіка гг. адна з жанчын, якой ў 1943 г. было 13 год, апавядала, што гэта быў спакойны дзень, які нічым не адрозніваўся ад іншых. У яе памяці і ў вушах застаўся гук вінтовак, які далятаў да мястэчка. Жыхары тагачаснай Ліды і ваколіц ведалі, што ў той момант гублялі жыццё іх душпастыры. Памяць пра забітых святароў і сёння жыве ў Лідзе, няглядзячы на тое, што прайшло ўжо 67 год. Пра гэтую памяць сведчылі шматлікія вернікі і ксяндзы Лідскага дэканату, якія сабраліся на ранішняй Эўхарыстыі 10 сакавіка гг., што цэлебравалася ў інтэнцыі святароў-мучанікаў. Пра тое, што памяць пра іх працягвае жыць, сведчыць прысутнасць вернікаў на могілках і ў гадавіну іх расстрэлу, а таксама знічы і кветкі, пакінутыя на магіле забітых святароў. Дыякан Ежы Марціновіч |