22–24 лютага ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе адбыліся велікапосныя рэкалекцыі, якія правёў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Упершыню ў гісторыі гэтай парафіі рэкалекцыяністам стаў іерарх.
Дэкан Лідскі ксёндз прэлат Вінцэнт Лісоўскі ў размове з Сatholic.by адзначыў, што невыпадкова запрасіў біскупа Дзям’янку правесці духоўныя практыкаванні. Па словах святара, мэта Года веры — паглыбіць адносіны вернікаў з Богам, дапамагчы вярнуцца да першаснай любові да Бога і людзей, а ахоўваць веру, каб распальваць агонь там, дзе ён быў згашаны, — абавязак кожнага біскупа.
Падчас рэкалекцый іерарх паразважаў пра тое, чым сапраўды з’яўляецца вера ў Бога. Біскуп падкрэсліў, што вера засноўваецца на бязмежным даверы Богу, поўным адданні Яму, Яго мудрасці і міласэрнасці. Па словах рэкалекцыяніста, кожны, хто верыць, — моцны, адчувае трываласць і сілу.
«Будзем памятаць пра тое, што вера — ласка, якую мы атрымліваем ад Бога, дзейнасць Духа Святога, які робіць нас здольнымі прыняць праўды аб Богу, збаўленні і жыцці вечным. Аб веры належыць маліцца і дзякаваць за яе», — дадаў біскуп. Іерарх нагадаў, што для таго, каб вера была поўнай, неабходна выкананне запаведзяў, удзел у літургіі і малітва, а таксама — імкненне кожны дзень чыніць дабро ў сваім атачэнні.
Пінскі ардынарый заахвоціў вернікаў лідскай парафіі не толькі ў Вялікі пост, але і на працягу ўсяго жыцця старацца, каб вера ў Бога прыносіла шчодры плён, карысны як для іх саміх, так і для іншых людзей. «Быць веруючым у хрысціянстве азначае ўдзельнічаць у паўнаце супольнасці, — адзначыў рэкалекцыяніст. — Мы павінны дзяліцца верай з іншымі, паказваць ім нашу веру Сапраўдны давер Богу і жыццё ў паўнаце хрысціянства павінна быць для нас радасцю, якой дзелімся з тымі, хто навокал».
Напрыканцы парафіяне падзякавалі біскупу за прамоўленыя навучанні, супольную малітву, адарацыю і разважанне над Мукай Пана, а таксама паабяцалі клапаціцца пра тое, каб зерне Божага слова, якое было засеяна ў гэтыя дні ў іх сэрцах, прыносіла добры плён у постаці сапраўды хрысціянскага жыцця кожны дзень.
Кс. Юрый Марціновіч (AG)
|