Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мужнасць вызнавання веры кс. Барташэвіча ўзгадалі ў Жалудку
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.01.2011 13:09
13 студзеня 2011 г. у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Гродзенская дыяцэзія, Шчучанскі дэканат) адбылася святая Імша ў 20-ю гадавіну смерці кс. Пятра Барташэвіча. Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэлебраваў — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў асноўныя вехі з біяграфіі і пастырскага служэння кс. Барташэвіча. А пасля Імшы ўсе накіраваліся на парафіяльныя могілкі, каб памаліцца ля магілы святара.

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў у Віленскую семінарыю. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. з рук арцыбіскупа Ялбжыкоўскага прыняў у Вільні святарскія пасвячэнні.

Працаваў вікарыем спачатку ў Шумску, а потым у Вільні. У кастрычніку 1941 г. быў скіраваны на працу ў Зембін пад Мінскам, але не трапіў туды, таму што па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча застаўся пры парафіі ў Глыбокім. У 1943 г. быў пробашчам у Порплішчы, у 1946 г. — пробашчам у Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай Арміі, прымушае дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічае ў сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўлены на 5 гадоў грамадзянскіх праваў, страціў (была канфіскавана) маёмасць. Спачатку быў накіраваны ў аршанскую турму, адтуль — у лагер Старая Вятка ў Комі. Праз два гады — у лагер Чуна ў Сібіры.

1 мая 1955 г., пасля вызвалення, прыбыў у парафію Порплішча, дзе касцёл быў ужо зачынены. Святар накіраваўся ў Гродна да кс. дэкана Міхала Арановіча, які скіраваў святара ў Адэльск. Займаецца моладдзю, арганізоўвае пры касцёле спартыўныя спаборніцтвы.

У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў, што ўлада тлумачыла ўздзеяннем святара. Таму ксёндз Барташэвіч па распараджэнні ўладаў быў вымушаны пакінуць Адэльск і распачаць працу ў Жалудку.

Ксёндз Пётр Барташэвіч разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць Сясцёр Божай Маці Міласэрнасці. У 1990 г. атрымаў тытул прэлата.

Памёр у Жалудку 13 студзеня 1991 г.

Па матэрыялах сайта Гродзенскай дыяцэзіі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме