Парафія Св. Яна Хрысціцеля сустракала аўстрыйскага біскупа Людвіга Шварца SDB |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
01.02.2013 12:31 |
31 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўспамін св. Яна Боска. Асаблівым чынам святкуюць урачыстасць салезіяне, якія з’яўляюцца пераемнікамі традыцый Дона Боска. У гэты дзень мінская парафія Св. Яна Хрысціцеля вітала біскупа дыяцэзіі Лінц (Аўстрыя) Людвіга Шварца SDB, які належыць да таварыства айцоў салезіянаў і прыехаў у Беларусь, каб разам з парафіянамі правесці гэтае важнае для іх свята. Падчас святой Імшы, у якой удзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Людвіг Шварц SDB, падкрэслівалася роля моладзі ў жыцці Касцёла, прыпамінаючы словы благаслаўлёнага Яна Паўла II, які казаў: «Моладзь — гэта будучыня Касцёла». Падчас прывітання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы шчырай падзякі айцам салезіянам за іх руплівую працу і адкрытыя сэрцы. Мітрапаліт звярнуў увагу на постаць св. Яна Боска, адзначаючы, што гэты чалавек аддаваў усяго сябе сваім выхаванцам. Арцыпастыр прыгадаў гісторыю, звязаную з адным лістом, які св. Ян Боска накіраваў да сваіх выхаванцаў. У першым радку было напісана: «Вы — злодзеі! Вы скралі ў мяне сэрца!» Такім чынам, св. Ян Боска з’яўляецца прыкладам ахвярнасці ў служэнні людзям, асабліва маладым. |
Фотарэпартаж |