«Многія размаўляюць па-нямецку, на што мы зусім не спадзяваліся»: хроніка візіту ў Мінск аўстрыйскіх студэнтаў |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
18.02.2013 19:18 |
Група з 30-ці чалавек з каталіцкага аб’яднання студэнцкай моладзі Аўстрыі (КHJÖ) з культурным візітам адведала Мінск. На працягу тыдня (з 10 па 16 лютага) аўстрыйская моладзь знаёмілася з Мінскам, наведваючы рэлігійныя арганізацыі і сустракаючыся з хрысціянскай моладдзю беларускай сталіцы. Адмысловыя сустрэчы сярод іншага прайшлі ў архікатэдры і парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы. Частка І. Ідэя Тыднёвыя лютаўскія экскурсіі ва ўсходнія краіны Еўропы сталі ўжо традыцыяй для каталіцкага аб’яднання студэнцкай моладзі Аўстрыі (Die Katholische Hochschuljugend Österreichs — KHJÖ). Ідэя такіх «падарожжаў» узнікла каля дзесяці гадоў таму, і за гэты час моладзь з KHJÖ паспела пабываць ў сталіцах такіх краін, як Арменія, Турцыя, Украіна, Боснія і Герцагавіна, Албанія і Сербія. Чарговая паездка адбылася ў Мінск. «…Як будуць ісці, пляскаем у далоні і спяваем», — па-змоўніцку кіўнула дзяўчына ў капліцы Маці Божай Ружанцовай у Лошыце. Беларуская моладзь, папярэджаная пра візіт гасцей, спраўна чакала іх прыходу. Госці крыху спазняліся, таму дзяўчо выйшла паглядзець на двор. «Ідуць! І іх многа…», — ўсхвалявана абвясціла дзяўчына. Неўзабаве дзверы ў капліцу расчыніліся і адзін за адным пачалі ўваходзіць госці-замежнікі. Высокія і маленькія, з шапкамі і без, з заплечнікамі і сумкамі цераз плячо. Моладзь пляскала, а ў дзверы ўсё ішлі і ішлі людзі… Праз хвіліну капліца была амаль запоўненая. Здавалася, запомніць такую колькасць твараў і імёнаў падчас знаёмства будзе немагчыма: Фабіян, Эва, Алоіс, Марціна, Маркус, Лена, Бэнэдыкт, Андрэас, Томас, Дэвід, Аліна… «Нам цікава бачыць, як беларуская моладзь перажывае гэты час. Бо ў нас пост у Касцёле праходзіць крыху па-іншаму», — дзеліцца думкай старшыня каталіцкага аб'яднання студэнцкай моладзі Аўстрыі Фабіян Полесбёк. Частка ІІІ. Аўстрыйскія госці У адзін з апошніх дзён вандроўкі ў Мінск аўстрыйскіх гасцей на адзін вечар да сябе запрашала касцёльная моладзь. Студэнты з Аўстрыі такім чынам маглі паласавацца беларускай вячэрай і пагутарыць з беларусамі ў іх дома. Частка ІV. Эпілог Фабіян Полесбёк, старшыня каталіцкага аб'яднання студэнцкай моладзі Аўстрыі: — Наша арганізацыя — аб’яднанне вялікай колькасці студэнтаў-католікаў у такіх гарадах, як Вена, Лінц, Грац, Зальцбург і Леобен. Адна з буйнейшых арганізацый свецкіх у Аўстрыі. На працягу года мы праводзім розныя мерапрыемствы для моладзі (сумесныя малітвы, пілігрымкі), і гэтая паездка адна з такіх акцый. Мая пасада — выбарчая, раз на год мы збіраемся разам на агульны сход, дзе і выбіраем прэзідыум на наступныя 12 месяцаў. Акрамя старшыні ёсць таксама намеснік, рэферэнт па фінансах, рэферэнт па замежжы, а таксама духоўны асістэнт. Беларусь я запомню найперш як краіну са шчырымі і гасціннымі людзьмі. А яшчэ ў вас вясёлая і актыўная моладзь! — Я ўпершыню наведала Мінск. Зрэшты, гэта і мой першы выезд на ўсход, прынамсі як і для большасці людзей з нашай групы. Чаму менавіта Мінск? Шчыра кажучы, шмат хто з нашых хоць раз ды быў у такіх месцах, як Парыж, Італія, Англія або ЗША ці Азія. Але мала хто з нас быў на ўсходзе Еўропы, у нас гэта не так распаўсюджана. У мяне шмат уражанняў. Усход нашмат большы, чым Захад. Вельмі цікава мне было пазнаёміцца з горадам, яго архітэктурай і святынямі. У Вене шмат праваслаўных цэркваў, хоць сама Аўстрыя збольшага краіна каталіцкая. Я дастаткова моцна ўражаная тым, наколькі сардэчныя і прыветныя ў вас людзі. Многія размаўляюць па-нямецку, на што мы зусім не спадзяваліся. Мінск запомніцца мне вялікай колькасцю новабудаў, што не характэрна для нас — у Аўстрыі большасць будынкаў вельмі старыя ды і плошчы не настолькі вялізныя. Якраз шырокімі вуліцамі і вялікімі плошчамі Мінск і здзівіў. Такія велізарныя плошчы я яшчэ нідзе не сустракала... — Я вывучаю тэалогію ва ўніверсітэце Вены, спяваю ў хоры. Калі даведаўся пра тое, што будзе арганізавана паездка ў Беларусь, то адразу запісаўся. Мае бацькі выраслі ў часы ГДР. Мне цікава было наведаць Беларусь, паглядзець, наколькі тут развіта рэлігійнае жыццё. Бо з тых часоў, як разваліўся камуністычны Саюз, мінула толькі два дзесяцігоддзі. Гэта было маёй асноўнай матывацыяй. І было прыемна бачыць гэты патэнцыял ва ўзрастанні веры, які ёсць у Беларусі. Як мы пабачылі на набажэнствах, людзі ў вас вельмі прыветныя, маюць глыбокія рэлігійныя пачуцці. Мяркую, рэлігійнасць у Беларусі развіваецца сёння больш імкліва, чым у Аўстрыі і Германіі. Як будучы святар я заўважыў, што акрамя вельмі рэлігійных людзей у Мінску, зрэшты як і ў Аўстрыі і Германіі, хапае таксама і тых, хто быў ахрышчаны, але сваю веру не практыкуе. Аднак даверымся Богу і будзем верыць, што людзі знойдуць шлях да Хрыста. кс. Маркус Шлагнітвайт, духоўны кіраўнік аб’яднання студэнцкай моладзі Аўстрыі: — Быць духоўным кіраўніком такой групы, як наша, мне зусім не складана. Гэта амбіцыйныя, заангажаваныя маладыя людзі, таму працаваць з імі мне вельмі цікава. Нашмат складаней, відаць, было б з тымі, хто не з’яўляюцца практыкуючым хрысціянінам. Што да маёй пасады, то з каталіцкім аб’яднаннем студэнцкай моладзі Аўстрыі я працую ўжо апошнія дваццаць гадоў — і мне ніколі не было сумна (усміхаецца — Аўт.). Я вырас у сям’і, дзе быў вельмі моцны касцёльны ўхіл. Для мяне было
важна жыць не для сябе, а для іншых. Аднак спачатку я нават не думаў
пра святарства. Падчас альтэрнатыўнай службы я працаваў у касцёле, дзе
дапамагаў нашаму святару, у так званым Душпастырскім цэнтры… З цягам
часу я пераасэнсаваў сваё пакліканне і прысвяціў жыццё служэнню Богу. І я
ўдзячны Хрысту за тую магчымасць, якую Ён мне дае, — працу з моладдзю. Вядома, характары моладзі з часамі змяняюцца. У часы маёй маладосці (1970-80-я гг.) мы былі больш заангажаванымі ў палітычным і рэлігійным жыцці, усведамлялі, што можам змяніць рэчаіснасць вакол нас. У той час паўставаў такі рух, як ахова навакольнага асяроддзя (я нават збіраўся быць біяфермерам) і мы былі актыўныя ў ім. Сёння ўсё часцей я бачу, што сітуацыя з Касцёлам у Аўстрыі пад уплывам секулярызацыі змяняецца. Мінск я запомню як горад з цудоўнымі людзьмі. У вас прыемная моладзь, якой я жадаю Божай апекі і духоўнага ўзрастання! PS. Узгадваючы пра мінулагоднія вандроўкі, кс. Маркус з усмешкай расказаў цікавы выпадак пра маладую пару — аўстрыйца і ўкраінку — якія пазнаёміліся падчас наведвання гасцямі Украіны. Так і сябруюць да сёння. Як будучыя сужонкі. Ілья Лапато OCDS. |
Фотарэпартаж |